На працягу Вялікага посту прапануем распачынаць новы тыдзень працы і вучобы з ірландскім езуітам айцом Брэнданам МакМанусам SI, які на ўласным досведзе паказвае, наколькі актуальнай з’яўляецца спадчына святога Ігнацыя Лаёлы, які жыў у XVI стагоддзі.
Яго афарызмы — гэта ігнацыянскія правілы на практыцы. Яны карысныя і 15-гадовым, і тым, хто быў такім шмат гадоў таму. Цытаты з правілаў святога Ігнацыя Лаёлы ўзятыя ў чырвоныя двукоссі.
***
10. Прасіць дапамогі — велізарная мудрасць
Складанасць і напружанасць сучаснага свету прывялі да тэндэнцыі хаваць усё ў сабе, што нагадвае спробу ўтрымаць ворак з малпамі, якія так ці інакш усё адно вырвуцца вонкі.
Я асабіста бачыў, якое спусташэнне могуць учыніць у чалавеку эмоцыі, з якімі ён не разабраўся.
Варта адзначыць пазітыўны аспект сучаснага грамадства: сёння існуе мноства спосабаў дапамогі — ад тэрапеўтычнай да кансультацыйнай усіх відаў. Не ўсё мае аднолькавую каштоўнасць: пэўная асцярожнасць не будзе лішняй, але магчымасць у бяспечнай прасторы падзяліць свой цяжар з тым, каму давяраеш, прыносіць вялізную палёгку.
Часта перашкодай з’яўляецца ганарлівасць, незалежнасць і страх выглядаць слабым, патрабуючым дапамогі.
Мудрасць святога Ігнацыя выявілася ў адным вельмі карысным правіле: трэба мэтанакіравана дзейнічаць супраць тых негатыўных імпульсаў, якія не даюць нам прыняць адпаведную дапамогу. Ва ўменні свядома і рашуча шукаць дапамогі і падтрымкі для саміх сябе месціцца вялікая мудрасць, яна робіць нашае жыццё нашмат лягчэйшым.
Бог знаходзіцца ў рэальным, па-сапраўднаму чалавечым дзеянні.
11. Шукаеш жаданае, вандруючы па свеце, а знаходзіш, вярнуўшыся дадому, дзе яно чакае цябе
Я памятаю, як у падлеткавым узросце моцна хацеў адасобіцца ад свайго ірландскага вясковага выхавання, лічачы яго прасцецкім і нявартым.
Уявіце сабе маё здзіўленне, калі я, павандраваўшы літаральна па ўсім свеце, вярнуўся дадому і ацаніў тыя самыя рэчы, якімі грэбаваў раней.
Мае ўспаміны аб летнім жніве і прыгажосці прыроды сталі асновай для тысячы і адной гаміліі, а таксама непераўзыдзеных драматычных гісторый аб жыцці фермераў, аб сямейнай салідарнасці і цесным супрацоўніцтве дзеля агульнай справы.
Я пачаў усведамляць, што іншыя не мелі падобнага досведу і той безлічы навыкаў і здагадак.
Дзіўна, як штосьці настолькі прыземленае можа пераўтварыцца ў штосьці ўзвышанае; кожны мае штосьці, што можа прапанаваць іншым.
Вярніся да сябе і да той прыгажосці, якая ёсць у табе.
12. Існуюць не бязмежныя магчымасці, а магчымасці ў акрэсленых межах
Я чуў безліч спартовых і матывацыйных слоганаў, якія трансліруюць філасофскі погляд, што межаў няма. Тым не менш, жыццё паказвае, што яны ёсць.
Напрыклад, як доўга вы можаце не спаць, хадзіць, абыходзіцца без ежы, цяжка працаваць і гэтак далей?
Менавіта абмежаванні сталі для мяне штуршком, каб даследваць магчымасці свайго цела, высветліць, як дзейнічаць у большай гармоніі з ім і ўбудаванымі папераджальнымі знакамі.
Я даведаўся, што чалавек можа здзейсніць неймаверныя рэчы, калі задавольвае такія базавыя патрэбы, як сон, харчаванне, адпачынак і падтрымка. На самай справе, пачуццё раўнавагі і перспектывы стала надзвычай карысным і дапамагло мне дасягнуць некаторых важных мэтаў падчас пілігрымкі (Каміно — Шлях святога Якуба), а таксама ў галіне супрацоўніцтва, рэалізацыі праектаў і сяброўстве.
Маё гарачае захапленне — Шлях святога Якуба — гэта «доўгая гульня», гэта вучнёўства; Каміно — сапраўдная школа пакоры і пашаны да межаў. Самахвальства людзей, пераважна маладых, што яны пройдуць удвая больш і паб’юць «рэкорд», ніколі не перастане мяне забаўляць, бо аднойчы я сам паспрабаваў так зрабіць, але ў выніку дасведчыў, якой бязглуздай з’яўляецца пыха!
Знайдзіце пачуццё раўнавагі і гармоніі ва ўсім.
Заканчэнне будзе.