Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
ЧАСТКА ПЕРШАЯ - ВЫЗНАННЕ ВЕРЫ
Раздзел першы: «Веру» — «Верым»

Глава першая: ЧАЛАВЕК — «СВЯТЫНЯ» БОГА
Глава другая: БОГ ВЫХОДЗIЦЬ НАСУСТРАЧ ЧАЛАВЕКУ
Божае Аб’яўленне
Перадаванне Божага Аб’яўлення
Святое Пісанне
Глава трэцяя: ЧАЛАВЕК АДКАЗВАЕ БОГУ
Веру
Верым
Раздзел другі: Вызнанне хрысціянскай веры

Веру: Апостальскі сімвал веры і Нікейска-Канстанцінопальскі сімвал веры

Глава першая: ВЕРУ Ў БОГА АЙЦА
Сімвалы веры
«Веру ў Бога, Айца ўсемагутнага, Стварыцеля неба і зямлі»
Неба і зямля
Чалавек
Упадак
Глава другая: ВЕРУ Ў ЕЗУСА ХРЫСТА, СЫНА БОЖАГА АДЗIНАРОДНАГА
«І ў Езуса Хрыста, Сына Яго адзінага, Пана нашага»
«Езус Хрыстус быў зачаты ад Духа Святога, нарадзіўся з Дзевы Марыі»
«Езус Хрыстус замучаны пры Понцкім Пілаце, укрыжаваны, памёр і быў пахаваны»
«Езус Хрыстус зышоў да адхлані, на трэці дзень уваскрос з памерлых»
«Езус узышоў на неба, сядзіць праваруч Бога Айца ўсемагутнага»
«Адтуль прыйдзе судзіць жывых і памерлых»

Глава трэцяя: ВЕРУ Ў ДУХА СВЯТОГА
«Веру ў Духа Святога»
«Веру ў святы Касцёл каталіцкі»
Касцёл у Божым намеры
Касцёл: Божы народ, цела Хрыста, святыня Духа Святога
Касцёл ёсць адзіны, святы, каталіцкі і апостальскі
Вернікі: іерархія, свецкія, кансэкраванае жыццё
Веру ў еднасць святых
Марыя — Маці Хрыста, Маці Касцёла
«Веру ў адпушчэнне грахоў»
«Веру ва ўваскрашэнне цела»
«Веру ў жыццё вечнае»
«Амэн»

ЧАСТКА ПЕРШАЯ

ВЫЗНАННЕ ВЕРЫ

РАЗДЗЕЛ ПЕРШЫ
«ВЕРУ» — «ВЕРЫМ»

1. Які Божы намер адносна чалавека?
1-25
Бог, бясконца дасканалы і благаслаўлёны ў самім сабе, намерам чыстай дабрыні і свабодна стварыў чалавека, каб зрабіць яго ўдзельнікам свайго благаслаўлёнага жыцця. У поўні часу Бог Айцец паслаў свайго Сына як Адкупіцеля і Збаўцу людзей, якія ўпалі ў грэх, каб сабраць іх у сваім Касцёле і праз дзеянне Духа Святога зрабіць зноў сваімі дзецьмі і спадкаемцамі свайго вечнага шчасця.


ГЛАВА ПЕРШАЯ
ЧАЛАВЕК — «СВЯТЫНЯ» БОГА

30
«Вялікі Ты, Пане, і годны хвалы […]. Ты нас стварыў для сябе, і неспакойнае сэрца нашае, пакуль не знойдзе спакой у Табе» (св. Аўгустын).

2. Чаму ў чалавеку ёсць прагненне Бога?
27-30
44-45
Бог, ствараючы чалавека паводле свайго падабенства, уклаў у ягонае сэрца прагненне бачыць Яго. І, нягледзячы на тое, што гэтае прагненне часта ігнаруецца, Бог не перастае прыцягваць чалавека да сябе дзеля таго, каб ён жыў у Ім і ў Ім знаходзіў паўнату праўды і шчасця, якую няспынна шукае. Па сваёй натуры і згодна з пакліканнем чалавек — рэлігійная істота, здольная ўвайсці ў супольнасць з Богам. Гэтая асабістая і жыццёвая сувязь з Богам адкрывае чалавеку яго фундаментальную годнасць.

3. Як можна пазнаць Бога пры дапамозе толькі святла розуму?
31-36
46-47
Пачынаючы ад стварэння, а менавіта, свету і чалавечай асобы, чалавек можа з упэўненасцю, пры дапамозе толькі розуму, пазнаваць Бога як пачатак і канец сусвету і як найвышэйшую дабрыню, праўду і бясконцую прыгажосць.

4. Ці дастаткова толькі святла розуму, каб пазнаць Божую таямніцу?
37-38
Пазнаючы Бога толькі святлом розуму, чалавек сутыкаецца са шматлікімі цяжкасцямі. Акрамя таго, ён не можа ўласнымі сіламі спасцігнуць сутнасць Божай таямніцы. Таму Бог захацеў праліць святло свайго Аб’яўлення не толькі на праўды, якія пераўзыходзяць чалавечае разуменне, але таксама на рэлігійныя і маральныя праўды, якія, хоць самі па сабе даступныя розуму, праз гэта могуць з лёгкасцю быць пазнаныя ўсімі, з большай упэўненасцю і беспамылкова.

5. Як можна гаварыць пра Бога?
39-43
48-49
Пра Бога можна гаварыць усім і з усімі, зыходзячы з дасканаласці чалавека і іншых стварэнняў, якая з’яўляецца адлюстраваннем, хоць і абмежаваным, бясконцай дасканаласці Бога. Тым не менш, неабходна няспынна ачышчаць нашую мову ад усяго ўяўнага і недасканалага, добра ўсведамляючы, што немагчыма цалкам выказаць бясконцую Божую таямніцу.


ГЛАВА ДРУГАЯ
БОГ ВЫХОДЗІЦЬ НАСУСТРАЧ ЧАЛАВЕКУ

БОЖАЕ АБ’ЯЎЛЕННЕ 

6. Што Бог аб’яўляе чалавеку?
50-53
68-69
Бог у сваёй дабрыні і мудрасці аб’яўляецца чалавеку. Праз чыны і словы аб’яўляе сябе самога і свой добразычлівы намер, які адвеку заклаў у Хрысце на карысць чалавецтва. Гэты намер заключаецца ў тым, каб праз ласку Духа Святога даць у Яго адзіным Сыне магчымасць удзельнічаць у Божым жыцці ўсім людзям, якія з’яўляюцца Яго ўсыноўленымі дзецьмі.

7. Якія першыя этапы Божага Аб’яўлення?
54-58
70-71
Напачатку Бог аб’явіўся прабацькам, Адаму і Еве, і запрасіў іх да глыбокай еднасці з Ім. Пасля іх упадку Ён не спыняе свайго Аб’яўлення і абяцае збаўленне ўсім іхнім нашчадкам. Пасля патопу Бог заключае запавет з Ноем і ўсімі жывымі істотамі.

8. Якія наступныя этапы Божага Аб’яўлення?
59-64
72
Бог выбірае Абрагама, заклікаючы яго пакінуць свой край, каб зрабіць яго «айцом мноства народаў» (Быц 17, 5), і абяцаючы благаславіць у ім «усе народы зямлі» (Быц 12, 3). Нашчадкі Абрагама будуць захавальнікамі Божага абяцання, дадзенага патрыярхам. Бог робіць Ізраэль сваім выбраным народам і, вызваляючы яго з егіпецкай няволі, заключае з ім запавет на гары Сінай, і дае яму праз Майсея свой Закон. Прарокі прадказваюць поўнае адкупленне народу і збаўленне, якое ахопіць усе народы ў новым і вечным запавеце. З народу Ізраэля, з роду караля Давіда народзіцца Месія: Езус.

9. Якім ёсць поўны і канчатковы этап Божага Аб’яўлення?
65-66
73
Гэта этап Аб’яўлення, здзейснены ва ўцелаўлёным Слове, Езусе Хрысце, Пасрэдніку і Паўнаце Аб’яўлення. Хрыстус, Адзінародны Сын Божы, які стаўся чалавекам, ёсць дасканалым і канчатковым Словам Айца. З пасланнем Сына і дарам Духа Святога Аб’яўленне ўрэшце было канчаткова завершана, але на працягу вякоў вера Касцёла павінна паступова спасцігаць яго сутнасць.

«Ад моманту, калі Бог даў нам свайго Сына, які з’яўляецца Яго адзіным і канчатковым Словам, Ён усё сказаў адразу ў гэтым адным сваім Слове і не мае больш нічога сказаць» (св. Ян ад Крыжа).


10. Якое значэнне маюць прыватныя аб’яўленні?
67
Не з’яўляючыся дэпазітам веры, яны могуць дапамагаць жыць верай пры ўмове, што іх адзіным арыентырам ёсць Хрыстус. Таму Настаўніцкі Інстытут Касцёла, які павінен распазнаваць такія прыватныя аб’яўленні, не можа прымаць тыя, якія прэтэндуюць пераўзысці або выправіць канчатковае Аб’яўленне, якім ёсць Хрыстус.


ПЕРАДАВАННЕ БОЖАГА АБ’ЯЎЛЕННЯ 

11. Чаму і якім чынам перадаецца Божае Аб’яўленне?
74
Бог «хоча, каб усе людзі былі збаўлены і дайшлі да пазнання праўды» (1 Цім 2, 4) — Езуса Хрыста. Таму неабходна, каб Хрыстус быў абвешчаны ўсім людзям, паводле свайго ж наказу: «Ідзіце і навучайце ўсе народы» (Мц 28, 19). Гэты наказ ажыццяўляецца праз Апостальскую Традыцыю.

12. Што такое Апостальская Традыцыя?
75-79
83
96, 98
Апостальскай Традыцыяй называецца перадаванне паслання Хрыста, якое адбываецца ад пачатку хрысціянства праз прапаведванне, сведчанне, інстытуцыі, культ і натхнёныя тэксты. Апосталы пераказалі сваім паслядоўнікам — біскупам, а праз іх усім пакаленням аж да сканчэння вякоў усё, што атрымалі ад Хрыста і чаму навучыліся ад Духа Святога.

13. Якім чынам ажыццяўляецца Апостальская Традыцыя?
76
Апостальская Традыцыя ажыццяўляецца двума шляхамі: жывым перадаваннем Божага слова (звычайна званым Традыцыяй) і праз Святое Пісанне, якое з’яўляецца такім жа абвяшчэннем збаўлення, замацаваным у пісьмовай форме.

14. Якая сувязь існуе паміж Традыцыяй і Святым Пісаннем?
80-82
97
Традыцыя і Святое Пісанне цесна ўзаемазвязаны паміж сабой. Разам яны робяць прысутнай і жыватворчай у Касцёле таямніцу Хрыста і зыходзяць з адзінай Божай крыніцы: яны ствараюць адзіны святы дэпазіт веры, з якога Касцёл чэрпае сваю ўпэўненасць адносна ўсіх аб’яўленых праўдаў.

15. Каму даручаны дэпазіт веры?
84, 91
94, 99
Дэпазіт веры даручаны праз Апосталаў усёй супольнасці Касцёла. Увесь Божы народ са звышпрыродным пачуццём веры праз падтрымку Духа Святога і пад кіраўніцтвам Настаўніцкага Інстытута Касцёла прымае Божае Аб’яўленне, усё больш спасцігаючы яго і жывучы ім.

16. Каму належыць аўтэнтычнае тлумачэнне дэпазіту веры?
85-90
100
Аўтэнтычнае тлумачэнне дэпазіту веры даручана толькі жывому Настаўніцкаму Інстытуту Касцёла, гэта значыць наступніку Пятра — Біскупу Рыма — і біскупам у еднасці з ім. Настаўніцкі Інстытут Касцёла ў служэнні Божаму слову мае бясспрэчную харызму праўды. Ён упаўнаважаны таксама вызначаць дагматы, якія фармуліруюць праўды, змешчаныя ў Божым Аб’яўленні. Гэтае права распасціраецца на праўды, цесна звязаныя з Аб’яўленнем.

17. Якая сувязь існуе паміж Святым Пісаннем, Традыцыяй і Настаўніцкім Інстытутам Касцёла?
95
Усе яны так цесна звязаны паміж сабой, што ніводнае з трох не можа існаваць без двух астатніх. Усе разам і кожнае па-свойму, пад кіраўніцтвам Духа Святога, яны плённа прычыняюцца да збаўлення людзей.


СВЯТОЕ ПIСАННЕ

18. Чаму Святое Пісанне навучае праўдзе?
105-108
135-136
Таму што сам Бог з’яўляецца аўтарам Святога Пісання: пагэтаму яно называецца натхнёным і беспамылкова навучае праўдам, неабходным для нашага збаўлення. Дух Святы сапраўды натхніў аўтараў-людзей, якія запісалі тое, чаму Ён захацеў нас навучыць. Тым не менш, хрысціянская вера — гэта не «рэлігія Кнігі», але рэлігія Божага слова, якое не з’яўляецца «словам напісаным і мёртвым, але Словам уцелаўлёным і жывым» (св. Бэрнард з Клерво).

19. Як чытаць Святое Пісанне?
109-119
137
Святое Пісанне трэба чытаць і тлумачыць з дапамогай Духа Святога і пад кіраўніцтвам Настаўніцкага Інстытута Касцёла згодна з трыма крытэрыямі: 1) звяртаць увагу на змест і адзінства ўсяго Святога Пісання; 2) чытаць Святое Пісанне ў кантэксце жывой Традыцыі Касцёла; 3) захоўваць аналогію веры, гэта значыць сувязь праўдаў веры паміж сабой.

20. Што такое канон Святога Пісання?
120
138
Канон Святога Пісання — гэта поўны спіс святых кніг, якія Апостальская Традыцыя дапамагла распазнаць Касцёлу. Гэты канон змяшчае 46 кніг Старога Запавету і 27 кніг Новага Запавету.

21. Якое значэнне мае Стары Запавет для хрысціянаў?
121-123
Хрысціяне ўшаноўваюць Стары Запавет як праўдзівае Божае слова: усе яго кнігі натхнёныя Богам і з’яўляюцца вечнай каштоўнасцю. Яны сведчаць пра Божую педагогіку збаўчай любові Бога. Былі напісаныя перш за ўсё дзеля таго, каб падрыхтаваць прыйсце Хрыста, Збаўцы сусвету.

22. Якое значэнне мае Новы Запавет для хрысціянаў?
124-127
139
Новы Запавет, у цэнтры якога знаходзіцца Езус Хрыстус, вучыць нас бясспрэчнай праўдзе Божага Аб’яўлення. Сэрца ўсяго Святога Пісання — чатыры Евангеллі: паводле Мацвея, Марка, Лукі і Яна. Яны з’яўляюцца галоўным сведчаннем аб жыцці і вучэнні Езуса і займаюць асаблівае месца ў Касцёле.

23. Якая сувязь паміж Старым і Новым Запаветам?
128-130
140
Святое Пісанне — адно, бо адно Божае слова, адзін план Божага збаўлення і адно Божае натхненне ў абодвух Запаветах. Стары Запавет падрыхтоўвае Новы, а Новы здзяйсняе Стары: абодва адзін аднаго тлумачаць.

24. Якую функцыю выконвае Святое Пісанне ў жыцці Касцёла?
131-133
141
Святое Пісанне з’яўляецца асновай і жыццядайнай моцай Касцёла. Для яго дзяцей яно з’яўляецца цвярдыняй веры і крыніцай духоўнага жыцця. Гэта душа тэалогіі і пастырскага навучання. Псальміст кажа: «Слова Тваё — светач для маёй нагі, святло на маёй сцежцы» (Пс 119 [118], 105). Касцёл заахвочвае да частага чытання Святога Пісання, бо «няведанне Пісання — гэта няведанне Хрыста» (св. Геранім).
 
 
ГЛАВА ТРЭЦЯЯ
ЧАЛАВЕК АДКАЗВАЕ БОГУ

ВЕРУ

25. Як чалавек адказвае Богу, які аб’яўляецца?
142-143
Чалавек, узмоцнены дадзенай яму Божай ласкай, адказвае паслухмянасцю веры, што азначае поўны давер Богу і прыняцце Яго праўды, якую Ён гарантуе і якой сам жа з’яўляецца.
 
26. Хто ў Святым Пісанні з’яўляецца галоўным сведкам паслухмянасці веры?
144-149
Існуе шмат сведкаў, але галоўных двое: Абрагам, які падчас выпрабавання «паверыў Богу» (Рым 4, 3) і заўсёды быў паслухмяны Ягонаму закліку, таму і стаў «айцом усіх, хто паверыў» (Рым 4, 11.18), і Дзева Марыя, якая самым дасканалым чынам на працягу ўсяго свайго жыцця праяўляла паслухмянасць веры: «Fiat mihi secundum Verbum tuum (Няхай Мне станецца паводле Твайго слова)» (Лк 1, 38).

27. Што значыць для чалавека верыць у Бога?
150-152
176-178
Гэта значыць з’яднацца з самім Богам, давяраючы Яму і згаджаючыся з усімі аб’яўленымі Ім праўдамі, таму што Бог сам ёсць Праўдай. Гэта значыць верыць у адзінага Бога ў трох Асобах: Айца, Сына і Духа Святога.

28. Якія характэрныя рысы веры?
153-165
179-180
183-184
Вера — бескарыслівы дар Бога, даступны кожнаму, хто аб ім з пакорай просіць, — гэта звышпрыродная цнота, неабходная для збаўлення. Акт веры — гэта людскі чын, акт чалавечага розуму, які пад уздзеяннем Божай ласкі дабравольна згаджаецца з Божай праўдай. Акрамя гэтага, вера бясспрэчная, бо заснаваная на Божым слове; яна дзейсная, «бо дзейнічае праз любоў» (Гал 5, 6); яна няспынна ўзрастае дзякуючы слуханню Божага слова і малітве. Вера дае нам адчуць нябесную радасць.

29. Чаму няма супярэчнасці паміж верай і навукай?
159
Хоць вера пераўзыходзіць розум, аднак ніколі не можа быць супярэчнасці паміж верай і навукай, бо абедзве паходзяць ад Бога. Менавіта Бог адорвае чалавека верай і святлом розуму.

«Вер, каб разумець; разумей, каб верыць» (св. Аўгустын).


ВЕРЫМ

30. Чаму вера з’яўляецца чынам асабістым і адначасова эклезіяльным?
166-169
181
Вера з’яўляецца чынам асабістым, бо гэта дабравольны адказ чалавека Богу, які аб’яўляецца. Але ў той жа час гэта чын эклезіяльны, які выяўляецца ў вызнанні: «Верым». І па сутнасці, менавіта Касцёл верыць: гэта ён праз дзеянне Духа Святога папярэднічае, узрошчвае і жывіць веру кожнага хрысціяніна. Таму Касцёл з’яўляецца Маці і Настаўнікам.

«Не можа мець Бога Айцом той, хто не прымае Касцёл як Маці» (св. Кіпрыян).


31. Чаму формулы веры з’яўляюцца важнымі?
170-171
Формулы веры з’яўляюцца важнымі, таму што дазваляюць выказваць, засвойваць, целебраваць праўды веры і дзяліцца імі з іншымі людзьмі, карыстаючыся агульнай мовай.

32. Як разумець, што вера Касцёла з’яўляецца адзінай?
172-175
182
Касцёл, хоць і складаецца з людзей, якія размаўляюць на розных мовах, маюць розныя культуры і абрады, аднадушна вызнае адзіную веру, атрыманую ад адзінага Пана і перададзеную праз адзіную Апостальскую Традыцыю. Ён вызнае адзінага Бога — Айца, Сына і Духа Святога — і ўказвае адзіны шлях да збаўлення. Таму мы верым адзіным сэрцам і адзінай душой у тое, што змяшчаецца ў Божым слове, напісанным ці перададзеным, і ў што Касцёл прапануе верыць, як у аб’яўленае Богам.


РАЗДЗЕЛ ДРУГІ
ВЫЗНАННЕ ХРЫСЦІЯНСКАЙ ВЕРЫ

Апостальскі сімвал веры 


Веру ў Бога, Айца ўсемагутнага,
Стварыцеля неба і зямлі,
і ў Езуса Хрыста, Сына Яго
адзінага, Пана нашага,
які быў зачаты ад Духа Святога,
нарадзіўся з Дзевы Марыі,
замучаны пры Понцкім Пілаце,
укрыжаваны, памёр і быў пахаваны;
зышоў да адхлані,
на трэці дзень уваскрос з памерлых,
узышоў на неба,
сядзіць праваруч Бога Айца
ўсемагутнага,
адтуль прыйдзе судзіць жывых і памерлых.
Веру ў Духа Святога,
святы Касцёл каталіцкі,
еднасць святых,
адпушчэнне грахоў,
уваскрашэнне цела,
жыццё вечнае.
Амэн.
 

Symbolum Apostolicum
Credo in Deum Patrem omnipoténtem,
Creatorem cæli et terræ,
et in Iesum Christum, Filium Eius unicum,
Dominum nostrum, qui concéptus est de Spíritu Sancto,
natus ex Maria Virgine, passus sub Póntio Piláto,
crucifixus, mórtuus, et sepúltus, descéndit ad ínferos,
tértia die resurréxit a mórtuis, ascéndit ad cælos,
sedet ad déxteram Dei Patris omnipoténtis,
inde ventúrus est iudicáre vivos et mórtuos.
Et in Spíritum Sanctum,
sanctam Ecclésiam cathólicam,
sanctórum communiónem,
remissiónem peccatórum,
carnis resurrectiónem,
vitam ætérnam. Amen.

Нікейска-Канстанцінопальскі сімвал веры

Веру ў адзінага Бога,
Айца ўсемагутнага,
Стварыцеля неба і зямлі,
усяго бачнага і нябачнага.
І ў адзінага Пана Езуса Хрыста,
Сына Божага Адзінароднага,
з Айца народжанага
перад усімі вякамі;
Бога ад Бога, Святло ад Святла,
Бога сапраўднага
ад Бога сапраўднага,
народжанага, не створанага,
адзінасутнага Айцу,
праз якога ўсё сталася.
Ён дзеля нас, людзей,
і дзеля нашага збаўлення зышоў з неба.
І ўцелавіўся ад Духа Святога з Дзевы Марыі, і стаўся чалавекам.
Укрыжаваны таксама за нас
пры Понцкім Пілаце,
быў замучаны і пахаваны.
І на трэці дзень уваскрос паводле Пісання, і ўзышоў на неба,
сядзіць праваруч Айца.
І зноў прыйдзе ў хвале судзіць жывых і памерлых,
і Яго Валадарству не будзе канца.

Веру ў Духа Святога,
Пана і Жыватворцу,
які з Айца і Сына паходзіць;
якому разам з Айцом і Сынам належыць пакланенне і хвала;
які прамаўляў праз прарокаў.

Веру ў адзіны святы каталіцкі і апостальскі Касцёл.
Вызнаю адзіны хрост
для адпушчэння грахоў
і чакаю ўваскрашэння памерлых
і жыцця вечнага ў будучым свеце.
Амэн.

Symbolum Nicænum Costantinopolitanum

Credo in unum Deum,
Patrem omnipoténtem,
Factorem cæli et terræ,
visibílium ómnium et invisibilium
Et in unum Dóminum Iesum Christum,
Filium Dei unigénitum
et ex Patre natum
ante ómnia sǽcula:
Deum de Deo, Lumen de Lúmine,
Deum verum de Deo vero,
génitum, non factum, consubstantiálem Patri:
per quem ómnia facta sunt;
qui propter nos hómines
et propter nostram salútem,
descéndit de cælis, et incarnátus est
de Spíritu Sancto ex Maria Víirgine
et homo factus est, crucifíxus étiam
pro nobis sub Póntio Piláto, passus
et sepúltus est, et resurréxit tértia
die secúndum Scriptúras,
et ascéndit in cælum, sedet ad
déxteram Patris, et íterum ventúrus
est cum glória, iudicáre vivos et
mórtuos, cuius regni non erit finis.

Credo in Spíritum Sanctum, Dominum et vivificántem,
qui ex Patre Filióque procédit, qui cum Patre et
Fílio simul adorátur et conglorificátur, qui locútus est per prophétas.

Et unam sanctam cathólicam
et apostólicam Ecclésiam.
Confíteor unum Baptísma
in remissiónem peccatórum.
Et exspécto resurrectiónem mortuórum,
et vitam ventúri sæculi.
Amen.


ГЛАВА ПЕРШАЯ
ВЕРУ Ў БОГА АЙЦА

Сімвалы веры


33. Што такое cімвалы веры?
185-188
192, 197
Гэта складзеныя формулы, называныя таксама «вызнаннямі веры», або «Credo», якімі Касцёл з самага пачатку сцісла выражаў і перадаваў сваю веру нарматыўнай мовай, агульнай для ўсіх вернікаў.

34. Якія найбольш даўнія сімвалы веры?
189-191
Гэта хросныя сімвалы. Паколькі хрост удзяляецца «ў імя Айца і Сына, і Духа Святога» (Мц 28, 19), падчас яго вызнаюцца праўды веры адносна трох Асобаў Найсвяцейшай Тройцы.

35. Якія найбольш важныя сімвалы веры?
193-195
Гэта Апостальскі сімвал, які з’яўляецца старажытным хросным сімвалам Рымскага Касцёла, і Нікейска-Канстанцінопальскі сімвал, які з’яўляецца вынікам першых двух Сусветных Сабораў, у Нікеі (325 г.) і Канстанцінопалі (381 г.), і які да сённяшняга дня з’яўляецца агульным для ўсіх вялікіх Касцёлаў Усходу і Захаду.


«ВЕРУ Ў БОГА, АЙЦА ЎСЕМАГУТНАГА, СТВАРЫЦЕЛЯ НЕБА I ЗЯМЛI»

36. Чаму вызнанне веры пачынаецца словамі «Веру ў Бога»?
198-199
Сцвярджэнне «Веру ў Бога» — найбольш важнае, гэта крыніца ўсіх астатніх праўдаў пра чалавека і свет і пра ўсё жыццё кожнага, хто верыць у Бога.

37. Чаму мы вызнаём веру ў адзінага Бога?
200-202
228
Бог аб’явіўся народу Ізраэля як Адзіны, калі сказаў: «Слухай, Ізраэль: Пан, Бог наш, — Пан адзіны» (Дрг 6, 4), «няма іншых» (Іс 45, 22). Езус сам пацвердзіў гэта, кажучы, што Бог — «Пан адзіны» (Мк 12, 29). Вызнанне таго, што Езус і Дух Святы таксама з’яўляюцца Богам і Панам, не робіць ніякага падзелу ў адзіным Богу.

38. Пад якім імем аб’яўляецца Бог?
203-205
230-231
Майсею Бог аб’яўляецца як Бог жывы, «Бог Абрагама, Бог Ісаака, Бог Якуба» (Зых 3, 6). Таму ж Майсею Бог аб’яўляе сваё таемнае імя: «Я ЁСЦЬ ТОЙ, ЯКІ ЁСЦЬ (YHWH)». Невымоўнае імя Бога ўжо ў часы Старога Запавету было заменена тытулам Пан. У Новым Запавеце Езус, называны Панам, з’яўляецца як праўдзівы Бог.

39. Толькі Бог «ЁСЦЬ»?
212-213
У той час як стварэнні атрымалі ад Бога ўсё, чым яны з’яўляюцца, і ўсё, што маюць, толькі Бог ёсць паўнатой быцця і ўсялякай дасканаласці. Ён «ТОЙ, ЯКІ ЁСЦЬ», без пачатку і без канца. Езус аб’яўляе, што Ён таксама мае Божае імя: «Я ЁСЦЬ» (Ян 8, 28).

40. Чаму важным з’яўляецца аб’яўленне Божага імя?
206-213
Аб’яўленнем свайго імя Бог дае зразумець багацці, якія змяшчаюцца ў Яго неспасцігальнай таямніцы: толькі Ён, спрадвеку і назаўсёды, ёсць тым, хто пераўзыходзіць свет і гісторыю. Гэта Ён стварыў неба і зямлю. Ён Бог верны, заўсёды блізкі да свайго народу, каб яго збавіць. Ён выключна святы, «багаты на міласэрнасць» (Эф 2, 4), заўсёды гатовы прабачыць. Ён — Быццё духоўнае, трансцэндэнтнае, усемагутнае, вечнае, асабовае, дасканалае. Ён ёсць праўдай і любоўю.

«Бог — Быццё бясконца дасканалае, якім ёсць Найсвяцейшая Тройца» (св. Турыбій Мангравэха).


41. У якім сэнсе Бог ёсць праўдай?
214-217
231
Бог — гэта сама праўда, таму Ён не памыляецца і не ўводзіць у зман. Ён «ёсць святло, і няма ў Ім цемры» (1 Ян 1, 5). Адвечны Сын Бога, уцелаўлёная Мудрасць, быў пасланы ў свет, «каб засведчыць аб праўдзе» (Ян 18, 37).

42. Якім чынам Бог аб’яўляе, што Ён ёсць любоў?
218-221
Бог аб’яўляецца Ізраэлю як той, чыя любоў большая за любоў айца ці маці да сваіх дзяцей, або жаніха да сваёй нявесты. Ён у самым сабе «ёсць любоў» (1 Ян 4, 8.16). Ён той, які аддае сябе цалкам і бескарысліва, які «так палюбіў свет, што аддаў Сына свайго Адзінароднага, <...> каб свет быў збаўлены праз Яго» (Ян 3, 16–17). Пасылаючы свайго Сына і Духа Святога, Бог аб’яўляе, што Ён сам ёсць вечным абменам любові.

43. Што вынікае з веры ў адзінага Бога?
222-227
229
З веры ў Бога, Адзінага, вынікае наступнае: пазнаванне Яго значнасці і велічы; жыццё ва ўдзячнасці; спадзяванне на Бога, нават у безнадзейных сітуацыях; прызнанне непаўторнасці і сапраўднай годнасці ўсіх людзей, створаных паводле Яго падабенства; разумнае карыстанне створанымі Ім рэчамі.

