На працягу Вялікага посту прапануем распачынаць новы тыдзень працы і вучобы з ірландскім езуітам айцом Брэнданам МакМанусам SI, які на ўласным досведзе паказвае, наколькі актуальнай з’яўляецца спадчына святога Ігнацыя Лаёлы, які жыў у XVI стагоддзі.
Яго афарызмы — гэта ігнацыянскія правілы на практыцы. Яны карысныя і 15-гадовым, і тым, хто быў такім шмат гадоў таму. Цытаты з правілаў святога Ігнацыя Лаёлы ўзятыя ў чырвоныя двукоссі.
***
7. Квітней там, дзе цябе пасадзілі
Адной з самых сур’ёзных псіхалагічных памылак з’яўляецца, напэўна, такое зманлівае меркаванне: «Калі б я толькі не апынуўся тут, гэтага б са мной не здарылася».
Уся энергія і думкі, скіраваныя на жаданне, каб падзеі адбыліся іншым чынам, марнуюцца дарэмна і не дапамагаюць нам вырашыць праблему. Наш розум могуць апанаваць навязлівыя развагі аб тым, як усё магло б быць, калі б пайшло па-іншаму, але менавіта тут мы трапляем у пастку, таму што спрабуем пазбегнуць рэальнасці, а не займацца ёю.
Неабходна прыняць тую рэальнасць, у якой вы ёсць, памятаючы, што яна ніколі не стане ідэальнай, але заўсёды будзе ўтрымліваць у сабе альтэрнатывы і магчымыя рашэнні на выбар.
Калі я быў бой-скаўтам, нас вучылі, што ў навакольным асяроддзі заўсёды можна знайсці дастаткова сродкаў для вырашэння праблемы. Такім чынам, замест таго, каб з усіх сіл прагнуць, каб усё было па-іншаму, паглядзіце навокал і знайдзіце, што можа стаць карыснай прыладай.
Шлях святога Якуба (пілігрымка ў Сант’яга-дэ-Кампастэла, якая прадугледжвае цэлы шэраг маршрутаў, некаторыя з якіх адрозніваюцца вялікай працягласцю і складанасцю — рэд.) прапануе сваю фармулёўку гэтай ідэі: «Шлях дае магчымасці».
Вы заўважыце, што крочыце па святой зямлі, калі маеце вочы, каб гэта ўбачыць.
8. Асцерагайцеся карыстацца «чароўнай палачкай» для вырашэння праблем
Як духоўны кіраўнік я часта слухаю гісторыі людзей і часта сутыкаюся з ілюзорным пошукам эфектыўнага сродка: «чароўнай палачкі» ці цудадзейнага інгрэдыенту, які раптам вырашыць усе жыццёвыя цяжкасці.
Фільмы пра супергерояў, маніпуляцыйная рэклама і танныя тэлевізійныя сенсацыі падмацоўваюць падобныя ўяўленні. На жаль, нярэдка такі шлях вядзе да залежнасці, прымітывізму або шарлатанства.
Меркаванне, што нейкая адна рэч, калі толькі мы яе знойдзем, усё зменіць, дарэшты захоплівае ўяўленне людзей, паколькі інтэрнэт перапоўнены «імгненнымі» вырашэннямі і чароўнымі сродкамі.
Аднак для большасці з нас, людзей, рэальнасць больш прыземленая і складаецца з працэсаў: мы павінны прыкладаць намаганні на розных узроўнях (фізічным, эмацыйным, адукацыйным, сацыяльным, духоўным і г.д.), выконваць абавязацельствы перад разнастайнымі інстытутамі, якія складаюцца з іншых людзей. Гэта можа быць павышэнне кваліфікацыі, мэтанакіраваныя трэніроўкі, курсы тэрапіі, рэгулярная малітва ці медытацыя.
Навяртанне, падобнае на досвед Саўла па дарозе ў Дамаск, або момант прасвятлення губляюць сілу без падтрымкі, успамогі і высілкаў: нават святому Паўлу спатрэбілася дзесяць гадоў пасля таго памятнага падзення, каб стаць Апосталам!
Зазвычай Бог аб’яўляецца не цудоўным чынам, а ў жыццядзейнасці чалавека, у «штодзённых» цудах.
9. Страх — кепскі дарадчык
Страх, трывога і непакой — звычайная частка нашай рэальнасці як чалавечых істот.
Яны часта суправаджаюць нас як нейкая данасць, але толькі наш выбар дачынення з імі вызначае нас. У нашым постмадэрнісцкім свеце існуе тэндэнцыя аддаваць перавагу эмоцыям: «Калі штосьці падабаецца, зрабі гэта».
Тым не менш, нягледзячы на тое, што часта такі падыход цалкам слушны, ёсць у ім відавочныя недахопы, звязаныя з раптоўнымі эмацыйнымі рэакцыямі.
Людзі, якіх часта ахоплівае страх, могуць «кананізаваць» гэтую эмоцыю настолькі, што яна стане дамінуючай у любым працэсе прыняцця рашэнняў.
Вядома, ёсць і супрацьлеглая рэакцыя, якая падштурхоўвае нас адкідаць страх і дзейнічаць неразважліва. Рэч у тым, што, у канчатковым рахунку, яны абедзве выкліканыя страхам і неўраўнаважанасцю: страх можа быць карысным індыкатарам, які дапамагае быць абачлівым у некаторых сітуацыях, аднак, даведзены да крайнасці, ён дэфармуе і паралізуе чалавека.
У якасці высновы можна сказаць так: «Адчуваючы страх, усё роўна рабіць тое, што бачыцца лепшым».
Адважна рэалізуйце свае найлепшыя рашэнні.
Працяг будзе.