Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Абвешчана пасланне Святога Айца на Сусветны дзень хворага
Слова Папы
03.12.2009 19:21

3 снежня 2009 г. у Апостальскай Сталіцы было абвешчана традыцыйнае пасланне Святога Айца Бэнэдыкта XVI на Сусветны дзень хворага, які штогод адзначаецца 11 лютага. Варта адзначыць, што 11 лютага 2010 г. святкуецца і 25-гадовы юбілей з часу заснавання ў Ватыкане душпастырскіх структур аховы здароўя.

У пасланні Пантыфік працытаваў апостальскі ліст папы Яна Паўла ІІ «Salvifici doloris», дзе падкрэсліваецца, што «чалавечае цярпенне дасягнула свайго зеніту ў пакуце Хрыста». У той жа час гэтае цярпенне перайшло ў цалкам новае вымярэнне: яно набыло сувязь з любоўю, якая чыніць дабро нават са зла, падобна таму, як найвышэйшае дабро адкуплення свету выйшла з Хрыстовага крыжа. Такім чынам, як падкрэсліваецца ў апостальскім лісце, крыж стаў крыніцай, з якой б’юць струмяні жывой вады.

«У гісторыка-культурнай рэальнасці сённяшняга свету важнай з’яўляецца прысутнасць Касцёла як разам з хворымі, так і з усім грамадствам», — адзначаецца ў пасланні Бэнэдыкта XVI. Выразам клопату Касцёла аб служэнні здароўю стала стварэнне ў 1988 г. Папскай рады пастырства работнікаў сферы аховы здароўя. У гэтым кантэксце з нагоды гадавіны заснавання Рады Святы Айцец падкрэсліў, наколькі важна ў наш час «перадаваць евангельскія каштоўнасці ў абароне чалавечага жыцця ва ўсіх яго фазах, ад пачатку да натуральнай смерці». Таксама Пантыфік выказаў падзяку ў пасланні ўсім тым, хто нясе штодзённую службу хворым і церпячым. «У гэты Год святарства мае думкі скіроўваюцца да вас, дарагія святары, якія з’яўляецеся знакам і прыладаю спачування Хрыстовага, — такімі былі словы, з якімі Папа звярнуўся да святароў. — Заахвочваю вас да таго, каб вы не пераставалі несці апеку ўсім тым, хто ў цярпенні». Акрамя гэтага, Пантыфік звярнуўся да хворых, просячы, каб яны маліліся і ахвяравалі сваё цярпенне за святароў, што дапаможа душпастырам заставацца вернымі свайму пакліканню.

Папская рада пастырства работнікаў сферы аховы здароўя была створана ў выніку рэформы Рымскай курыі, якую правёў папа Ян Павел ІІ у 1988 г. Да гэтага існавала Камісія пастырства сферы аховы здароўя, створаная 11 лютага 1985 г.

Сусветны дзень хворага ўстанавіў Ян Павел ІІ, і ўпершыню ён адзначаўся 11 лютага 1993 г. Галоўныя мерапрыемствы з нагоды Сусветнага дня хворага праводзіліся ў санктуарыях Маці Божай у розных краінах свету.

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.