44. Што з’яўляецца цэнтральнай таямніцай веры і хрысціянскага жыцця?
232-237
Цэнтральнай таямніцай веры і хрысціянскага жыцця з’яўляецца таямніца Найсвяцейшай Тройцы. Хрысціяне прымаюць хрост у імя Айца і Сына, і Духа Святога.

45. Ці можа таямніца Найсвяцейшай Тройцы быць зразуметая толькі чалавечым розумам?
237
Бог пакінуў сляды свайго трынітарнага Быцця ў стварэнні і ў Старым Запавеце, але глыбіня Яго Быцця як Найсвяцейшай Тройцы ёсць неспасцігальнай таямніцай для чалавечага розуму, а таксама для веры Ізраэля да ўцелаўлення Божага Сына і спаслання Духа Святога. Гэтая таямніца была аб’яўлена Езусам Хрыстом і з’яўляецца крыніцай усіх іншых таямніц веры.

46. Што аб’яўляе Езус Хрыстус аб таямніцы Айца?
240-242
Езус Хрыстус аб’яўляе, што Бог ёсць «Айцом» не толькі таму, што з’яўляецца Стварыцелем сусвету і чалавека, але менавіта таму, што вечна нараджае ў сваім улонні Сына, які ёсць Яго Словам, «адлюстраваннем Ягонай славы, вобразам Ягонай сутнасці» (Гбр 1, 3).

47. Кім ёсць Дух Святы, аб’яўлены нам Езусам Хрыстом?
243-248
Гэта трэцяя Асоба Найсвяцейшай Тройцы. Гэта Бог, адзінасутны Айцу і Сыну. Дух Святы «паходзіць ад Айца» (Ян 15, 26), які, пачатак без пачатку, ёсць крыніцай усяго трынітарнага жыцця. Ён паходзіць таксама ад Сына (Filioque) ў выніку вечнага дару, які Айцец дае Сыну. Спасланы Айцом і ўцелаўлёным Сынам, Дух Святы накіроўвае Касцёл да пазнання «ўсёй праўды» (Ян 16, 13).

48. Як Касцёл выяўляе сваю трынітарную веру?
249-256
266
Касцёл выяўляе сваю трынітарную веру, вызнаючы аднаго Бога ў трох Асобах: Айца, Сына і Духа Святога. Тры Божыя Асобы з’яўляюцца адным Богам, бо кожная з іх мае аднолькавую паўнату адзінай і непадзельнай Божай натуры. Божыя Асобы адрозніваюцца паміж сабой адносінамі кожнай з іх да дзвюх астатніх: Айцец нараджае Сына, Сын народжаны з Айца, Дух Святы паходзіць ад Айца і Сына.

49. Як дзейнічаюць тры Божыя Асобы?
257-260
267
Непадзельныя ў сваёй адзінай сутнасці Божыя Асобы непадзельныя таксама ў сваім дзеянні: дзеянне Найсвяцейшай Тройцы адзінае і тое ж самае. Аднак у адзіным Божым дзеянні кожная Асоба прадстаўляе тое, што ўласціва Ёй у Тройцы.

«О, мой Божа, Тройца, якую праслаўляю… Супакой душу маю; зрабі яе сваім небам, сваім умілаваным прытулкам і месцам свайго адпачынку. Няхай ніколі не пакіну там Цябе ў адзіноце, але няхай буду там уся цалкам, чуваючы ў веры, трываючы ў пакланенні, аддаючыся поўнасцю Тваёй справе збаўлення» (бл. Альжбета ад Тройцы).


50. Як разумець, што Бог усемагутны?
268-278
Бог аб’явіўся як «моцны і магутны» (Пс 25 [24]), 8), як той, для якога «няма нічога немагчымага» (Лк 1, 37). Яго паўсюдная і таямнічая ўсемагутнасць выяўляецца ў стварэнні свету з нічога і чалавека з любові, але асабліва — ва ўцелаўленні і ўваскрасенні свайго Сына, у дары ўсынаўлення і прабачэння грахоў. Таму Касцёл скіроўвае сваю малітву да «Бога ўсемагутнага і вечнага» (Omnipotens sempiternе Deus…).

51. Чаму важным з’яўляецца сцвярджэнне: «Напачатку Бог стварыў неба і зямлю» (Быц 1, 1)?
279-289
315
Стварэнне — гэта падмурак усіх Божых намераў збаўлення; яно выяўляе ўсемагутную і мудрую любоў Бога; гэта першы крок у накірунку да Запавету адзінага Бога са сваім народам; гэта пачатак гісторыі збаўлення, якая дасягае сваёй кульмінацыі ў Хрысце; гэта першы адказ на асноўныя пытанні чалавека адносна праўды пра сваё паходжанне і сваю мэту.

52. Хто стварыў свет?
290-292
316
Айцец, Сын і Дух Святы з’яўляюцца адзіным і непадзельным пачаткам свету, хоць справа стварэння свету асаблівым чынам прыпісваецца Богу Айцу.

53. Навошта быў створаны свет?
293-294
319
Свет быў створаны дзеля хвалы Бога, які захацеў выявіць і паказаць сваю дабрыню, праўду і прыгажосць. Канчатковая мэта стварэння — каб Бог у Хрысце мог быць «усё ва ўсім» (1 Кар 15, 28) дзеля сваёй хвалы і дзеля нашага шчасця.

«Хвалой Божай ёсць жывы чалавек, а жыццё чалавечае ёсць сузіраннем Бога» (св. Ірэнэй).


54. Як Бог стварыў сусвет?
295-301
317-320
Бог стварыў сусвет свабодна, з мудрасцю і любоўю. Стварэнне свету не з’яўляецца вынікам нейкай неабходнасці, сляпога лёсу ці выпадку. Бог стварыў «з нічога» (ex nihilo: 2 Мак 7, 28) ўпарадкаваны і добры свет, які Ён бясконца пераўзыходзіць. Бог захоўвае ў існаванні сваё стварэнне і падтрымлівае яго, дае яму здольнасць дзейнічаць і вядзе яго да спаўнення праз свайго Сына і Духа Святога.

55. У чым заключаецца Божы Провід?
302-306
321
Божы Провід заключаецца ў кіраванні, якім Бог вядзе свае стварэнні да канчатковай дасканаласці, да якой Ён іх заклікае. Бог — суверэнны аўтар свайго намеру, але дзеля яго здзяйснення Богу неабходы саўдзел Яго стварэнняў. У той жа час Ён адорвае стварэнні годнасцю дзейнічаць самім, быць прычынамі адно для другога.

56. Як супрацоўнічае чалавек з Божым Провідам?
307-308
323
Бог адорвае і заклікае чалавека, паважаючы яго свабоду, каб ён супрацоўнічаў з Ім праз свае справы, малітвы, а таксама праз пакуты, выклікаючы ў чалавеку «жаданне і дзеянне паводле свайго ўпадабання» (Флп 2, 13).

57. Калі Бог усемагутны і прадбачлівы, чаму ўсё ж існуе зло?
309-310
324, 400
На гэтае пытанне, балючае і таямнічае, можа даць адказ толькі паўната хрысціянскай веры. Бог ніякім чынам, непасрэдна ці пасрэдна, не з’яўляецца прычынай зла. Ён тлумачыць таямніцу зла праз свайго Сына Езуса Хрыста, які памёр і ўваскрос, каб перамагчы гэтае вялікае маральнае зло, якім ёсць грэх людзей — корань усялякага іншага зла.

58. Чаму Бог дапускае зло?
311-314
324
Вера дае нам упэўненасць, што Бог не дапусціў бы зла, калі б не атрымаў з яго дабра. Бог ажыццявіў ужо гэта цудоўным чынам праз смерць і ўваскрасенне Хрыста. І сапраўды, з найвялікшага маральнага зла — забойства Яго Сына — Ён атрымаў найвялікшыя даброты: праслаўленне Хрыста і нашае адкупленне.


Неба і зямля


59. Што стварыў Бог?
325-327
Святое Пісанне кажа: «Напачатку Бог стварыў неба і зямлю» (Быц 1, 1). Касцёл у сваім вызнанні веры абвяшчае, што Бог ёсць Стварыцелем усяго бачнага і нябачнага: усіх духоўных і матэрыяльных істотаў, гэта значыць анёлаў і бачнага свету, і асабліва чалавека.

60. Хто такія анёлы?
328-333
350-351
Анёлы — гэта стварэнні выключна духоўныя, бесцялесныя, нябачныя і несмяротныя; істоты асабовыя, адораныя розумам і воляй. Яны няспынна сузіраюць Бога тварам у твар, праслаўляюць Яго, служаць Яму і з’яўляюцца Яго пасланцамі дзеля здзяйснення справы збаўлення ўсіх людзей.

61. Якім чынам анёлы прысутнічаюць у жыцці Касцёла?
334-336
352
Касцёл далучаецца да анёлаў у пакланенні Богу, просіць іх аб дапамозе і літургічна адзначае ўспамін некаторых з іх.

«Кожны вернік мае побач з сабой анёла як ахоўніка і пастыра, які вядзе яго да жыцця» (св. Базыль Вялікі).


62. Чаму навучае Святое Пісанне адносна стварэння бачнага свету?
337-344
Праз аповед аб «шасці днях» стварэння Святое Пісанне дае нам зразумець каштоўнасць створанага і яго прызначэнне дзеля хвалы Божай і служэння чалавеку. Усё абавязана сваім існаваннем Богу, ад якога атрымлівае ўласную якасць і дасканаласць, уласныя законы і ўласнае месца ў свеце.

63. Якое месца чалавека ў стварэнні?
343-344
353
Чалавек з’яўляецца вяршыняй бачнага стварэння, бо ён створаны паводле вобраза і падабенства Бога.

64. Якая сувязь існуе паміж створанымі рэчамі?
342
354
Паміж стварэннямі існуе ўзаемазалежнасць і іерархія, як гэтага пажадаў Бог. У той жа час паміж стварэннямі існуе адзінства і салідарнасць, паколькі ўсе маюць аднаго і таго ж Стварыцеля, з’яўляюцца Яго ўмілаванымі і скіраваныя да Яго хвалы. Павага да законаў, закладзеных у стварэнне, і суадносінаў, якія вынікаюць з прыроды рэчаў, з’яўляецца крыніцай мудрасці і падставай маральнасці.

65. Якая сувязь існуе паміж справай стварэння і справай адкуплення?
345-349
Справа стварэння завяршаецца ў яшчэ больш вялікай справе адкуплення. Сапраўды, яно дае пачатак новаму стварэнню, у якім усё знойдзе свой поўны сэнс і сваё здзяйсненне.


Чалавек

66. У якім сэнсе чалавек створаны паводле «Божага вобраза»?
355-357
Чалавек створаны паводле Божага вобраза ў тым сэнсе, што здольны свабодна пазнаваць і любіць свайго Стварыцеля. Ён — адзінае стварэнне на гэтай зямлі, якое Бог пажадаў дзеля яго самога і якога паклікаў удзельнічаць праз пазнанне і любоў у сваім Божым жыцці. Паколькі чалавек створаны паводле Божага вобраза, ён мае годнасць асобы: з’яўляецца ні чымсьці, а кімсьці, здольны пазнаваць сябе, дабравольна даваць сябе і ўваходзіць у супольнасць з Богам і іншымі асобамі.

67. З якой мэтай Бог стварыў чалавека?
358-359
381
Бог усё стварыў для чалавека, чалавек жа створаны дзеля таго, каб пазнаваць Бога, служыць Яму і любіць Яго, каб праз гэта прыносіць Яму як выраз удзячнасці ўсё створанае ў гэтым свеце і быць узнесеным да жыцця з Богам у небе. Толькі ў таямніцы ўцелаўлёнага Слова знаходзіць сапраўднае святло таямніца чалавека, прадвызначанага ўзнаўляць вобраз Сына Божага, які стаўся чалавекам і які з’яўляецца дасканалым «вобразам нябачнага Бога» (Клс 1, 15).

68. Чаму людзі ўтвараюць адзінства?
360-361
Усе людзі ўтвараюць адзінства чалавечага роду паводле агульнага пачатку ў Богу. Акрамя таго, Бог «стварыў з аднаго ўвесь род чалавечы» (Дз 17, 26). Усе таксама маюць адзінага Збаўцу і пакліканыя да ўдзелу ў вечным шчасці Бога.

69. Якім чынам душа і цела ўтвараюць у чалавеку адзінства?
362-365
382
Чалавечая асоба адначасова з’яўляецца істотай цялеснай і духоўнай. Дух і матэрыя ў чалавеку ствараюць адну натуру. Гэтае адзінства настолькі глыбокае, што дзякуючы духоўнаму пачатку якім ёсць душа, цела, якое ёсць матэрыяй, становіцца жывым чалавечым целам і ўдзельнічае ў годнасці Божага вобраза.

70. Хто адорвае чалавека душой?
366-368
382
Духоўная душа не даецца бацькамі, але непасрэдна ствараецца Богам, яна несмяротная. Аддзяляючыся ад цела ў хвіліну смерці, не гіне; яна зноў з’яднаецца з целам у момант канчатковага ўваскрашэння.

71. Якія адносіны ўстанавіў Бог паміж мужчынам і жанчынай?
369-373
383
Мужчына і жанчына створаныя Богам з аднолькавай годнасцю чалавечай асобы і, у той жа час, будучы мужчынам і жанчынай, яны ўзаемадапаўняльныя. Бог стварыў іх адно дзеля аднаго, для супольнасці асобаў. Разам яны таксама пакліканыя перадаваць чалавечае жыццё, ствараючы ў сужэнстве адно цела (пар. Быц 2, 24), і валадарыць на зямлі як Божыя «кіраўнікі».

72. Якім быў першапачатковы стан чалавека паводле Божага намеру?
374-379
384
Бог, ствараючы мужчыну і жанчыну, надзяліў іх дарам асаблівага ўдзелу ў сваім Божым жыцці, у святасці і справядлівасці. Паводле Божага намеру чалавек не павінен быў пакутаваць і паміраць. Больш за тое, панавала дасканалая гармонія ў самім чалавеку, гармонія паміж стварэннем і Стварыцелем, паміж мужчынам і жанчынай, а таксама паміж першай чалавечай парай і ўсім стварэннем.


Упадак

73. Як зразумець рэчаіснасць граху?
385-389
У гісторыі чалавека прысутнічае грэх. Гэтая рэчаіснасць цалкам раскрываецца толькі ў святле Божага Аб’яўлення і асабліва ў святле Хрыста, Збаўцы ўсіх, праз якога яшчэ больш памножылася ласка там, дзе памножыўся грэх.

