Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Біскуп Казiмiр Велікаселец

Дапаможны бiскуп Пінскай дыяцэзіі

Біскуп Казімір Велікаселец нарадзіўся 5 мая 1945 г. у в. Стараволя Пружанскага раёна. Бліжэйшы касцёл, які дзейнічаў, быў у Кобрыне. І, напэўна, яшчэ тады, калі бацька вазіў яго на ровары за дзесяткі кіламетраў у гэты касцёл, нарадзілася яго глыбокая вера.

Нягледзячы на атэістычнае процістаянне, гэтая вера развівалася, дапамагала выстаяць падчас службы ў войску, дапамагла і падчас цяжкай працы на будоўлі ў Вільні. У Вільні ён і пазнаёміўся з айцамі-дамініканамі, з якімі пазней звязаў свой святарскі лёс.

Але, відаць, аднаго паклікання было недастаткова. Бог выпрабоўваў яго намер яшчэ некалькі гадоў. Тры гады ўлады не давалі дазволу на паступленне ў Рыжскую семінарыю, але будучы біскуп не марнаваў часу: разам з цяперашнім біскупам Антоніем Дзям'янкам нелегальна вучыўся ў доктара тэалогіі ксяндза В. Пянткоўскага (парафія Мядзведзічы).

У 1981 г. Казімір Велікаселец быў прыняты ў Рыжскую семінарыю. Падчас вучобы ў семінарыі  склаў першыя законныя шлюбы ў манаскі ордэн айцоў-дамініканаў. Пасля заканчэння Рыжскай семінарыі (1984 г.) ва ўрачыстасць Святой Тройцы атрымаў сакрамэнт святарства з рук кардынала Ю. Вайвадса і прызначэнне ў сваю першую парафію Святой Тройцы ў Ішкалдзі. Пад духоўнай апекай а. Казіміра былі таксама Юшкавічы, Гарадзішча, Сталавічы, Паланечка, Новы Свержань, Гарадзея, Карэлічы, Мір, Ганцавічы, бо ў той час святароў катастрафічна не хапала і кожны з іх абслугоўваў многія адлеглыя парафіі. Акрамя душпастырскага служэння а. Казімір займаўся адбудоваю і рамонтам святыняў.

У 1992 г. ён быў прызначаны Генеральным вікарыем для Пінскай дыяцэзіі, адначасова выконваў абавязкі дэкана Баранавіцкага дэканата і пробашча касцёла Узвышэння Святога Крыжа ў Баранавічах.

24 чэрвеня 1999 г. у пінскай катэдры адбылася ўрачыстая кансэкрацыя Яго Эксцэленцыі біскупа Казіміра Велікасельца, здзейсніў якую кардынал Казімір Свёнтэк.

Адноўлена 24.09.2009 12:24
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.