Пошук

02.03.2020 10:57   Пераклад і адаптацыя: Тэрэса Клімовіч / Catholic.by
Ілюстрацыйнае фота: pixabay.com

На працягу Вялікага посту прапануем распачынаць новы тыдзень працы і вучобы з ірландскім езуітам айцом Брэнданам МакМанусам SI, які на ўласным досведзе паказвае, наколькі актуальнай з’яўляецца спадчына святога Ігнацыя Лаёлы, які жыў у XVI стагоддзі.

Яго афарызмы — гэта ігнацыянскія правілы на практыцы. Яны карысныя і 15-гадовым, і тым, хто быў такім шмат гадоў таму.

***

Брэндан МакМанус / jesuit.ie

Я пражыў цудоўнае жыццё як езуіт. Да ўступлення ў ордэн працаваў у камп’ютарнай галіне, а паходжу з сям’і фермераў у Фермане (Паўночная Ірландыя).

Найбольш каштоўныя думкі наконт жыццёвага досведу і працэсу прыняцця рашэнняў прыйшлі да мяне дзякуючы ігнацыянскім духоўным практыкаванням.

Гледзячы з перспектывы часу, я пішу сабе 15-гадоваму, ахопленаму ідэямі, памкненнямі і жаданнямі, аб тым, што я знайшоў карыснага для сябе ў правілах святога Ігнацыя (у тэксце спасылкі на правілы вылучаны двукоссямі).

1. У жыцці няма памылак, а толькі ўрокі

Ілюстрацыйнае фота: ru.depositphotos.com

Няма такой рэчы, як дрэнны досвед: ёсць магчымасці для самааналізу і ўзрастання. Практыка рэфлексіі, разважання і спагаднага позірку на мінулае дапамагае ўсвядоміць, што адбылося, і зрабіць адпаведныя высновы.

Навешваючы на пэўны свой вопыт цэтлік «дрэннага» або «няўдалага», мы ствараем дыстанцыю і не даем яму магчымасці навучыць нас чаму-небудзь.

Некаторыя з самых важных урокаў у жыцці я атрымаў з досведу, які першапачаткова адкідаў або лічыў жахлівым, напрыклад, гора ад страты аднаго з бацькоў.

Трэба сустрэцца з непажаданымі сітуацыямі тварам у твар і праходзіць праз іх. Напрыклад, разумець стан жалобы па блізкіх як шлях, які трэба прайсці. Гэта парадаксальным чынам дазволіць нам вызваліцца ад яго і дапамагаць іншым людзям. Калі паглядзець на цяжкія сітуацыі ў больш шырокай перспектыве, адкрыецца іх сапраўдны сэнс: яны з’яўляюцца крокамі на нашым шляху.

Бог ёсць ва ўсім, асабліва ў тым, што здаецца глыбокім правалам.

2. Жыццё — гэта шлях, а не пункт прызначэння

Ілюстрацыйная выява: pinterest.com

Памятаю, адзін брат езуіт сказаў мне, што многія людзі спачатку засяроджваюцца на задавольванні патрэбы, дасягненні мэты, поспеху, грошай, славы і г.д., але пазней яны пачынаюць шукаць сэнс і імкнуцца зрабіць штосьці значнае, каб дапамагчы свету.

Такім быў і мой досвед працы ў камп’ютарнай прамысловасці, дзе я хутка займеў пажаданыя, як мне здавалася, грошы і статус, але гэтае дасягненне стала разбуральным досведам унутранай пусткі і падштурхнула мяне да пошуку сапраўднага паклікання, якое я знайшоў у святарстве.

Па сутнасці, падобны вопыт паказвае, што ў кожным з нас ёсць нешта ўнікальнае, чым мы можам падзяліцца, а шчасце ў тым, каб працаваць над гэтым дзеля дабра іншых. Тым не менш, падчас пошуку гэтага сэнсу нямала дарог могуць стаць тупікамі.

Бог прысутны ў найглыбейшых, а не ў павярхоўных нашых жаданнях.

3. Шчасце — унутры

Ілюстрацыйнае фота: pixabay.com

Нашая культура так часта трапляе ў «пасткі» поспеху, дабрабыту і спажывальніцтва, што маладыя людзі пачынаюць бачыць сэнс жыцця ў знешніх рэчах. У тым, каб нешта мець: працу, машыну, партнёра, маёмасць, дом, прыгожае цела, татуіроўку і г.д.

Аднак гэта «правераны рэцэпт» плыткага і сумнага жыцця па ўсіх духоўных і агульначалавечых мерках.

Гэтыя рэчы не наталяюць сэрца, не задавольваюць прагненні чалавека, колькі б маркетынгавых і рэкламных метадаў не выкарыстоўвалася для іх абвяшчэння.

Ісці ўглыб сябе, быць у гармоніі з самім сабой, не трымацца занадта за рэчы, спачуваць іншым і любіць аддана — непараўнальна цяжэй, але менавіта гэта прыносіць сапраўднае задавальненне.

Варта карыстацца рэчамі гэтага свету ў той меры, у якой яны вядуць нас да Бога.

Працяг будзе.

Абноўлена 08.03.2020 23:40
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.