74. Што такое ўпадак анёлаў?
391-395
414
Сатана і іншыя дэманы, пра якіх кажа Святое Пісанне і Традыцыя Касцёла як пра анёлаў, што былі створаныя Богам добрымі, сталі злымі, бо праз свабодны і канчатковы выбар адмовіліся ад Бога і Яго Валадарства, даючы такім чынам пачатак пеклу. Яны спрабуюць далучыць чалавека да свайго бунту супраць Бога, але Бог пацвярджае ў Хрысце сваю канчатковую перамогу над злым духам.

75. У чым заключаецца першы грэх чалавека?
396-403
415-417
Чалавек, паддаўшыся спакусе д’ябла, дазволіў пагаснуць у сваім сэрцы даверу да свайго Стварыцеля і, непаслухаўшыся Яго, захацеў стаць «як Бог» без Бога і не паводле Бога (Быц 3, 5). Такім чынам Адам і Ева ў той жа момант згубілі для сябе і ўсяго свайго патомства першапачатковую ласку святасці і справядлівасці.

76. Што такое першародны грэх?
404
419
Першародны грэх, з якім нараджаюцца ўсе людзі, гэта стан пазбаўленасці першапачатковай святасці і справядлівасці. Гэта грэх «атрыманы» намі, а не «здзейснены». Стан гэты звязаны з нараджэннем, а не з асабістым чынам. З прычыны адзінства чалавечага роду ён перадаецца патомкам Адама разам з чалавечай натурай «не праз перайманне, а праз нараджэнне». Гэтае перадаванне застаецца таямніцай, якую немагчыма спасцігнуць да канца.

77. Якія іншыя наступствы выклікае першародны грэх?
405-409
418
У выніку першароднага граху чалавечая натура не цалкам сапсаваная, але зраненая ў сваіх натуральных сілах, падпарадкаваная няведанню, пакутам, уладзе смерці і схільная да граху. Гэтая схільнасць называецца пажадлівасцю.

78. Што ўчыніў Бог пасля першага граху?
410-412
420
Пасля першага граху свет напоўніўся грахамі, але Бог не пакінуў чалавека ва ўладзе смерці, а, наадварот, таямнічым чынам прадказаў яму — у «Протаевангеллі» (Быц 3, 15) — перамогу над злом і паўстанне з упадку. Гэта першае прадказанне Месіі Адкупіцеля. Таму пазней упадак будзе названы нават шчаслівай віной, бо яе «знішчыў такі вялікі Адкупіцель» (літургія Пасхальнай вігіліі).


ГЛАВА ДРУГАЯ
ВЕРУ Ў ЕЗУСА ХРЫСТА, СЫНА БОЖАГА АДЗІНАРОДНАГА


79. Чым з’яўляецца Добрая Навіна для чалавека?
422-424
Яна з’яўляецца абвяшчэннем Езуса Хрыста, «Сына Бога жывога» (Мц 16, 16), памерлага і ўваскрослага. У часы караля Ірада і цэзара Аўгуста Бог выканаў абяцанні, дадзеныя Абрагаму і яго нашчадкам, спасылаючы «Сына свайго, народжанага ад жанчыны, падпарадкаванага Закону, каб адкупіць тых, хто падлягаў Закону, каб мы атрымалі ўсынаўленне» (Гал 4, 4–5).

80. Як распаўсюджваецца гэтая Добрая Навіна?
425-429
З самага пачатку першыя вучні мелі моцнае жаданне абвяшчаць Езуса Хрыста, каб прывесці ўсіх да веры ў Яго. Таксама і сёння з напоўненага любоўю пазнання Хрыста нараджаецца жаданне евангелізаваць і катэхізаваць, гэта значыць адкрываць у Яго асобе ўвесь Божы намер і весці чалавека да еднасці з Ім.


«І Ў ЕЗУСА ХРЫСТА, СЫНА ЯГО AДЗIНАГА, ПАНА НАШАГА»

81. Што азначае імя «Езус»?
430-435
452
Імя «Езус», дадзенае анёлам у момант звеставання, азначае «Бог збаўляе». Яно выяўляе асобу Езуса і Яго місію, «бо Ён збавіць народ свой ад ягоных грахоў» (Мц 1, 21). Св. Пётр сцвярджае, што «няма іншага імя пад небам, дадзенага людзям, у якім маглі б мы атрымаць збаўленне» (Дз 4, 12).

82. Чаму Езуса называюць Хрыстом?
436-440
453
Грэцкае слова «Хрыстус» і габрэйскае «Месія» азначае «памазанік». Езус ёсць Хрыстом, бо Ён асвячаны Богам і памазаны Духам Святым для здзяйснення місіі адкуплення. Ён – Месія, якога чакаў Ізраэль і якога паслаў у свет Айцец. Езус прыняў імя Месіі, удакладняючы, аднак, яго сэнс: той, «хто зышоў з неба» (Ян 3, 13), укрыжаваны і затым уваскрослы, Ён — Слуга церпячы, які прыйшоў, «каб аддаць жыццё сваё дзеля адкуплення многіх» (Мц 20, 28). Ад імя Хрыстус паходзіць нашае імя — хрысціяне.

83. У якім сэнсе Езус ёсць «Адзінародным Сынам Божым»?
441-445
454
Езус з’яўляецца Адзінародным Сынам Божым у адзіным і поўным сэнсе. Падчас Ягонага хросту і перамянення голас Айца называе Езуса «ўмілаваным Сынам». Прадстаўляючы сябе як Сына, які «ведае Айца» (Мц 11, 27), Езус пацвярджае сваю адзіную і вечную сувязь з Богам, сваім Айцом. Ён — «Адзінародны Сын» (1 Ян 4, 9) Божы, другая Асоба Найсвяцейшай Тройцы. Ён — цэнтр апостальскага прапаведвання: Апосталы бачылі «славу Ягоную, славу, якую мае ад Айца Адзінародны» (Ян 1, 14).

84. Што азначае тытул «Пан»?
446-451
455
У Бібліі гэты тытул звычайна азначае Бога Валадара. Езус надае гэты тытул сабе і аб’яўляе сваю Божую веліч праз сваю ўладу над прыродай, дэманамі, грахом і смерцю і асабліва праз сваё ўваскрасенне. Першыя хрысціянскія вызнанні сцвярджаюць, што належная Богу Айцу моц, годнасць і хвала ўласцівыя таксама і Езусу: Бог «даў Яму імя па-над усялякае імя» (Флп 2, 9). Ён — Пан свету і гісторыі, адзіны, каму чалавек павінен цалкам падпарадкоўваць сваю асабістую свабоду.


«EЗУС ХРЫСТУС БЫЎ ЗАЧАТЫ АД ДУХА СВЯТОГА, НАРАДЗIЎСЯ З ДЗЕВЫ МАРЫI»

85. Чаму Сын Божы стаўся чалавекам?
456-460
Сын Божы ўцелавіўся ва ўлонні Дзевы Марыі ад Духа Святога дзеля нас, людзей, і дзеля нашага збаўлення, гэта значыць, каб паяднаць нас, грэшнікаў, з Богам; каб паказаць нам Яго бясконцую любоў; каб стаць для нас прыкладам святасці; каб зрабіць нас «саўдзельнікамі боскай натуры» (2 П 1, 4).

86. Што азначае слова «ўцелаўленне»?
461-463
483
Касцёл называе «ўцелаўленнем» цудоўную таямніцу з’яднання боскай і чалавечай натуры ў адзінай Божай Асобе Слова. Дзеля ажыццяўлення нашага збаўлення Сын Божы стаўся «целам» (Ян 1, 14), сапраўдным чалавекам. Вера ва ўцелаўленне — гэта адметная рыса хрысціянскай веры.

87. Якім чынам Езус Хрыстус ёсць сапраўдным Богам і сапраўдным чалавекам?
464-467
469
Езус непадзельна з’яўляецца сапраўдным Богам і сапраўдным чалавекам у адзінстве сваёй Божай Асобы. Ён, Сын Божы, «народжаны, не створаны, адзінасутны Айцу», стаўся сапраўдным чалавекам, нашым братам, не перастаючы пры гэтым быць Богам, нашым Панам.

88. Пра што ў сувязі з гэтым навучае Халкідонскі Сабор (451 г.)?
467
Халкідонскі Сабор навучае вызнаваць «аднаго і таго ж Сына, Пана нашага Езуса Хрыста, дасканалага ў сваёй боскасці і дасканалага ў сваёй чалавечнасці; сапраўднага Бога і сапраўднага чалавека, які мае разумную душу і цела; адзінасутнага Айцу ў боскасці, адзінасутнага нам у чалавечнасці, “падобнага да нас ва ўсім, апроч граху” (Гбр 4, 15); народжанага з Айца перад вякамі як Бог, і ў гэтыя апошнія часы, дзеля нас і нашага збаўлення, народжанага як чалавек з Дзевы Марыі, Маці Божай».

89. Як Касцёл вызнае таямніцу ўцелаўлення?
464-469
479-481
Касцёл вызнае гэтую таямніцу, сцвярджаючы, што Езус Хрыстус ёсць сапраўдным Богам і сапраўдным чалавекам, мае дзве натуры, боскую і чалавечую, не змешаныя, а з’яднаныя ў Асобе Слова. Усё ў чалавечнасці Езуса — цуды, цярпенні, смерць — павінна быць аднесена да Яго боскай Асобы, якая дзейнічае праз прынятую чалавечую натуру.

«О, Сыне Адзінародны і Слова Бога, Ты, будучы несмяротным, пажадаў дзеля нашага збаўлення ўцелавіцца ва ўлонні Святой Багародзіцы і заўсёды Дзевы Марыі (…) Ты, які прабываеш у еднасці Святой Тройцы, праслаўлены з Айцом і Святым Духам, збаў нас!» (Візантыйская літургія св. Яна Хрызастома).


90. Ці Сын Божы, стаўшыся чалавекам, меў душу, надзеленую людскім пазнаннем?
470-474
482
Сын Божы прыняў цела, ажыўленае разумнай чалавечай душой. Праз свой чалавечы досвед Езус пазнаў шмат рэчаў. Але таксама, будучы чалавекам, Сын Божы меў глыбокае і непасрэднае пазнанне Бога, свайго Айца. Ён спасцігаў патаемныя думкі людзей і ў той жа час валодаў поўным веданнем адвечных намераў, якія прыйшоў адкрыць.

91. Як пагаджаюцца дзве волі ва ўцелаўлёным Слове?
475
482
Езус мае волю Божую і волю чалавечую. У сваім зямным жыцці Сын Божы як чалавек хацеў таго, што Ён як Бог разам з Айцом і Духам Святым вызначыў для нашага збаўлення. Чалавечая воля Хрыста без супраціўлення і супрацьстаяння ідзе ўслед за Божай воляй, а дакладней, падпарадкоўваецца ёй.

92. Ці меў Хрыстус сапраўднае чалавечае цела?
476-477
Хрыстус прыняў сапраўднае чалавечае цела, праз якое нябачны Бог стаўся бачным. Таму Хрыстус можа быць прадстаўлены і шанаваны ў святых абразах.

93. Што прадстаўляе Сэрца Езуса?
478
Езус пазнаў і палюбіў нас чалавечым сэрцам. Яго прабітае дзеля нашага збаўлення Сэрца з’яўляецца сімвалам той бясконцай любові, якой Ён любіць Айца і кожнага чалавека.

94. «Зачаты ад Духа Святога...»: што азначае гэты выраз?
484-486
Гэты выраз азначае, што Дзева Марыя зачала адвечнага Сына ў сваім улонні праз дзеянне Духа Святога і без удзелу чалавека. «Дух Святы сыдзе на Цябе» (Лк 1, 35), — сказаў Ёй анёл пры звеставанні.

95. «…Нарадзіўся з Дзевы Марыі»: чаму Марыя сапраўды з’яўляецца Маці Божай?
495
509
Марыя сапраўды з’яўляецца Маці Божай таму, што Яна — Маці Езуса (Ян 2, 1; 19, 25). Насамрэч, той, хто быў зачаты праз дзеянне Духа Святога і сапраўды стаў Яе Сынам, ёсць адвечным Сынам Бога Айца. Ён сам з’яўляецца Богам.

96. Што азначае «Беззаганнае Зачацце»?
487-492
508
Бог спрадвеку выбраў Марыю на Маці свайго Сына: дзеля выканання гэтай місіі Яна была беззаганна зачатай. Гэта азначае, што дзякуючы Божай ласцы і паводле прадбачаных заслуг Езуса Хрыста Марыя была захавана ад першароднага граху з моманту свайго зачацця.

97. Як Марыя супрацоўнічала з Божым планам збаўлення?
493-494
508-511
Дзякуючы Божай ласцы Марыя заставалася вольнай ад усялякага асабістага граху на працягу ўсяго свайго жыцця. Яна – «поўная ласкі» (Лк 1, 28), «Усесвятая». Калі анёл абвяшчае, што Яна народзіць «Сына Найвышэйшага» (Лк 1, 32), Марыя, «паслухмяная веры» (Рым 1, 5), дае сваю дабравольную згоду. Яна цалкам прысвячае сябе асобе і справе свайго Сына — Езуса, прымаючы ўсёй душой Божую волю збаўлення.

98. Што азначае дзявоцкае зачацце Езуса?
496-498
503
Гэта азначае, што Езус быў зачаты ва ўлонні Дзевы толькі праз моц Духа Святога і без удзелу чалавека. Ён — Сын Нябеснага Айца паводле боскай натуры і Сын Марыі паводле натуры чалавечай; сапраўдны Сын Бога ў дзвюх натурах, у Ім ёсць толькі адна Асоба — боская.

99. У якім сэнсе Марыя «заўсёды Дзева»?
499-507
510-511
Марыя «застаецца Дзевай у зачацці свайго Сына, Дзевай – у нараджэнні, Дзевай — цяжарная, Дзевай — Маці, заўсёды Дзевай» (св. Аўгустын). Таму, калі Евангеллі кажуць пра «братоў і сёстраў Езуса», гаворка ідзе — паводле выразу, ужытага ў Святым Пісанні, — пра Яго бліжэйшых родных.

100. Якім чынам духоўнае мацярынства Марыі з’яўляецца ўсеагульным?
501-507
511
Марыя мае адзінага Сына, Езуса, але ў Ім Яе мацярынства распасціраецца на ўсіх людзей, якіх Ён прыйшоў збавіць. Знаходзячыся побач з новым Адамам, Езусам Хрыстом, паслухмяная Дзева з’яўляецца новай Евай, сапраўднай Маці жывых, якая з мацярынскай любоўю садзейнічае іх нараджэнню і выхаванню ў парадку ласкі. Марыя, Дзева і Маці, з’яўляецца вобразам Касцёла, яго самым дасканалым увасабленнем.

101. У якім сэнсе ўсё жыццё Хрыста з’яўляецца таямніцай?
512-521
561-562
Усё жыццё Хрыста — гэта Аб’яўленне. Тое, што бачнае ў зямным жыцці Езуса, вядзе да Яго нябачнай таямніцы, галоўным чынам, да таямніцы Яго Божага паходжання: «Хто бачыў Мяне, бачыў і Айца» (Ян 14, 9). Больш за тое, — нават, калі збаўленне цалкам здзяйсняецца праз крыж і ўваскрасенне, — усё жыццё Хрыста ёсць таямніцай збаўлення, бо ўсё, што зрабіў, сказаў і выцерпеў Езус, мела на мэце збаўленне грэшнага чалавека і аднаўленне ў ім паклікання Божага дзіцяці.

