Пошук

09.03.2020 09:03   Catholic.by

На працягу Вялікага посту прапануем распачынаць новы тыдзень працы і вучобы з ірландскім езуітам айцом Брэнданам МакМанусам SI, які на ўласным досведзе паказвае, наколькі актуальнай з’яўляецца спадчына святога Ігнацыя Лаёлы, які жыў у XVI стагоддзі.

Яго афарызмы — гэта ігнацыянскія правілы на практыцы. Яны карысныя і 15-гадовым, і тым, хто быў такім шмат гадоў таму. Цытаты з правілаў святога Ігнацыя Лаёлы ўзятыя ў чырвоныя двукоссі.

Працяг. Пачатак ТУТ

***4. Лепшае — вораг добрага

Вавілонская вежа. Мастак Пітэр Брэйгель Старэйшы / wikipedia.org

Ігнацыянская духоўнасць дапамагае зразумець, што перфекцыянізм і ідэалізм, хоць і здаюцца нам добрымі, часта вядуць да адчаю і расчаравання. Усё пачынаеца няблага: з прагнення дасканаласці, але ў рэшце рэшт ператвараецца ў недасяжны ідэал, якім мы бясконца дакучаем сабе, пакутуючы, што не можам яго дасягнуць.

Больш прадуктыўна будзе «прызямліць» гэтыя ідэалы і разгледзець іх у святле чалавечых магчымасцяў.

Можна пачаць з аналізу існуючай рэчаіснасці і паступова выпрацоўваць наступныя крокі на выбраным шляху. Час ад часу важна задаць сабе пытанне: «Ці гэта сапраўды добра?» або «Куды гэта мяне прывядзе?», каб не пайсці за спакусай ідэалізму ці недасягальнай дасканаласці.

Вядома, супрацьлеглая скрайнасць — прыняць існуючы стан рэчаў і проста плысці па цячэнні. Гэта не выйсце. Зазвычай ёсць трэці варыянт, «сярэдзінны шлях», які ідзе паміж дзвюма скрайнасцямі.

Злы дух спакушае пад выглядам анёла святла.

5. Параўнанне вядзе да расчаравання

«Раскаянне. Гісторыя Каіна і Абэля». Аўтар Вадзім Гарадніцкі /club.foto.ru

Я памятаю, наколькі мяне ўразіла гэтая фраза, пачутая ад майго амерыканскага сабрата падчас аднаго праекта з удзелам маладых людзей, якіх мы разам суправаджалі.

Параўнанне сябе з іншымі людзьмі і ацэньванне сябе паводле знешніх прыкмет так глыбока ўвайшлі ў нашае жыццё, што мы перасталі заўважаць, наколькі часта мы гэтым займаемся і як разбуральна гэта на нас уплывае.

Проста паглядзіце на цяперашнія часопісы, тэлепраграмы, рэкламу, рэаліці-шоў і ўэб-сайты знакамітасцяў: усе яны ствараюць навязлівую карціну таго, як жывуць іншыя людзі.

На жаль, параўнанне гэтай карціны з нашым ладам жыцця выклікае занепакоенасць, незадаволенасць і нават зайздрасць. Ёсць правераны спосаб стаць няшчасным: параўнаць сябе з іншымі і высветліць, што яны несумненна мацнейшыя, спрытнейшыя, разумнейшыя, больш кампетэнтныя і г.д. (і да таго ж заўсёды гатовыя даць параду).

Спатрэбіцца вялікая адвага для таго, каб не пайсці за гэтай прывабнай спакусай і не трапіць у пастку. Сапраўднага шчасця мы дасягнем, калі з пакорай прызнаем і годна ацэнім свае моцныя бакі і таленты, адзначаючы іх унікальнасць і асаблівасць, каб убачыць, якім чынам з іх дапамогай мы можам зрабіць свет лепшым.

Сапраўдная свабода заключаецца ў тым, каб жыць паводле нашай праўдзівай сутнасці.

6. Будуй свой дом на скале, а не на пяску, каб ён мог вытрымаць непазбежныя навальніцы

Ілюстрацыйная выява: fggam.org

У будаўніцтве важна закласці добры падмурак.

Хоць гэты этап можа здавацца нудным і няўдзячным, але першы ж крызіс выявіць яго неабходнасць.

Напрыклад, такім падмуркам з’яўляецца назапашванне асабістай устойлівасці, якая дапаможа выстаяць падчас навальніцы: парады псіхолага, духоўныя практыкі (медытацыя, разважанне, усведамленне). Гэта карысна для таго, каб у выпадку непазбежных траўматычных сітуацый бачыць перспектыву і ўмець браць пад кантроль узбураныя эмоцыі. Навальніцы або крызісы рана ці позна паслужаць праверкай трываласці падмурка.

Адпаведным чынам, перыяды яснага надвор’я варта выкарыстоўваць для стварэння рэзерваў і ўмацавання тых месцаў, якія павінны годна вытрымаць цяжкія часы. Калі будаваць дом на пяску (інакш кажучы, не рыхтавацца да будучыні), наступствы любой неспрыяльнай сітуацыі могуць быць досыць сур’ёзнымі. Унутраныя рэсурсы, падрыхтаванасць, чуйнасць і веданне сябе вельмі спатрэбяцца ў складаныя перыяды жыцця.

У часы пакінутасці памятайце пра перыяды суцяшэння і не змяняйце разважліва прынятых рашэнняў.

Працяг будзе.

Абноўлена 17.03.2020 12:49
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця