Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Папа Францішак: мір патрабуе сілы пакоры, праўды і любові
Слова Папы
01.01.2014 17:43

У гэты першы дзень года няхай Пан нам усім дапаможа крочыць з большай рашучасцю па шляху справядлівасці і міру, патрабуючага моцы пакоры, негвалтоўнай сілы праўды і любові, – з такімі словамі Папа Францішак звярнуўся да вернікаў перад малітвай “Анёл Панскі” 1 студзеня, ва ўрачыстасць святой Багародзіцы Марыі і Сусветны дзень міру.

“На пачатку новага года скіроўваю да ўсіх вас самыя сардэчныя пажаданні міру і ўсякага дабра, - сказаў Пантыфік. - Маё пажаданне – гэта пажаданне Касцёла, яно хрысціянскае! Яно не звязана з крыху магічным і крыху фаталічным уяўленнем пра новы цыкл, які пачынаецца. Мы ведаем, што гісторыя мае адзін цэнтр: Езуса Хрыста, уцелаўлёнага, памерлага і ўваскрослага, які жыве сярод нас; мае канец: Валадарства Божае, Валадарства спакою, справядлівасці, свабоды ў любові; і мае сілу, якая яе рухае да гэтай мэты: Святога Духа. Усе мы маем Святога Духа, якога атрымалі падчас хросту, і Ён нас падштурхоўвае ісці наперад у хрысціянскім жыцці, па шляху гісторыі, да Валадарства Божага.

Гэты Дух – гэта сіла любові, якая зрабіла плённым улонне Панны Марыі; і Ён жа натхняе планы і дзеі ўсіх будаўнікоў супакою. Дзе ёсць мужчына ці жанчына, якія будуюць спакой, там Святы Дух ім дапамагае, падштурхоўвае чыніць спакой. Два шляхі скрыжоўваюцца тут сёння, урачыстасць святой Багародзіцы Марыі і Сусветны дзень міру. Восем дзён таму загучала анёльскае абвяшчэнне: “Хвала Богу, а спакой людзям”; сёння мы нанова прымаем яго ад Маці Езуса, якая “захоўвала гэтыя словы, разважаючы ў сэрцы сваім” (Лк 2, 19), каб зрабіць яго нашым заданнем у годзе, які адкрываецца.

Тэма Сусветнага дня міру - “Братэрства – аснова міру і шлях да яго”. Следам за маімі папярэднікамі, пачынаючы ад Паўла VI, я развіў тэму ў пасланні, ужо распаўсюджаным і якое сёння непасрэдна перадаю ўсім. У яго аснове ляжыць перакананасць, што ўсе мы з’яўляемся дзецьмі адзінага нябеснага Айца, з’яўляемся часткай адной сям’і і падзяляем адзіны лёс. Адсюль для кожнага паходзіць абавязак дзейнічаць, каб свет станавіўся супольнасцю братоў, якія паважаюць адзін аднаго, прымаюць са сваімі адметнасцямі і клапоцяцца адзін пра аднаго. Мы таксама пакліканы ўсведамляць, што насілле і несправядлівасць існуюць у розных частках свету і не могуць пакінуць нас абыякавымі і пасіўнымі: ёсць патрэба ў дзейнасці ўсіх на карысць пабудовы грамадства па-сапраўднаму больш справядлівага і салідарнага.

Учора я атрымаў ліст ад аднаго спадара, магчыма, аднаго з вас, які, знаёмячы мяне з сямейнай трагедыяй, пералічыў шматлікія сучасныя трагедыі і войны ў свеце, а затым спытаў: што здараецца ў сэрцы чалавека, што прымушае чыніць усё гэта? Напрыканцы ён сказаў: “Зараз час спыніцца”. Таксама і я думаю, што трэба спыніцца ісці па шляху насілля і шукаць міру. Браты і сёстры, я далучаюся да яго словаў: што здараецца ў сэрцы чалавека? Што здараецца ў сэрцы чалавецтва? Зараз час спыніцца!

З кожнага кутку зямлі сёння веруючыя ўзносяць малітву, просячы Пана аб дары міру і здольнасці несці яго ва ўсе асяродкі. У гэты першы дзень года няхай Пан нам усім дапаможа крочыць з большай рашучасцю па шляху справядлівасці і міру; пачнем з дома, справядлівасці і спакою дома, паміж намі. Пачынаецца з дома і потым развіваецца на ўсё чалавецтва. Але трэба пачаць з дома. Святы Дух няхай дзейнічае ў сэрцах, знішчае закрытасць і цвёрдасць, і дапаможа нам змякчыцца перад слабасцю Дзіцятка Езуса. Мір, сапраўды, патрабуе сілы пакоры, негвалтоўнай моцы праўды і любові.

У рукі Марыі, Маці Адкупіцеля, пакладзем з сыноўскім даверам нашы надзеі. Ёй, чыё мацярынства распаўсюджваецца на ўсіх людзей, даверым вокліч аб міры народаў, прыгнечаных вайной і насіллем, каб адвага дыялогу і прымірэння пераважыла над спакусамі помсты, дамінавання і карупцыі. У яе папросім, каб Евангелле братэрства, абвешчанае і засведчанае Касцёлам, магло прамаўляць ва ўсіх сумленнях і разбураць муры, якія перашкаджаюць ворагам прызнаць у сабе братоў”.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё

(AG)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.