102. Што рыхтавала да таямніц Езуса?
522-524
Найперш, доўгая надзея, якая трывала многія стагоддзі і якую мы перажываем нанова падчас цэлебрацыі літургіі ў перыяд Адвэнту. Акрамя цмянага чакання, якое было ў сэрцах язычнікаў, Бог рыхтаваў прыйсце свайго Сына праз Стары Запавет аж да Яна Хрысціцеля, апошняга і найбольшага з прарокаў.

103. Што кажа Евангелле адносна таямніц нараджэння і дзяцінства Езуса?
525-530
563-564
У Нараджэнні Пана хвала нябёсаў выяўляецца ў слабасці дзіцяці; абразанне Езуса — гэта знак Яго прыналежнасці да габрэйскага народу і правобраз нашага хросту; эпіфанія — гэта аб’яўленне Караля і Месіі Ізраэля ўсім народам; падчас ахвяравання ў святыні Сімяон і Ганна ўвасабляюць чаканне ўсяго Ізраэля, які выходзіць на спатканне са сваім Збаўцам; уцёкі ў Егіпет і забойства немаўлят прадказваюць, што ўсё жыццё Хрыста будзе пад знакам пераследу; Яго вяртанне з Егіпта нагадвае пра Зыход і прадстаўляе Езуса як новага Майсея: Ён ёсць сапраўдным і канчатковым вызваленнем.

104. Чаму навучае нас укрытае жыццё Езуса ў Назарэце?
533-534
564
Падчас укрытага жыцця ў Назарэце Езус застаецца ў цішыні звычайнага жыцця. Такім чынам Ён дазваляе нам яднацца з Ім у святасці штодзённага жыцця, напоўненага малітвай, прастатой, працай і сямейнай любоўю. Падпарадкаванне Езуса Марыі і Юзафу, Яго названаму бацьку, з’яўляецца вобразам Яго сыноўняй паслухмянасці Айцу. Марыя і Юзаф у сваёй веры прымаюць таямніцу Езуса, хоць не заўсёды яе разумеюць.

105. Навошта Езус прымае ад Яна «хрост навяртання для адпушчэння грахоў» (Лк 3, 3)?
535-537
565
Каб даць пачатак свайму публічнаму жыццю і апярэдзіць «хрост» сваёй смерці: Ён, «Баранак Божы, які бярэ на сябе грахі свету» (Ян 1, 29), будучы без граху, дазваляе залічыць сябе да грэшнікаў. Айцец абвяшчае Яго «Сынам умілаваным» (Мц 3, 17), і Дух сыходзіць на Яго. Хрост Езуса — гэта правобраз нашага хросту.

106. Што адкрывае спакушэнне Езуса ў пустыні?
538-540
566
Спакушэнне Езуса ў пустыні паўтарае спакушэнне Адама ў раі і Ізраэля ў пустыні. Сатана спакушае Езуса ў Яго паслухмянасці місіі, даручанай Яму Айцом. Хрыстус, новы Адам, вытрымлівае, і Яго перамога прадказвае перамогу Ягонай мукі, у якой выявілася найбольшая паслухмянасць Яго сыноўняй любові. Касцёл асаблівым чынам злучаецца з гэтай таямніцай у літургічным перыядзе Вялікага посту.

107. Хто запрошаны да ўдзелу ў Божым Валадарстве, абвешчаным і здзейсненым Хрыстом?
541-546
567
Езус запрашае ўвайсці ў Божае Валадарства ўсіх людзей. Нават найбольшы грэшнік пакліканы да навяртання і да таго, каб прыняць бясконцую міласэрнасць Айца. Валадарства — ужо тут, на зямлі, — належыць тым, хто яго прымае пакорным сэрцам. Гэта ім адкрытыя Яго таямніцы.

108. Чаму Езус аб’яўляе Божае Валадарства праз знакі і цуды?
547-550
567
Езус суправаджае свае словы знакамі і цудамі, каб засведчыць, што гэтае Валадарства прысутнічае ў Ім, Месіі. Хоць Ён і аздараўляў некаторых людзей, аднак прыйшоў не для таго, каб знішчыць усё зло на зямлі, але перш за ўсё, каб вызваліць нас з няволі граху. Выгнанне злых духаў прадвяшчае, што Яго крыжам будзе пераможаны «князь гэтага свету» (Ян 12, 31).

109. Якой ўладай Езус надзяліў сваіх Апосталаў у Валадарстве?
551-553
567
Езус выбірае Дванаццаць — будучых сведкаў свайго ўваскрасення — і робіць іх удзельнікамі сваёй місіі і ўлады, каб яны навучалі, адпускалі грахі, будавалі Касцёл і кіравалі ім. У гэтай калегіі Пётр атрымлівае «ключы ад Валадарства» (Мц 16, 19) і займае першае месца ў місіі захавання цэласнасці веры і ўмацавання сваіх братоў.

110. Якое значэнне мае перамяненне Езуса?
554-556
568
У перамяненні з’явілася перадусім Найсвяцейшая Тройца: «Айцец — у голасе, Сын — у чалавеку, Дух — у ззяючым воблаку» (св. Тамаш Аквінскі). Размаўляючы аб сваім «адыходзе» з Майсеем і Іллёй, Езус паказвае, што Яго хвала праходзіць праз крыж і апярэджвае Яго ўваскрасенне і хвалебнае прыйсце, калі Ён «пераменіць нашае прыніжанае цела ў падабенства свайго праслаўленага цела» (Флп 3, 21).

«Ты перамяніўся на гары, і Твае вучні, наколькі былі здольныя, сузіралі Тваю хвалу, Хрысце Божа, каб, калі ўбачаць Цябе ўкрыжаваным, маглі спасцігнуць Тваю дабравольную муку і абвяшчаць свету, што Ты — сапраўды ззянне Айца» (Візантыйская літургія).


111. Як адбыўся месіянскі ўваход у Ерузалем?
557-560
569-570
У вызначаны час Езус вырашыў увайсці ў Ерузалем, каб там цярпець, памерці і ўваскрэснуць. Будучы Каралём і Месіяй, які паказвае надыход Валадарства, Ён уваходзіць у свой горад, едучы вярхом на асле. Яго сустракаюць дзеці, чыё прывітальнае ўскліканне паўтараецца ў эўхарыстычным Sanctus: «Благаслаўлёны той, хто прыходзіць у імя Пана! Гасанна (Збаў нас)» (Мц 21, 9). Цэлебрацыяй гэтага ўваходу ў Ерузалем літургія Касцёла распачынае Вялікі тыдзень.


«ЕЗУС ХРЫСТУС ЗАМУЧАНЫ ПРЫ ПОНЦКIМ ПIЛАЦЕ,
УКРЫЖАВАНЫ, ПАМЁР I БЫЎ ПАХАВАНЫ»

112. Якое значэнне мае Пасхальная таямніца Езуса?
571-573
Пасхальная таямніца Езуса, якая ахоплівае Яго муку, смерць, уваскрасенне і праслаўленне, знаходзіцца ў цэнтры хрысціянскай веры, бо збаўчы намер Бога здзейсніўся раз і назаўсёды праз збаўчую смерць Яго Сына, Езуса Хрыста.

113. За што быў асуджаны Езус?
574-576
Некаторыя старэйшыны Ізраэля абвінавацілі Езуса ў дзеяннях супраць Закону, супраць ерузалемскай святыні і асабліва супраць веры ў адзінага Бога. За гэта Яго перадалі Пілату, каб той асудзіў Яго на смерць.

114. Як Езус ставіўся да Закону Ізраэля?
577-582
592
Езус не скасоўвае Закон, дадзены Богам праз Майсея на Сінаі, але выконвае яго, даючы яму канчатковае тлумачэнне. Ён — Божы Заканадаўца, які цалкам здзяйсняе гэты Закон. Акрамя таго, Ён, Слуга верны, прыносіць сваёй збаўчай смерцю ахвяру, здольную выбавіць усіх «ад злачынстваў, учыненых у першым Запавеце» (Гбр 9, 15).

115. Якім было стаўленне Езуса да ерузалемскай святыні?
583-586
593
Езус быў абвінавачаны ў варожых адносінах да святыні. Але Ён ушаноўваў яе як «жыллё свайго Айца» (Ян 2, 16) і надаваў ёй важную ролю ў сваім вучэнні. Аднак прадказваў таксама яе разбурэнне, звязваючы гэта са сваёй смерцю, і прадстаўляў самога сябе як канчатковае жыллё Бога сярод людзей.

116. Ці супярэчыў Езус веры Ізраэля ў адзінага Бога і Збаўцу?
587-591
594
Езус ніколі не супярэчыў веры ў адзінага Бога, нават тады, калі здзяйсняў выключна Божую справу, якой выконваліся месіянскія абяцанні і пацвярджалася Яго роўнасць Богу: прабачэнне грахоў. Заклік Езуса верыць у Яго і навярнуцца, дазваляе зразумець трагічнае неразуменне Сінэдрыёна, які палічыў, што Езус варты смерці як блюзнерца.

117. Хто нясе адказнасць за смерць Езуса?
595-598
У муках і смерці Езуса не могуць быць абвінавачаны ўсе без выключэння тагачасныя габрэі, а таксама іншыя габрэі, якія жылі пасля. Кожны грэшнік, гэта значыць кожны чалавек, з’яўляецца сапраўднай прычынай цярпенняў Збаўцы. Таму больш вінаватыя тыя — асабліва, калі яны хрысціяне, — хто часцей за ўсё ўпадае ў грэх або атрымлівае асалоду ад сваіх заганаў.

118. Чаму смерць Хрыста з’яўляецца часткай Божага плану збаўлення?
599-605
619
Каб паяднаць з сабою ўсіх людзей, што падлягаюць смерці з прычыны граху, Бог праявіў поўную любові ініцыятыву, пасылаючы свайго Сына, каб Ён аддаў сябе на смерць дзеля грэшнікаў. Смерць Езуса, прадказаная ў Старым Запавеце, галоўным чынам як ахвяра церпячага Слугі, здзейснілася «паводле Пісання».

119. Якім чынам Хрыстус ахвяраваў сябе самога Айцу?
606-609
620
Усё жыццё Хрыста — гэта дабравольнае ахвяраванне сябе Айцу для выканання Яго збаўчага намеру. Хрыстус аддае «жыццё сваё для адкуплення многіх» (Мк 10, 45), каб такім чынам прымірыць з Богам усё чалавецтва. Яго мука і смерць паказваюць, якім чынам Яго чалавечая натура стала свабоднай і дасканалай прыладай Божай любові, што прагне збаўлення ўсіх людзей.

120. Якім чынам падчас Апошняй Вячэры выяўляецца ахвяраванне Езуса?
610-611
621
Падчас Апошняй Вячэры з Апосталамі, напярэдадні мукі, Езус прадвяшчае, гэта значыць загадзя аб’яўляе і здзяйсняе дабравольнае ахвяраванне сябе самога: «Гэта ёсць Цела Маё, якое за вас будзе выдана» (Лк 22, 19), «гэта Кроў Мая, якая будзе праліта…» (Мц 26, 28). Так Ён устанаўлівае Эўхарыстыю як «успамін» (1 Кар 11, 25) сваёй ахвяры, а сваіх Апосталаў — як святароў новага Запавету.

121. Што адбываецца падчас агоніі ў Гетсіманскім садзе?
612
Нягледзячы на страх, які выклікае смерць у цалкам святой чалавечай натуры таго, хто з’яўляецца «Валадаром жыцця» (Дз 3, 15), чалавечая воля Божага Сына яднаецца з воляй Айца: каб нас збавіць, Езус згаджаецца несці ў сваім целе нашыя грахі, стаўшы «паслухмяным ажно да смерці» (Флп 2, 8).

122. Якія вынікі ахвяры Хрыста на крыжы?
613-617
622-623
Езус дабравольна аддаў сваё жыццё ў адкупленчай ахвяры, гэта значыць адкупіў нашыя правіны праз цалкавітую паслухмянасць сваёй любові ажно да смерці. Гэтая любоў «дарэшты» (Ян 13, 1) Сына Божага яднае з Айцом усё чалавецтва. Пасхальная ахвяра Хрыста здзяйсняе адкупленне людзей адзіным, дасканалым і канчатковым чынам і аднаўляе іх лучнасць з Богам.

123. Чаму Езус заклікае сваіх вучняў узяць крыж?
618
Заклікаючы сваіх вучняў, каб яны ўзялі свой крыж і наследавалі Яго, Езус хоча далучыць да сваёй адкупленчай ахвяры менавіта тых, хто першы скарыстаў з яе.

124. У якім стане было цела Хрыста, калі знаходзілася ў магіле?
624-630
Хрыстус сапраўды памёр і сапраўды быў пахаваны. Але ласка Божая захавала Яго цела ад тлення.


«ЕЗУС ХРЫСТУС ЗЫШОЎ ДА АДХЛАНI,
НА ТРЭЦI ДЗЕНЬ УВАСКРОС З ПАМЕРЛЫХ»

125. Што такое «адхлань», у якую зышоў Езус?
632-637
«Адхлань» — у адрозненне ад пекла асуджаных — гэта стан усіх тых, праведнікаў і грэшнікаў, якія памерлі да Хрыста. З душой, з’яднанай з Яго боскай Асобай, Езус зышоў у адхлань да праведнікаў, якія чакалі свайго Адкупіцеля, каб удастоіцца ўрэшце сузірання Бога. Пасля таго як Езус праз сваю смерць перамог смерць і д’ябла, які «мае ўладу над смерцю» (Гбр 2, 14), Ён вызваліў праведнікаў, што чакалі Адкупіцеля, і адчыніў ім брамы неба.

126. Якое месца ў нашай веры займае ўваскрасенне Езуса?
631
638
Уваскрасенне Езуса з’яўляецца галоўнай праўдай нашай веры ў Хрыста і выяўляе, разам з крыжом, істотную частку Пасхальнай таямніцы.

127. Якія «знакі» пацвярджаюць уваскрасенне Езуса?
639-644
656-657
Акрамя асноўнага знаку — пустой магілы — уваскрасенне Езуса пацверджана жанчынамі, якія першымі сустрэлі Езуса і паведамілі аб гэтым Апосталам. Пазней Езус «з’явіўся Кіфе (Пятру), а потым — Дванаццаці. Пасля з’явіўся больш чым пяцістам братам адначасова» (1 Кар 15, 5–6) і яшчэ іншым. Апосталы не маглі выдумаць уваскрасення, бо гэта здавалася ім немагчымым: Езус нават дакараў іх за нявер’е.

128. Чаму ўваскрасенне з’яўляецца адначасова трансцэндэнтнай падзеяй?
647
656-657
Будучы падзеяй гістарычнай, пацверджанай і падмацаванай знакамі і сведчаннямі, уваскрасенне, у якім адбываецца ўваход чалавечай натуры Хрыста ў хвалу Бога, пераўзыходзіць і ўзвышаецца над гісторыяй як таямніца веры. Таму ўваскрослы Хрыстус аб’явіўся не свету, але сваім вучням, робячы іх сваімі сведкамі перад народам.

129. Які стан уваскрослага цела Езуса?
645-646
Уваскрасенне Езуса не з’яўляецца вяртаннем да зямнога жыцця. Яго ўваскрослае цела тое ж, якое было ўкрыжавана, і мае знакі Ягонай мукі, але адначасова яно ўдзельнічае ў Божым жыцці ў стане хвалебнага цела. З гэтай прычыны ўваскрослы Езус меў абсалютную свабоду з’яўляцца сваім вучням так, як захоча, і там, дзе захоча, і ў розных постацях.

130. Якім чынам уваскрасенне з’яўляецца справай Найсвяцейшай Тройцы?
648-650
Уваскрасенне Хрыста — гэта трансцэндэнтная справа Бога. Тры Асобы дзейнічаюць разам, паводле таго, што ім уласціва: Айцец праяўляе сваю магутнасць; Сын зноў прымае жыццё, якое дабравольна ахвяраваў (пар. Ян 10, 17), злучаючы зноў сваю душу са сваім целам, якое Дух Святы ажыўляе і праслаўляе.

131. У чым сэнс і збаўчае значэнне ўваскрасення?
651-655
658
Уваскрасенне з’яўляецца вяршыняй уцелаўлення. Яно пацвярджае боскасць Хрыста і ўсё тое, што Ён зрабіў і чаму навучаў, а таксама спаўняе ўсе Божыя абяцанні, дадзеныя нам. Больш за тое, Уваскрослы, пераможца граху і смерці, з’яўляецца прычынай нашага апраўдання і нашага ўваскрашэння: з гэтага часу дае нам ласку ўсынаўлення, якая з’яўляецца сапраўдным удзелам у жыцці Адзінароднага Сына; пазней, напрыканцы часоў, Ён уваскрасіць нашае цела.


«ЕЗУС УЗЫШОЎ НА НЕБА,
СЯДЗIЦЬ ПРАВАРУЧ БОГА АЙЦА ЎСЕМАГУТНАГА»

132. Што прадстаўляе ўнебаўшэсце?
659-667
Хрыстус, праз сорак дзён пасля таго як аб’явіўся Апосталам у чалавечым абліччы, якое ўкрывала хвалу Уваскрослага, узышоў на неба і сядзіць праваруч Айца. Ён — Пан, які цяпер у сваёй чалавечнасці валадарыць у вечнай хвале Сына Божага і няспынна заступаецца за нас перад Айцом. Ён спасылае нам свайго Духа і, маючы падрыхтаванае нам месца, дае надзею, што мы некалі будзем разам з Ім.


«АДТУЛЬ ПРЫЙДЗЕ СУДЗIЦЬ ЖЫВЫХ I ПАМЕРЛЫХ»

133. Як валадарыць Пан Езус сёння?
668-674
680
Пан сусвету і гісторыі, Валадар свайго Касцёла, праслаўлены Хрыстус таямнічым чынам застаецца на зямлі, дзе Яго Валадарства ўжо прысутнае ў Касцёле як крыніца і пачатак. Ён аднойчы вернецца ў хвале, але мы не ведаем гэтага часу. Таму жывём у чуванні, просячы: «Прыйдзі, Пане» (Ап 22, 20).

134. Якім будзе прыйсце Пана ў хвале?
675-677
680
Пасля апошняга касмічнага ўзрушэння гэтага свету, які мінае, хвалебнае прыйсце Хрыста будзе канчатковым трыумфам Бога ў Парузіі і Апошнім Судом. Так здзейсніцца Божае Валадарства.

135. Як Хрыстус будзе судзіць жывых і памерлых?
678-679
681-682
Хрыстус будзе судзіць моцай, якую Ён атрымаў як Збаўца свету, што прыйшоў збавіць людзей. Таямніцы сэрцаў будуць адкрытыя, як і паводзіны кожнага ў адносінах да Бога і да бліжняга. Кожны чалавек паводле сваіх чынаў будзе адораны жыццём або навекі пакараны. Так будзе дасягнута Хрыстовая паўната (пар. Эф 4, 13), у якой Бог будзе «ўсё ва ўсім» (1 Кар 15, 28).


ГЛАВА ТРЭЦЯЯ
ВЕРУ Ў ДУХА СВЯТОГА

«ВЕРУ Ў ДУХА СВЯТОГА»

136. Што хоча сказаць Касцёл, калі вызнае: «Веру ў Духа Святога»?
683-686
Верыць у Духа Святога — значыць вызнаваць трэцюю Асобу Найсвяцейшай Тройцы, якая паходзіць ад Айца і Сына і якой «разам з Айцом і Сынам належыць пакланенне і хвала». Дух быў пасланы «ў сэрцы нашыя» (Гал 4, 6), каб мы атрымалі новае жыццё дзяцей Божых.

137. Чаму місія Сына і місія Духа Святога непадзельныя?
687-690
742-743
У непадзельнай Найсвяцейшай Тройцы Сын і Дух Святы адрозныя, але непадзельныя. Сапраўды, ад пачатку і да сканчэння вякоў, тады, калі Айцец пасылае свайго Сына, Ён пасылае таксама свайго Духа, які яднае нас з Хрыстом у веры, каб мы маглі як усыноўленыя дзеці называць Бога «Айцом» (Рым 8, 15). Дух нябачны, але мы пазнаем Яго праз Ягонае дзеянне, калі Ён абвяшчае нам Слова і калі дзейнічае ў Касцёле.

138. Якія імёны Духа Святога?
691-693
«Дух Святы» — гэта асабістае імя трэцяй Асобы Найсвяцейшай Тройцы. Езус называе Яго таксама: Дух Параклет (Суцяшыцель, Заступнік) і Дух Праўды. Новы Запавет называе Яго, акрамя таго, Духам Хрыста, Духам Пана, Духам Бога, Духам хвалы, Духам абяцання.

139. Якія сімвалы Духа Святога?
694-701
Іх шмат: жывая вада, якая выходзіць з прабітага сэрца Хрыста і заспакойвае прагу ахрышчаных; намашчэнне алеем, што з’яўляецца сакрамэнтальным знакам канфірмацыі; полымя, якое перамяняе ўсё, да чаго датыкаецца; воблака, то цёмнае, то светлае, у якім аб’яўляецца Божая хвала; ускладанне рук, праз якое ўдзяляецца Дух; голуб, які падчас хросту спускаецца на Хрыста і застаецца на Ім.

140. Што значыць, што Дух «прамаўляў праз прарокаў»?
687-688
702-706
743
Пад словам прарокі разумеюцца людзі, натхнёныя Духам Святым прамаўляць у імя Божае. Дух Святы прыводзіць да поўнага спаўнення прароцтвы Старога Запавету ў Хрысце, таямніцу якога адкрывае ў Новым Запавеце.

141. Што здзяйсняе Дух Святы ў Яну Хрысціцелю?
717-720
Дух напаўняе Яна Хрысціцеля, апошняга прарока Старога Запавету, пасланага пад Яго дзеяннем «падрыхтаваць для Пана народ дасканалы» (Лк 1, 17) і абвясціць прыйсце Хрыста, Сына Божага: таго, над якім Ян бачыў Духа, што сыходзіў і заставаўся на Ім, і які будзе «хрысціць Духам» (Ян 1, 33).

142. Як дзейнічае Дух Святы ў Марыі?
721-726
744
Дух Святы завяршае ў Марыі чаканні і прыгатаванні Старога Запавету да прыйсця Хрыста. Незвычайным чынам Ён напаўняе Яе ласкай і робіць Яе дзявоцтва пладавітым, каб даць свету ўцелаўлёнага Божага Сына. Робіць Яе Маці «ўсяго Хрыста», гэта значыць Хрыста-Галавы і Касцёла, Ягонага цела. Марыя прысутнічае сярод Дванаццаці ў дзень Пяцідзесятніцы, калі Дух Святы распачынае «апошнія часы» аб’яўленнем Касцёла.

143. Якая сувязь існавала паміж Духам Святым і Езусам Хрыстом падчас Яго зямной місіі?
727-730
745- 746
Сын Божы ад моманту свайго ўцелаўлення памазаннем Духа кансэкраваны на Месію. Ён аб’яўляе Духа ў сваім навучанні, выконваючы дадзенае Айцом абяццанне, і спасылае Яго Касцёлу, які нараджаецца, «дыхнуўшы» на Апосталаў пасля свайго ўваскрасення.

144. Што адбываецца ў дзень Пяцідзесятніцы?
731-732
738
Праз пяцьдзесят дзён пасля свайго ўваскрасення, у дзень Пяцідзесятніцы, праслаўлены Езус Хрыстус шчодра пралівае Духа і аб’яўляе Яго як боскую Асобу. Так поўнасцю аб’яўляецца Найсвяцейшая Тройца. Місія Хрыста і Духа Святога становіцца місіяй Касцёла, пасланага абвяшчаць і распаўсюджваць таямніцу трынітарнай еднасці.

«Мы ўбачылі сапраўднае Святло, мы атрымалі нябеснага Духа, мы знайшлі сапраўдную веру: мы пакланяемся непадзельнай Тройцы, бо Яна нас збавіла» (Візантыйская літургія. Трапар з Нешпараў на Пяцідзесятніцу).


145. Што здзяйсняе Дух Святы ў Касцёле?
733-741
747
Дух будуе, ажыўляе і асвячае Касцёл: Дух любові нанова адорвае ахрышчаных Божым падабенствам, страчаным з прычыны граху, і дазваляе ім жыць у Хрысце, удзельнічаць у жыцці Святой Тройцы. Ён пасылае іх сведчыць аб Праўдзе Хрыстовай і ўзгадняе іх узаемныя абавязкі, каб усе прыносілі «плод Духа» (Гал 5, 22).

146. Як дзейнічаюць Хрыстус і Дух Святы ў сэрцах веруючых?
738-741
Праз сакрамэнты Хрыстус усім членам свайго цела дае свайго Духа і Божую ласку, якая прыносіць плады новага жыцця паводле Духа. Урэшце, Дух Святы ёсць Настаўнікам малітвы.


«ВЕРУ Ў СВЯТЫ КАСЦЁЛ КАТАЛIЦКI»

Касцёл у Божым намеры

147. Што азначае тэрмін Касцёл?
751-752
777, 804
Ён азначае народ, які Бог запрашае і збірае з усіх межаў зямлі, каб стварыць супольнасць тых, якія праз веру і хрост становяцца дзецьмі Божымі, членамі Хрыста і святыняй Духа Святога.

148. Якія іншыя назвы і вобразы Касцёла ёсць у Бібліі?
753-757
У Святым Пісанні мы знаходзім шмат вобразаў, якія выяўляюць дадатковыя аспекты таямніцы Касцёла. Стары Запавет аддае перавагу вобразам, звязаным з Божым народам; Новы Запавет — вобразам, звязаным з Хрыстом, як Галавою гэтага народу, які ёсць Яго целам, а таксама вобразам, узятым з жыцця пастухоў (аўчарня, паства, авечкі), з земляробства (ніва, аліўкавае дрэва, вінаграднік), будаўніцтва (жыллё, камень, святыня), сямейнага жыцця (абранніца, маці, сям’я).

149. Якім ёсць пачатак і завяршэнне Касцёла?
758-766
778
Касцёл знаходзіць свой пачатак і завяршэнне ў адвечным намеры Бога. Ён быў прыгатаваны ў Старым Запавеце выбраннем Ізраэля — знаку будучага з’яднання ўсіх народаў. Заснаваны на словах і справах Езуса Хрыста, ён быў галоўным чынам здзейснены праз Яго збаўчую смерць і ўваскрасенне. Пазней быў аб’яўлены як таямніца збаўлення праз праліццё Духа Святога ў дзень Пяцідзесятніцы. Напрыканцы часоў ён асягне сваё завяршэнне ў нябесным сходзе ўсіх збаўленых.

150. Якая місія Касцёла?
767-769
Місіяй Касцёла з’яўляецца абвяшчэнне і будаванне сярод усіх людзей Божага Валадарства, урачыста распачатага Езусам Хрыстом. Ён тут, на зямлі, з’яўляецца насеннем і пачаткам гэтага збаўчага Валадарства.

151. У якім сэнсе Касцёл з’яўляецца таямніцай?
770-773
779
Касцёл — гэта таямніца, бо ў яго бачнай рэчаіснасці прадстаўлена і ажыццяўляецца духоўная, боская рэчаіснасць, якую можна ўбачыць толькі вачыма веры.

152. Што значыць, што Касцёл — гэта паўсюдны сакрамэнт збаўлення?
774-776
780
Касцёл з’яўляецца знакам і прыладай паяднання і еднасці ўсяго чалавецтва з Богам і адзінства ўсяго чалавечага роду.


Касцёл: Божы народ, цела Хрыста,
святыня Духа Святога


153. Чаму Касцёл — гэта Божы народ?
781
802-804
Касцёл — гэта Божы народ таму, што спадабалася Богу асвячаць і збаўляць людзей не паасобку, але як з’яднаны народ, злучаны адзінствам Айца, Сына і Духа Святога.

154. Якія характэрныя рысы Божага народу?
782
Гэта народ, членамі якога становяцца праз веру ў Хрыста і хрост; яго пачатак — Бог Айцец, яго Галава — Езус Хрыстус, яго стан — годнасць і свабода дзяцей Божых, яго закон — новая запаведзь любові, яго місія — быць соллю зямлі і святлом свету, яго мэта — Божае Валадарства, распачатае ўжо тут, на зямлі.

155. У якім сэнсе Божы народ удзельнічае ў трох функцыях Хрыста: Святара, Прарока, Караля?
783-786
Божы народ удзельнічае ў святарскім служэнні Хрыста, бо ахрышчаныя кансэкруюцца Духам Святым, каб складаць духоўныя ахвяры; удзельнічае ў Яго прароцкім служэнні, бо са звышпрыродным пачуццём веры трывае ў гэтай веры, паглыбляе яе і сведчыць аб ёй; удзельнічае ў Яго каралеўскім служэнні, наследуючы Езуса Хрыста, Валадара сусвету, які ўчыніў сябе слугой усіх, асабліва бедных і церпячых.

156. У якім сэнсе Касцёл ёсць целам Хрыста?
787-791
805-806
Праз Духа Святога памерлы і ўваскрослы Хрыстус глыбока яднае з сабой сваіх верных. Такім чынам веруючыя ў Хрыста, якія яднаюцца з Ім асабліва ў Эўхарыстыі, яднаюцца паміж сабой у любові, ствараючы адзінае цела — Касцёл, адзінства якога ажыццяўляецца ў разнастайнасці членаў і іх функцый.

