Пошук

29.05.2020 11:10   Паводле: Brewiarz.pl / Catholic.by
Фота: Аsianews.it

29 мая адзначаецца ўспамін святога Паўла VI, Папы, які завяршыў працу Другога Ватыканскага Сабору і прычыніўся да новага адкрыцця Касцёла на патрэбы чалавека і сучаснага свету.

Джаванні Батыста Манціні, будучы Папа Павел VI, нарадзіўся ў Канчэзіё (правінцыя Брэша) 26 верасня 1897 года ў сям’і, якая была актыўнай у рэлігійным і грамадскім жыцці. Дзякуючы сведчанню любові ягоныя бацькі, асабліва матуля, дапамаглі свайму Джанні ўсвядоміць каштоўнасць духоўнага жыцця і малітвы. Тата выхоўваў сына як актыўнага католіка і адказнага грамадзяніна, вернага вучэнню Касцёла.

Пакліканне да святарскага служэння ў будучага Папы развівалася ў Брэшы, у кантакце з бэнэдыктынскай літургіяй, у вялікай пакоры і пачуцці ахвяры і дару. З-за праблем са здароўем, якія пазней удалося пераадолець, малады Джаванні Манціні вучыўся экстэрнам у семінарыі ў Брэшы. Гэта дазволіла яму падзяляць нялёгкі лёс сваіх суграмадзянаў і непасрэдна ўдзельнічаць у драме Першай сусветнай вайны, што не магло не адбіцца на яго асобе.

Пасля святарскага пасвячэння, прынятага 29 мая 1920 года, малады святар Джаванні Батыста Манціні жадаў прысвяціць сябе душпастырскаму служэнню ў парафіі, але замест гэтага быў скіраваны ў Рым. Там ён меў намер вывучаць філасофію, але зноў яго планы не здзейсніліся, і яму давялося паступіць на факультэт кананічнага права і дыпламатыі.

Новапрэзбітэру было нялёгка прыняць усё гэта, аднак ён перажываў складаны досвед з вялікім даверам да Божага Провіду.

Пад канец 1923 года, пасля таго, як ён пэўны час працаваў сакратаром Апостальскай нунцыятуры ў Польшчы, ксёндз Манціні распачаў працу ў Дзяржаўным Сакратарыяце Святога Пасаду, якой прысвяціў трыццаць гадоў, дасягнуўшы ў гэтай структуры высокага становішча.

Нават у складаных сітуацыях будучы Папа заўсёды ўспрымаў дыпламатыю як мастацтва слухання розных людзей і будаўніцтва міру. Але перадусім ён клапаціўся пра тое, каб цалкам прысвячаць сябе Хрысту, у духу святарства. Ён нёс душпастырскае служэнне ў парафіі святой Ганны і ў касцёле Сан-Пэлегрына, духоўна і матэрыяльна падтрымліваў жыхароў бедных рымскіх прадмесцяў. Заснаваў Канферэнцыю святога Вінцэнта і быў шырока вядомы як добры прапаведнік.

З канца 1923 года Джаванні Батыста Манціні на працягу дзесяці гадоў выконваў абавязкі касцёльнага асістэнта італьянскага ўніверсітэцкага Каталіцкага Дзеяння — напачатку ў Рыме, а пазней на нацыянальным узроўні. У 1933 годзе ён балюча перажыў вымушанае звальненне ад гэтых абавязкаў, але і гэтае выпрабаванне ён перанёс з пакораю і ў духу паслухмянасці Касцёлу.

У 1955–1963 гадах быў арцыбіскупам Міланскім. На гэтай высокай касцёльнай пасадзе ён асабліва займаўся светам працы, новымі беднымі пасля эканамічнага буму, людзьмі, адкінутымі на ўзбочыну жыцця. Пабудаваў 123 новыя касцёлы, для ўсяго горада арганізаваў вялікія і незабыўныя народныя місіі. Засноўваў арганізацыі сацыяльнай дапамогі і шырока карыстаўся новымі сродкамі камунікацыі. У 1958 годзе быў менаваны кардыналам і падрыхтоўваў дакументы Другога Ватыканскага Сабору.

Пасля смерці Яна ХХІІІ, які склікаў Сабор, кардынал Манціні 21 чэрвеня 1963 года быў выбраны яго наступнікам.

Свой пантыфікат новы Папа распачаў пад імем Паўла VI. Яго галоўным клопатам і заслугаю стала разважлівае кіраўніцтва далейшай працай Сабору. Пасля яго паспяховага завяршэння Пантыфік рупліва займаўся ўвасабленнем саборных рашэнняў у жыццё Касцёла.

Павел VI адважыўся правесці грунтоўную рэарганізацыю Рымскай Курыі, што каштавала вялікіх намаганняў. У 1969 годзе была праведзена рэформа Рымскага календара, па якім Касцёл жыве і сёння. Пасля стагоддзяў перапынку ў 1965 годзе была адноўлена дзейнасць Сіноду Біскупаў.

Менавіта Павел VI распарадзіўся, каб усе біскупы пасля дасягнення 75-гадовага ўзросту падавалі на імя Папы просьбу аб адстаўцы, а ў 1970 годзе пастанавіў, што кардыналы, старэйшыя за 80 гадоў, не будуць удзельнічаць у Канклаве і займаць пасады ў Рымскай Курыі. У 1973 годзе Папа вырашыў, што кардыналаў, якія выбіраюць біскупа Рыма, павінна быць не больш за 120.

Павел VI стаў першым Папам, які ў 1965 годзе наведаў штаб-кватэру ААН у Нью-Ёрку і выступіў там з прамоваю ў абарону міру, справядлівасці і бяспекі ў свеце. Важнай міжнароднай ініцыятывай гэтага Пантыфіка стала ўстанаўленне Сусветнага дня міру, які з 1968 года і да сённяшняга дня адзначаецца 1 студзеня.

Вялікаю навізною пантыфікату Паўла VI сталі яго Апостальскія падарожжы.

Некаторыя з яго папярэднікаў на пасадзе святога Пятра падарожнічалі па Касцёльнай дзяржаве, па Італіі або ў Францыю. І толькі Павел VI з 1964 па 1970 год здзейсніў дзевяць падарожжаў, падчас якіх наведаў каля 20 краін.

Падчас першай пілігрымкі ён скіраваўся на Святую Зямлю, наведаўшы Ізраіль і Іарданію. Падчас наступных Апостальскіх падарожжаў Святы Айцец наведаў таксама Індыю, ЗША, Партугалію, Турцыю, Калумбію, Швейцарыю, Уганду, Філіпіны, Аўстралію, Інданэзію, Ганконг і Шры-Ланку. З 1964 па 1977 год ён таксама здзейсніў 14 падарожжаў па Італіі.

Павел VI напісаў сем энцыклік, падрыхтаваў дзесяць Апостальскіх канстытуцый, шэсць адгартацый, каля 40 розных лістоў, адзінаццаць Апостальскіх пасланняў. Ён абвясціў у Касцёле 61 благаслаўлёнага і 84 святых, прычым упершыню ў гісторыі надаў тытул Доктараў Касцёла дзвюм святым жанчынам — Тэрэзе ад Езуса і Кацярыне Сіенскай. На праведзеных ім шасці кансісторыях менаваў 143 кардыналаў.

Павел VI адышоў у вечнасць 6 жніўня 1978 года, у свята Перамянення Пана.

Праз шэсць дзён пасля смерці спачылага Папу пахавалі ў ватыканскай базыліцы святога Пятра.

Беатыфікацыйны працэс Папы Паўла VI распачаў у маі 1993 года яго наступнік Ян Павел ІІ. У 2012 годзе Бэнэдыкт XVI абвясціў дэкрэт аб гераічнасці цнот Папы Манціні. Для беатыфікацыі быў выбраны цуд аздараўлення ненароджанага дзіцяці. Урачыстасць беатыфікацыі адбылася 19 кастрычніка 2014 года на плошчы Святога Пятра, на заканчэнне Сіноду Біскупаў, прысвечанага сям’і.

Кананізацыя Паўла VI адбылася 14 кастрычніка 2018 года падчас святой Імшы, якую на заканчэнне Сіноду Біскупаў, прысвечанага моладзі, цэлебраваў на плошчы Святога Пятра Папа Францішак.

Абноўлена 29.05.2020 14:19
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа