Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Папа Францішак: Марыя вучыць нас пражываць шлях да Божага Нараджэння ў чаканні Пана
Слова Папы
08.12.2013 16:30

Мы былі выбраны Богам, каб жыць святым жыццём, свабодным ад граху, нагадаў Папа Францішак перад малітвай “Анёл Панскі” 8 снежня. Пантыфік заклікаў углядацца ў прыклад Найсвяцейшай Панны Марыі, “нашай Беззаганай і прыгожай Маці”, такім чынам распазнаючы “наш самы сапраўды лёс, самае глыбокае пакліканне: быць святымі і перамененымі любоўю”.

“З вялікай радасцю Касцёл сузірае “поўную ласкі”, - сказаў Святы Айцец. - І такой Бог Яе бачыў з першых момантаў свайго плана любові. Бачыў Яе прыгожай, поўнай ласкі! Наша Маці прыгожая! Марыя падтрымлівае наш шлях да Божага Нараджэння, таму што вучыць нас пражываць гэты час у чаканні Пана. Адвэнт з’яўляецца часам чакання Пана, які, падчас святаў, наведае кожнага ў сэрцы. Пан надыходзіць! Будзем чакаць Яго!”

Каментуючы чытанне Евангелля на гэты дзень, Папа адзначыў, што яно знаёміць з Марыяй, “дзяўчынай з Назарэта, маленькага мястэчка ў Галілеі, на перыферыі Рымскай імперыі, а таксама на перыферыі Ізраэля”. “Нягледзячы на гэта, менавіта на Яе, на дзяўчыну з далёкага мястэчка, паглядзеў Пан, і выбраў у якасці маці для свайго Сына. Дзеля гэтага мацярынства Марыя была захавана ад першароднага граху, гэта значыць ад разрыву еднасці з Богам, з іншымі і са стварэннем, які глыбока раніць кожнага чалавека. Гэты разрыў быў папярэдне выпраўлены ў Маці Таго, хто прыйшоў вызваліць нас з рабства граху. Беззаганная запісана ў план Божы; Яна з’яўляецца плёнам любові Бога, які збавіў свет.

Маці Божая ніколі не аддалялася ад гэтай любові: усё Яе жыццё, усё Яе існаванне было “так” гэтай любові, “так” Богу. Гэта, канешне, не было лёгка для Яе! Калі анёл назваў Яе “поўнай ласкі” (Лк 1, 28), Яна “збянтэжылася”, таму што ў сваёй пакоры лічыла сябе нічым перад Богам. Анёл Яе суцешыў: “Не бойся, Марыя, бо знайшла Ты ласку ў Пана. Вось зачнеш ... Сына і дасі Яму імя Езус” (Лк 1,30). Гэтае абвяшчэнне яшчэ больш узрушыла Яе, бо Яна не была яшчэ замужам за Юзафам; але анёл дадаў: “Дух Святы сыдзе на Цябе ... Таму і Святое, што народзіцца, будзе названа Сынам Божым” (Лк 1,35). Марыя выслухала, унутрана падпарадкавалася і адказала: “Вось Я, слуга Пана. Няхай Мне станецца паводле твайго слова” (Лк 1,38).

Таямніца гэтай дзяўчыны з Назарэта, якая знаходзілася ў сэрцы Божым, нам не чужая. Яна не на вышыні, а мы ў нізе! Не, мы злучаны! У рэальнасці Бог з любоўю глядзіць на кожнага чалавека! З імем і прозвішчам. Яго погляд любові на кожным з нас. Апостал Павел сцвярджаў, што Бог “выбраў нас перад стварэннем свету, каб мы былі святымі і беззаганнымі перад Ім у любові” (Эф 1,4). Таксама і мы спрадвеку былі выбранымі Богам, каб жыць святым жыццём, свабодным ад граху. Гэта план любові, які Бог абнаўляе кожны раз, калі мы набліжаемся да Яго, асабліва ў сакрамэнтах.

Таму, у гэтую ўрачыстасць, сузіраючы нашу Беззаганую і прыгожую Маці, распазнаем наш самы сапраўдны лёс, самае глыбокае пакліканне: быць святымі, перамененымі любоўю, перамененымі прыгажосцю Бога. Будзем глядзець на Яе, нашу Маці, і дазволім Ёй глядзець на нас, таму што Яна наша Маці і нас вельмі любіць. Будзем вучыцца ад Яе быць пакорнымі, а таксама адважнымі ў наследванні Божага Слова; каб прыняць пяштотныя абдымкі Яе Сына Езуса, абдымкі, якія даюць жыццё, надзею і супакой”, - сказаў Святы Айцец.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё

(AG)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.