157. Хто з’яўляецца галавой гэтага цела?
792-795
807
Хрыстус — «Галава цела, гэта значыць Касцёла» (Клс 1, 18). Касцёл жыве ў Ім, з Ім, і праз Яго. Хрыстус і Касцёл ствараюць «усяго Хрыста» (св. Аўгустын); «Галава і члены, так бы мовіць, гэта адзіная містычная асоба» (св. Тамаш Аквінскі).

158. Чаму Касцёл называюць абранніцай Хрыста?
796
808
Сам Пан назваў сябе «жаніхом» (Мк 2, 19), які палюбіў Касцёл, яднаючы яго з сабою праз вечны запавет. Ён даў сябе самога Касцёлу, каб ачысціць яго сваёй крывёю, «асвяціць яго» (Эф 5, 26) і зрабіць пладавітай маці ўсіх дзяцей Божых. У той час, як тэрмін «цела» ўказвае на адзінства «Галавы» з яго членамі, тэрмін «абранніца» падкрэслівае адрозненне паміж імі ў асабовых адносінах.

159. Чаму Касцёл называецца святыняй Духа Святога?
797-798
809-810
Дух Святы жыве ў целе, якім ёсць Касцёл: у яго Галаве і членах; акрамя таго, Ён у любові будуе Касцёл праз Божае слова, сакрамэнты, цноты і харызмы.

«Чым ёсць наш дух, гэта значыць наша душа, для нашых членаў, тым жа ёсць Дух Святы для членаў Хрыста, для цела Хрыста, якім ёсць Касцёл» (св. Аўгустын).


160. Што такое харызмы?
799-801
Харызмы — гэта асаблівыя дары Духа Святога, дадзеныя асобным вернікам дзеля дабра людзей, для патрэб свету і асабліва для будавання Касцёла, Настаўніцкі Інстытут якога павінен распазнаваць гэтыя харызмы.


Касцёл ёсць адзіны, святы, каталіцкі і апостальскі

161. Чаму Касцёл адзіны?
813-815
866
Касцёл адзіны, бо яго крыніца і ўзор — еднасць адзінага Бога ў трох Асобах; бо яго заснавальнік і Галава — Езус Хрыстус, які аднаўляе адзінства ўсіх народаў у адным целе; бо яго душа — Дух Святы, які яднае ўсіх вернікаў у супольнасці з Хрыстом. Касцёл вызнае адну веру, мае адно сакрамэнтальнае жыццё, адну апостальскую сукцэсію, адну агульную надзею і тую самую любоў.

162. Дзе існуе адзіны Хрыстовы Касцёл?
816
870
Адзіны Хрыстовы Касцёл, заснаваны і арганізаваны ў свеце як супольнасць, трывае (subsistit in) ў каталіцкім Касцёле, якім кіруе наступнік св. Пятра і біскупы ў еднасці з ім. Толькі праз Касцёл можна атрымаць паўнату сродкаў збаўлення, бо Пан даручыў усе даброты Новага Запавету адзінай Калегіі Апосталаў, галавой якой з’яўляецца св. Пётр.

163. Як ставіцца да хрысціянаў некатолікаў?
817-819
У Касцёлах і касцёльных супольнасцях, якія адышлі ад поўнай еднасці з каталіцкім Касцёлам, існуюць многія элементы асвячэння і праўды. Усе гэтыя даброты паходзяць ад Хрыста і вядуць да каталіцкага адзінства. Члены гэтых Касцёлаў і супольнасцяў далучаныя да Хрыста праз хрост: мы лічым іх братамі.

164. Як можна прычыніцца да будавання адзінства хрысціянаў?
820-822
866
Жаданне аднавіць адзінства ўсіх хрысціянаў ёсць дарам Хрыста і заклікам Духа Святога. Гэта датычыць усяго Касцёла і ажыццяўляецца праз навяртанне сэрца, малітву, узаемнае братэрскае пазнанне, тэалагічны дыялог.

165. У якім сэнсе Касцёл святы?
823-829
867
Касцёл святы, бо Найсвяцейшы Бог з’яўляецца яго заснавальнікам; Хрыстус аддаў сябе самога за яго, каб асвяціць яго і зрабіць тым, хто асвячае; Дух Святы ажыўляе яго любоўю. У Касцёле ёсць паўната сродкаў збаўлення. Святасць з’яўляецца пакліканнем кожнага яго члена і мэтаю кожнай яго дзейнасці. Да Касцёла належыць Дзева Марыя і незлічоная колькасць святых, якія з’яўляюцца для яго прыкладам і заступнікамі. Святасць Касцёла — крыніца асвячэння яго дзяцей, якія тут, на зямлі, прызнаюць сябе грэшнікамі і якія заўсёды маюць патрэбу ў навяртанні і ачышчэнні.

166. Чаму Касцёл называюць каталіцкім?
830-831
868
Касцёл называецца каталіцкім, гэта значыць паўсюдным, бо ў ім прысутнічае Хрыстус: «Там, дзе ёсць Езус Хрыстус, там ёсць каталіцкі Касцёл» (св. Ігнацый з Антыёхіі). Касцёл абвяшчае сукупнасць і цэласнасць веры; нясе ў сабе і кіруе паўнатой сродкаў збаўлення; ён пасланы да ўсіх народаў, усіх часоў і розных культур.

167. Ці з’яўляецца каталіцкім мясцовы Касцёл?
832-835
Каталіцкім з’яўляецца ўсялякі мясцовы (г.зн. дыяцэзія і епархія) Касцёл, які стварае супольнасць хрысціянаў, што прабываюць у еднасці веры і сакрамэнтаў са сваім біскупам, пасвячаным у апостальскай сукцэсіі, і з Рымскім Касцёлам, які «кіруе ў любові» (св. Ігнацый з Антыёхіі).

168. Хто належыць да каталіцкага Касцёла?
836-838
Усе людзі розным чынам належаць або прызначаныя да каталіцкага адзінства Божага народу. Цалкам далучанымі да каталіцкага Касцёла з’яўляюцца тыя, хто, маючы Духа Хрыста, злучаны з ім повязямі вызнання веры, сакрамэнтаў, касцёльнага кіраўніцтва і еднасці. Ахрышчаныя, якія ва ўсёй паўнаце не ўдзельнічаюць у гэтым каталіцкім адзінстве, таксама знаходзяцца ў еднасці, хоць і недасканалай, з каталіцкім Касцёлам.

169. Як каталіцкі Касцёл ставіцца да габрэйскага народу?
839-840
Каталіцкі Касцёл прызнае сваю сувязь з габрэйскім народам, бо гэты народ Бог выбраў першым сярод усіх, каб ён прыняў Яго слова. Гэта габрэйскаму народу належаць усынаўленне, і хвала, і запаветы, і ўстанаўленне законаў, і Божае служэнне, і абяцанні. Да яго належаць патрыярхі і з яго, паводле цела, — Хрыстус (пар. Рым 9, 4.5). У адрозненне ад іншых нехрысціянскіх рэлігій габрэйская вера — гэта ўжо адказ на Аб’яўленне Бога ў Старым Запавеце.

170. Якая сувязь існуе паміж каталіцкім Касцёлам і нехрысціянскімі рэлігіямі?
841-845
Існуе сувязь, перш за ўсё, праз паходжанне і агульную мэту ўсяго чалавецтва. Каталіцкі Касцёл прызнае, што ўсё добрае і праўдзівае, што існуе ў іншых рэлігіях, паходзіць ад Бога, ёсць промнем Ягонай праўды, можа падрыхтаваць да прыняцця Евангелля і схіліць да адзінства чалавецтва ў Хрыстовым Касцёле.

171. Што азначае сцвярджэнне: «Па-за Касцёлам няма збаўлення»?
846-848
Кожнае збаўленне паходзіць ад Хрыста-Галавы праз Касцёл, які ёсць Яго целам. Таму не могуць быць збаўленыя тыя, хто, ведаючы, што Касцёл заснаваны Хрыстом і неабходны для збаўлення, не ўваходзіць у яго і не трывае ў ім. У той жа час, дзякуючы Хрысту і Ягонаму Касцёлу могуць атрымаць вечнае збаўленне тыя, хто не па-сваёй віне не ведае Евангелля Хрыста і Ягонага Касцёла, але шчыра шукае Бога і пад уздзеяннем ласкі імкнецца выканаць Яго волю, пазнаную праз голас сумлення.

172. Чаму Касцёл павінен абвяшчаць Евангелле ўсяму свету?
849-851
Хрыстус наказаў: «Ідзіце і навучайце ўсе народы, і хрысціце іх у імя Айца і Сына, і Духа Святога» (Мц 28, 19). Гэты місійны наказ Пана мае крыніцу ў вечнай любові Бога, які паслаў свайго Сына і свайго Духа, бо «хоча, каб усе людзі былі збаўленыя і дайшлі да пазнання праўды» (1 Цім 2, 4).

173. У якім сэнсе Касцёл з’яўляецца місійным?
852-856
Касцёл, якім кіруе Дух Святы, на працягу гісторыі працягвае місію самога Хрыста. Таму хрысціяне павінны абвяшчаць усім Добрую Навіну, прынесеную Хрыстом, ідучы Яго шляхам, і быць гатовымі на самаахвярнасць ажно да мучаніцтва.

174. Чаму Касцёл апостальскі?
857
869
Касцёл апостальскі паводле свайго паходжання, бо пабудаваны на «падмурку Апосталаў» (Эф 2, 20); паводле свайго навучання, якое і ёсць апостальскім; паводле сваёй структуры, бо — ажно да паўторнага прыйсця Хрыста – яго навучаюць, асвячаюць і ім кіруюць Апосталы праз сваіх наступнікаў, біскупаў, у еднасці з наступнікам св. Пятра.

175. У чым заключаецца місія Апосталаў?
858-861
Слова «апостал» азначае «пасланнік». Езус, пасланы Айцом, паклікаў да сябе Дванаццаць сярод сваіх вучняў і ўстанавіў іх сваімі Апосталамі, выбранымі сведкамі свайго ўваскрасення і падмуркам свайго Касцёла. Езус даў ім наказ працягваць Яго місію, кажучы: «Як Айцец паслаў Мяне, так і Я пасылаю вас» (Ян 20, 21) і абяцаючы быць з імі ажно да сканчэння свету.

176. Што такое апостальская сукцэсія?
861-865
Апостальская сукцэсія — гэта пераказванне місіі і ўлады Апосталаў іх пераемнікам, біскупам, праз сакрамэнт пасвячэння. Дзякуючы гэтаму пераказванню Касцёл застаецца ў еднасці веры і жыцця са сваёй крыніцай і на працягу стагоддзяў выкарыстоўвае розныя формы апостальства для пашырэння Валадарства Хрыста на зямлі.


Вернікі: іерархія, свецкія, кансэкраванае жыццё

177. Хто такія вернікі?
871-872
Вернікі — гэта тыя, хто, далучыўшыся да Хрыста праз хрост, належыць да Божага народу. Стаўшы паводле асабістага стану ўдзельнікамі святарскай, прароцкай і каралеўскай функцый Хрыста, яны пакліканыя ажыццяўляць місію, якую Бог даручыў Касцёлу. Паміж імі існуе сапраўдная роўнасць у іх годнасці дзяцей Божых.

178. З каго складаецца Божы народ?
873
934
У Касцёле як Божай установе ёсць святыя распарадчыкі, якія атрымалі сакрамэнт пасвячэння і ствараюць касцёльную іерархію. Астатнія называюцца свецкімі. Ёсць вернікі, што належаць да першай і другой катэгорыі, якія асаблівым чынам прысвячаюць сябе Богу праз абяцанне евангельскіх парадаў: чыстасці ў цэлібаце, убоства і паслухмянасці.

179. Навошта Хрыстус устанавіў касцёльную іерархію?
874-876
935
Хрыстус устанавіў касцёльную іерархію для пастырства над Божым народам ад Яго імя і даў ёй для гэтага ўладу. Касцёльная іерархія складаецца са святых распарадчыкаў: біскупаў, прэзбітэраў і дыяканаў. Дзякуючы сакрамэнту пасвячэння біскупы і прэзбітэры здзяйсняюць свае абавязкі ад імя і ў асобе Хрыста-Галавы; дыяканы служаць Божаму народу ў дыяконіі (служэнні) слова, літургіі і любові.

180. У чым выяўляецца калегіяльны характар эклезіяльнага служэння?
877
Па прыкладзе дванаццаці Апосталаў, разам выбраных і пасланых Хрыстом, адзінства членаў касцёльнай іерархіі служыць еднасці ўсіх вернікаў. Кожны біскуп выконвае сваё служэнне як член Калегіі Біскупаў у еднасці з Папам, клапоцячыся разам з ім аб паўсюдным Касцёле. Святары выконваюць сваю справу ў прэзбітэрыі мясцовага Касцёла ў еднасці са сваім біскупам і пад яго кіраўніцтвам.

181. Чаму эклезіяльнае служэнне мае таксама асабовы характар?
878-879
Эклезіяльнае служэнне мае таксама асабовы характар, бо з прычыны сакрамэнту пасвячэння кожны нясе адказнасць перад Хрыстом, які асабіста яго паклікаў і даручыў яму місію.

182. У чым заключаецца місія Папы?
881-882
936-937
Папа, Біскуп Рыма і наступнік св. Пятра, з’яўляецца трывалым і бачным пачаткам і падмуркам адзінства Касцёла. З’яўляецца вікарыем Хрыста, галавой Калегіі Біскупаў і пастырам усяго Касцёла, над якім, паводле Божага ўстанаўлення, мае поўную, найвышэйшую, непасрэдную і паўсюдную ўладу.

183. Якое заданне Калегіі Біскупаў?
883-885
Калегія Біскупаў, у еднасці з Папам і ніколі без яго, ажыццяўляе над Касцёлам найвышэйшую і поўную ўладу.

184. Як біскупы здзяйсняюць сваю місію навучання?
888-890
939
Біскупы ў еднасці з Папам як праўдзівыя сведкі апостальскай веры і ўлады, дадзенай ім Хрыстом, маюць абавязак верна і аўтарытэтна абвяшчаць усім Евангелле. Праз звышпрыроднае пачуццё веры Божы народ цвёрда трывае ў ёй пад кіраўніцтвам жывога Настаўніцкага Інстытута Касцёла.

185. Калі ажыццяўляецца беспамылковасць Настаўніцкага Інстытута Касцёла?
891
Беспамылковасць ажыццяўляецца, калі Рымскі Пантыфік як найвышэйшы Пастыр Касцёла або Калегія Біскупаў, сабраная перадусім на Сусветным Саборы, у еднасці з Папам абвяшчае дэфінітыўным актам дактрыну, якая датычыць веры або маральнасці; а таксама, калі Папа і біскупы, здзяйсняючы сваё звычайнае настаўніцтва, узгоднена падаюць дактрыну, якая мае дэфінітыўны характар. Такое навучанне кожны вернік павінен прымаць у паслухмянасці веры.

186. Як біскупы выконваюць місію асвячэння?
893
Біскупы асвячаюць Касцёл, размяркоўваючы ласку Хрыста праз паслугу слова і сакрамэнтаў, галоўным чынам Эўхарыстыі, а таксама сваёй малітвай, сваім прыкладам і сваёй працай.

