Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Біскуп Юзаф Станеўскі
09.01.2014 12:48

Дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі

Нарадзіўся 4 красавіка 1969 года ў вёсцы Заневічы недалёка ад Гродна ў сям'і Рамуальда і Гэлены Станеўскіх. Пасля заканчэння сярэдняй школы ў Луцкаўлянах у 1986 годзе атрымаў атэстат аб сярэдняй адукацыі. У тым жа годзе пачаў вучобу ў ваенна-тэхнічнай школе, пасля заканчэння якой у 1987-1989 гадах служыў у войску.

У 1990 г. як адзін з першых кандыдатаў быў залічаны на вучобу ў заснаваную ў тым жа годзе біскупам Тадэвушам Кандрусевічам Вышэйшую духоўную семінарыю ў Гродне. Дыяканскае пасвячэнне атрымаў 8 снежня 1994 года, а прэзбітэрскае  –  17 чэрвеня 1995 года з рук біскупа Гродзенскага Аляксандра Кашкевіча. Быў накіраваны на душпастарскую працу ў парафію Св. Вацлава ў  Ваўкавыск, дзе ў 1995-1996 гадах  выконваў абавязкі вікарыя.

У 1996-1999 гадах спецыялізаваўся ў галіне кананічнага права ў Люблінскім каталіцкім універсітэце ў Польшчы, дзе атрымаў ступень магістра кананічнага права, абараніўшы працу на тэму “Працэсуальныя правы бакоў у выпадку скасавання шлюбу”.

У 1999 годзе быў прызначаны прэфектам і выкладчыкам Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне.

З 2000 года з'яўляўся суддзёй біскупскага суда ў Гродне, а з красавіка 2005 года – віцэ-афіцыялам гэтага суда.

З 2001 года з’яўляўся членам Святарскай рады Гродзенскай дыяцэзіі.

У 2004-2005 навучальным годзе чытаў лекцыі ў галіне кананічнага права на курчах катэхетаў у Гродне.

З 23 чэрвеня 2005 года з'яўляўся рэктарам Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне.

У 2007-2013 гадах быў адказным за душпастырскую фармацыю маладых святароў у Гродзенскай дыяцэзіі.

У 2008 годзе быў залічаны да Калегіі кансультантаў Гродзенскай дыяцэзіі. З 2009 года з’яўляўся каардынатарам душпастырства пакліканняў.

12 сакавіка 2012 года Папа Бэнэдыкт XVI прызначыў ксяндза Юзафа Станеўскага капеланам Яго Святасці.

29 лістапада 2013 года Папа Францішак прызначыў ксяндза прэлата Юзафа Станеўскага дапаможным біскупам Гродзенскай дыяцэзіі з прысваеннем звання тытулярнага біскупа дыяцэзіі Tabaicara. 1 лютага атрымаў біскупскае пасвячэнне.

3 чэрвеня 2015 г. Канферэнцыя Каталіцкіх Біскупаў Беларусі абрала біскупа Юзафа Станеўскага сваім Генеральным сакратаром.

Адноўлена 29.10.2015 16:02
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.