187. Як біскупы выконваюць абавязак кіравання?
894-896
Паколькі кожны біскуп з’яўляецца членам Калегіі Біскупаў, то калегіяльна, разам з іншымі біскупамі, з’яднанымі з Папам, ён бярэ на сябе клопат пра ўсе мясцовыя Касцёлы і пра ўвесь Касцёл. Біскуп, якому давераны адзін мясцовы Касцёл, кіруе ім з аўтарытэтам святой улады, уласнай, звычайнай і непасрэднай, якая здзяйсняецца ў імя Хрыста, Добрага Пастыра, у еднасці з усім Касцёлам і пад кіраўніцтвам наступніка св. Пятра.

188. Якое пакліканне свецкіх вернікаў?
897-900
940
Свецкія вернікі, згодна са сваім пакліканнем, павінны шукаць Божае Валадарства, асвячаючы і кіруючы часовай рэчаіснасцю паводле Божай задумы. Такім чынам яны ажыццяўляюць заклік да святасці і апостальства, скіраваны да ўсіх ахрышчаных.

189. Як свецкія вернікі ўдзельнічаюць у святарскім служэнні Хрыста?
901-903
Яны ўдзельнічаюць у ім, прыносячы, галоўным чынам у Эўхарыстыі, «духоўныя ахвяры, прыемныя Богу, праз Езуса Хрыста» (1 П 2, 5): асабістае жыццё з усімі справамі, малітву і апостальскія ініцыятывы, сямейнае жыццё і штодзённую працу, цярпліва перанесеныя жыццёвыя цяжкасці, цялесны і духоўны адпачынак. Такім чынам і свецкія, прысвечаныя Хрысту і намашчаныя Духам Святым, прыносяць у дар Богу гэты свет.

190. Як свецкія вернікі ўдзельнічаюць у Яго прароцкім служэнні?
904-907
942
Яны ўдзельнічаюць у ім, усё больш прымаючы ў веры слова Хрыста і абвяшчаючы яго свету праз сведчанне жыццём і словам, праз евангелізацыю і катэхезу. Гэтыя евангелізацыйныя ўчынкі набываюць асаблівую дзейснасць таму, што здзяйсняюцца ў звычайных умовах гэтага свету.

191. Як свецкія вернікі ўдзельнічаюць у Яго каралеўскім служэнні?
908-913
943
Свецкія ўдзельнічаюць у каралеўскім служэнні Хрыста, атрымліваючы ад Яго моц перамагаць грэх у сабе і ў свеце самавырачэннем і святасцю свайго жыцця. Яны выконваюць розныя абавязкі ў служэнні супольнасці, напаўняючы маральнымі каштоўнасцямі зямныя справы чалавека і грамадскіх устаноў.

192. Што такое кансэкраванае жыццё?
914-916
944
Гэта стан жыцця, устаноўлены Касцёлам. Гэта дабравольны адказ на асаблівы заклік Хрыста, калі кансэкраваныя асобы цалкам прысвячаюць сябе Богу і пад натхненнем Духа Святога імкнуцца да дасканалай любові. Гэтая кансэкрацыя характарызуецца практыкаваннем евангельскіх парадаў.

193. Што ўносіць кансэкраванае жыццё ў місію Касцёла?
931-933
945
Кансэкраванае жыццё ўдзельнічае ў місіі Касцёла праз поўную адданасць Хрысту і братам у сведчанні надзеі Нябеснага Валадарства.


Веру ў еднасць святых

194. Што азначае выраз еднасць святых?
946-953
960
Гэты выраз указвае перш за ўсё на агульны ўдзел усіх членаў Касцёла ў святых рэчах (sancta): у веры, у сакрамэнтах, асабліва ў Эўхарыстыі, у харызмах і іншых духоўных дарах. Падставай еднасці з’яўляецца любоў, якая «не шукае свайго» (1 Кар 13, 5), але схіляе вернікаў да таго, каб у іх «усё было агульнае» (Дз 4, 32), каб таксама іх уласныя матэрыяльныя даброты служылі бяднейшым.

195. Што яшчэ азначае выраз еднасць святых?
954-959
961-962
Гэты выраз азначае таксама еднасць паміж святымі асобамі (sancti), гэта значыць паміж тымі, хто дзякуючы ласцы з’яднаны з Хрыстом, памерлым і ўваскрослым. Адны з’яўляюцца пілігрымамі на зямлі; іншыя, хто адышоў з гэтага свету і знаходзіцца ў стане ачышчэння, падтрымліваюцца нашымі малітвамі; а іншыя, урэшце, ужо цяпер цешацца хвалой Божай і заступаюцца за нас. Усе разам яны ствараюць у Хрысце адну сям’ю, Касцёл, дзеля хвалы і праслаўлення Найсвяцейшай Тройцы.


Марыя – Маці Хрыста, Маці Касцёла

196. У якім сэнсе благаслаўлёная Дзева Марыя з’яўляецца Маці Касцёла?
963-966
973
Благаслаўлёная Дзева Марыя з’яўляецца Маці Касцёла ў парадку ласкі, бо нарадзіла на свет Езуса, Сына Божага, Галаву цела, якім ёсць Касцёл. Езус, паміраючы на крыжы, даў Яе як маці вучню такімі словамі: «Вось Маці твая» ( Ян 19, 27).

197. Як Дзева Марыя дапамагае Касцёлу?
967-970
Пасля ўнебаўшэсця свайго Сына Дзева Марыя падтрымлівае сваімі малітвамі ўзнікаючы Касцёл. Нават пасля свайго ўнебаўзяцця Яна працягвае заступацца за сваіх дзяцей, з’яўляецца для ўсіх прыкладам веры і любові і мае на іх збаўчы ўплыў, які выцякае з паўнаты заслуг Хрыста. Вернікі бачаць у Ёй вобраз і прадвесце ўваскрашэння, якога яны чакаюць, і звяртаюцца да Яе як да Заступніцы, Успамогі, Выратавальніцы, Пасрэдніцы.

198. Які від культу належыць Святой Дзеве?
971
Гэта выключны культ, але ён істотна адрозніваецца ад культу пакланення, што належыць толькі Найсвяцейшай Тройцы. Гэта культ асаблівай пашаны, які выражаецца ў літургічных святах, прысвечаных Маці Божай, і ў такіх марыйных малітвах, як Святы Ружанец, які з’яўляецца кароткім зместам усяго Евангелля.

199. Якім чынам благаслаўлёная Дзева Марыя з’яўляецца эсхаталагічным вобразам Касцёла?
972
974-975
Гледзячы на Марыю, усесвятую і ўжо праслаўленую душой і целам, Касцёл сузірае ў Ёй тое, чым ён пакліканы быць тут, на зямлі, і тое, чым ён будзе ў Нябеснай Айчыне.


«ВЕРУ Ў АДПУШЧЭННЕ ГРАХОЎ»

200. Як адпускаюцца грахі?
976, 980
984-985
Першы і галоўны сакрамэнт прабачэння грахоў — хрост. Для грахоў, учыненых пасля хросту, Хрыстус устанавіў сакрамэнт паяднання або пакаяння, з дапамогай якога ахрышчаныя яднаюцца з Богам і Касцёлам.

201. Чаму Касцёл мае ўладу прабачаць грахі?
981-983
986-987
Касцёл мае місію і ўладу прабачаць грахі, бо сам Хрыстус даў яму гэтыя паўнамоцтвы: «Прыміце Духа Святога. Каму адпусціце грахі, таму будуць адпушчаныя, на кім пакінеце, на тым застануцца» (Ян 20, 22-23).


«ВЕРУ ВА ЎВАСКРАШЭННЕ ЦЕЛА»

202. Што азначае тэрмін цела, і якое яно мае значэнне?
990
1015
Тэрмін цела азначае чалавека ў стане слабасці і смяротнасці. «Цела — аснова збаўлення» (Тэртуліян). І сапраўды, мы верым у Бога, які стварыў цела; верым у Слова, якое сталася целам дзеля адкуплення цела; верым ва ўваскрашэнне цела — завяршэнне стварэння і акупленне цела.

203. Што азначае выраз «уваскрашэнне цела»?
990
Канчатковым станам чалавека будзе не толькі духоўная душа, аддзеленая ад цела, але таксама нашыя смяротныя целы аднойчы зноў атрымаюць жыццё.

204. Якая сувязь паміж уваскрасеннем Хрыста і нашым уваскрашэннем?
998
1002-1003
Таксама як Хрыстус уваскрос з памерлых і жыве вечна, Ён сам уваскрасіць усіх у апошні дзень у незнішчальным целе: «Тыя, хто чыніў добрае, уваскрэснуць для жыцця, а тыя, хто рабіў зло, уваскрэснуць для асуджэння» (Ян 5, 29).

205. Што адбываецца з нашым целам і душой падчас смерці?
992-1004
1016-1018
У хвіліну смерці, калі адбываецца аддзяленне душы ад цела, цела паддаецца тленню, а несмяротная душа ідзе насустрач Божаму Суду і чакае з’яднання з целам, калі падчас паўторнага прыйсця Пана яно ўваскрэсне адноўленым. Разуменне таго, як адбудзецца ўваскрашэнне, пераўзыходзіць магчымасці нашага ўяўлення і розуму.

206. Што значыць памерці ў Езусе Хрысце?
1005-1014
1019
Гэта значыць памерці ў стане Божай ласкі, без смяротнага граху. Той, хто верыць у Хрыста, наследуючы Яго прыклад, можа перамяніць сваю смерць у акт паслухмянасці і любові да Айца. «Праўдзівае слова: калі мы разам з Ім памерлі, то з Ім і ажывём» (2 Цім 2, 11).


«ВЕРУ Ў ЖЫЦЦЁ ВЕЧНАЕ»

207. Што такое жыццё вечнае?
1020
1051
Жыццё вечнае — гэта жыццё, якое пачнецца адразу пасля смерці. Яно не будзе мець канца. Яму будзе папярэднічаць — для кожнага — падрабязны суд, які здзяйсняецца Хрыстом — Суддзёй жывых і памерлых, і які будзе пацверджаны Апошнім Судом.

208. Што такое падрабязны суд?
1021-1022
1051
Гэта суд непасрэднай Божай адплаты, якую кожны чалавек адразу пасля смерці атрымлівае ў сваёй несмяротнай душы паводле сваёй веры і сваіх учынкаў. Гэтая адплата заключаецца ў тым, што душа ўваходзіць або ў нябеснае шчасце — адразу ці пасля адпаведнага ачышчэння, — або ў вечнае пакаранне ў пекле.

209. Што маецца на ўвазе пад словам «неба»?
1023-1026
1053
Пад словам «неба» маецца на ўвазе стан найвышэйшага і канчатковага шчасця. Тыя, хто памірае ў стане Божай ласкі і не мае патрэбы ў далейшым ачышчэнні, збіраюцца вакол Езуса і Марыі, анёлаў і святых. Яны ствараюць такім чынам нябесны Касцёл, дзе бачаць Бога «тварам у твар» (1 Кар 13, 12), жывуць у супольнасці любові з Найсвяцейшай Тройцай і заступаюцца за нас.

«Жыццё, у сваёй рэчаіснасці і праўдзе, ёсць Айцец, які праз Сына ў Духу Святым вылівае, як з крыніцы, на ўсіх нас свае нябесныя дары. Па сваёй дабрыні сапраўды абяцае таксама нам, людзям, боскія даброты вечнага жыцця» (св. Кірыл Ерузалемскі).


210. Што такое чысцец?
1030-1031
1054
Чысцец — гэта стан тых, хто памірае ў сяброўстве з Богам, але, хоць і ўпэўнены ў сваім вечным збаўленні, мае ўсё ж патрэбу ў ачышчэнні дзеля таго, каб увайсці ў нябеснае шчасце.

211. Як мы можам дапамагчы ачышчэнню душ у чыстцы?
1032
З прычыны еднасці святых вернікі, якія яшчэ пілігрымуюць на зямлі, могуць дапамагаць чыстцовым душам, ахвяруючы за іх малітвы ўміласціўлення, асабліва эўхарыстычную Ахвяру, а таксама міласціну, адпусты і справы пакаяння.

212. Што такое пекла?
1033-1035
1056-1057
Пекла — гэта вечнае пакаранне тых, хто памірае ў смяротным граху, дабравольна выбраўшы яго. Асноўная кара пекла заключаецца ў вечным адлучэнні ад Бога, а чалавек толькі ў Богу мае жыццё і шчасце, дзеля гэтага ён быў створаны і да гэтага імкнецца. Хрыстус выражае гэтую рэчаіснасць словамі: «Ідзіце ад Мяне, праклятыя, у агонь вечны» (Мц 25, 41).

213. Як спалучаецца існаванне пекла з бясконцай дабрынёй Бога?
1036-1037
Бог, жадаючы, «каб усе прыйшлі да пакаяння» (2 П 3, 9), стварыў аднак чалавека свабодным і адказным і шануе яго выбар. Таму сам чалавек, будучы цалкам свабодным, дабравольна адлучаецца ад еднасці з Богам, калі аж да моманту сваёй смерці трывае ў смяротным граху, адкідваючы міласэрную любоў Бога.

214. Што такое Апошні Суд?
1038-1041
1058-1059
Апошні (паўсюдны) Суд будзе заключацца ў прысудзе да благаслаўлёнага жыцця або да вечнага пакарання, які Пан Езус, вяртаючыся як Суддзя жывых і памерлых, вынесе для «справядлівых і несправядлівых» (Дз 24, 15), што сабраліся разам перад Ім. У выніку гэтага Апошняга Суда ўваскрослае цела будзе ўдзельнічаць у адплаце, якую душа атрымала на падрабязным судзе.

215. Калі адбудзецца Апошні Суд?
1040
Гэты суд адбудзецца напрыканцы свету, дзень і час якога ведае толькі Бог.

216. Што такое надзея новага неба і новай зямлі?
1042-1050
1060
Пасля Апошняга Суда ўвесь сусвет, вызвалены з няволі сапсаванасці, будзе ўдзельнічаць у хвале Хрыста праз урачыстае адкрыццё «новых нябёсаў» і «новай зямлі» (2 П 3, 13). Такім чынам дасягнецца паўната Божага Валадарства, гэта значыць канчатковага ажыццяўлення збаўчага намеру Бога «аднавіць усё ў Хрысце: тое, што на нябёсах і на зямлі» (Эф 1, 10). Бог тады будзе «ўсё ва ўсім» (1 Кар 15, 28) у вечным жыцці.


«Амэн»
217. Што азначае слова «амэн», якім завяршаецца нашае вызнанне веры?
1061-1065
Габрэйскае слова «амэн», якім завяршаецца таксама апошняя кніга Святога Пісання, а таксама некаторыя малітвы Новага Запавету і літургічныя малітвы Касцёла, азначае нашае ўпэўненае і поўнае «так» вызнаванай намі веры, з цалкавітым даверам таму, хто ёсць канчатковым «Амэн» (Ап 3, 14), — Езусу Хрысту.
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.