Пошук

15.10.2018 11:53   Ілья Лапато / Catholic.by

Старшыня беларускага епіскапату арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч распавёў пра другі тыдзень працы Сіноду Біскупаў, які праходзіць у Ватыкане на тэму «Моладзь, вера і распазнанне паклікання».

— Ваша Эксцэленцыя, ці задаволеныя Вы працай Сіноду на другім тыдні?

— Так, вельмі задаволены. Удзельнікі Сіноду, біскупы і аўдытары, сярод якіх шмат свецкіх, не адхіляюцца ад мэты Сіноду. Атмасфера фантастычная.

Напэўна, у гэтым вялікая заслуга самой моладзі. Яна з вялікім энтузіязмам прымае кожнае выступленне. Не ўсе выступоўцы ўкладваюцца ў адведзеныя чатыры хвіліны, але кожнаму моладзь з усмешкай апладзіруе.

Многія ў прамовах дадаюць жарты і анекдоты, што вельмі цёпла ўспрымаецца — смяюцца біскупы і моладзь, смяецца і Папа.

Зразумела, я таксама ў свабодных дыскусіях не абмінуў магчымасці расказаць анекдоцік і смешнае здарэнне, што было прынята належным чынам (усміхаецца).

— Вам удалося пагутарыць з Папам сам-насам. Апішыце Вашы адчуванні.

— З Папам практычна кожны дзень можна перакінуцца словам, за выключэннем дзён, калі адбываецца праца ў моўных групах.

У атрыум залы Паўла VI ён прыходзіць крыху загадзя. Там жа Пантыфік знаходзіцца і падчас перапынку на каву. Біскупы ў гэты час не вельмі рвуцца да Святога Айца, бо ведаюць, што трэба даць моладзі магчымасць пагутарыць з Папам. Для моладзі гэта, можа, адзіны такі шанц у жыцці.

Я бачыўся са Святым Айцом на сёлетнім Сінодзе некалькі разоў. Першы раз у сталовай Дома св. Марты. Гэта быў першы дзень нашага прабывання на Сінодзе. Святы Айцец падышоў да кожнага стала і сардэчна прывітаў прысутных.

Пазней, устаўшы з-за стала, я вырашыў пачаставацца дэсертам. Нечакана да стала з дэсертамі падышоў і Папа. Пытаючыся, што лепш выбраць, ён узяў кавалачак ананаса. Я люблю ўсю садавіну, але ў тую хвіліну па прыкладзе Папы таксама ўзяў сабе ананас (усміхаецца).

Другі раз мы сустрэліся ў калідоры Дома св. Марты, калі я выходзіў на ранішнюю св. Імшу. Я сказаў, што іду на Імшу ў базыліку св. Пятра, а Пантыфік з усмешкай адказаў, што таксама ідзе на Імшу (звычайна Папа цэлебруе Імшу ў капліцы Дома св. Марты з удзелам спецыяльна запрошаных вернікаў).

11 кастрычніка зусім выпадкова я сустрэў Святога Айца па дарозе ў залу Паўла VI. У мяне былі тры варыянты: пачакаць, пакуль Папа адыдзе дастакова далёка, і толькі тады ісці; ісці вельмі павольна за Папам; далучыцца да Папы.

Першыя два варыянты выглядалі б ненатуральна, асабліва ў вачах шматлікіх фотакарэспандэнтаў, і я выбраў трэці.

Папу я прывітаў словамі на італьянскай мове: «Добры дзень, Ваша Святасць». Ён адразу пазнаў мяне і, як стары знаёмы, спытаў, як ідуць справы ў Беларусі, падкрэсліваючы, што Прэзідэнт жадае яго візіту ў Беларусь.

Я сказаў, што час ідзе наперад і, як падаецца, надзея на такі візіт вымалёўваецца. Падчас размовы я праінфармаваў Папу пра юбілей 40-годдзя прызначэння Мітрапаліта Філарэта ў Беларусь і сказаў, што буду тэлефанаваць да юбіляра. Папа прасіў павіншаваць іерарха і ад яго імя.

Кароткая размова яшчэ раз пацвердзіла адкрытасць Пантыфіка і яго якасць заўважаць бліжняга, па-чалавечы ставіцца да яго, чаму і мы, пастыры і свецкія, павінны вучыцца.

З Папам мы прайшлі да ўваходу ў атрыум залы Паўла VI, дзе яго чакаў Генеральны сакратар Сіноду кардынал Ларэнцо Балдзісэры. Я сказаў кардыналу, што перадаю Папу ў надзейныя рукі (смяецца).

— З кім з іерархаў Вам удалося пазнаёміцца на Сінодзе? Што цікавага даведаліся пра развіццё Касцёла ў іншых краінах?

— Цяжка пералічыць тых, каго сустрэў упершыню. Іх шмат. Вядома, найбольшую ўвагу ўсіх прыцягваюць кітайскія біскупы.

Паміж сабой мы абмяркоўваем часовае пагадненне Ватыкана з Кітаем у справе прызначэння біскупаў, што адкрыла шлях кітайскім іерархам прыняць удзел у Сінодзе. Гэта сапраўдны прарыў у міжнародных адносінах.

Думкамі аб працы Сіноду мы найчасцей абменьваемся за абедам ці вячэрай. Найбольшую цікавасць выклікае сітуацыя хрысціян у ісламскіх краінах, якая з’яўляецца вельмі трывожнай.

Вялікая ўвага звяртаецца на неабходнасць новых шляхоў у душпастырстве паклікання да святарства.

Усё больш біскупаў выказваюцца пра крызіс пакліканняў, а таксама сыходзяцца ў думцы, што патрэбна лепшая фармацыя свецкіх, без дапамогі якіх Касцёл не зможа функцыянаваць.

Падчас выступлення ў англамоўнай групе я падкрэсліў важнасць сведчання святароў у справе паклікання, прыводзячы прыклады з Беларусі, калі менавіта ахвярнае служэнне святара дапамагло маладым людзям распазнаць пакліканне да святарства нават у часы ганенняў.

— На якой стадыі знаходзіцца цяпер распрацоўка дакумента для прыняцця Папам? Якія абмеркаванні Працоўнага дакумента яшчэ наперадзе?

— Распрацоўка фінальнага дакумента праводзіцца адмысловым калектывам біскупаў і экспертаў. Пасля прадстаўлення вынікаў працы моўных груп па першай частцы Instrumentum laboris (Падрыхтоўчага дакумента) гэты калектыў пачаў працаваць.

15 кастрычніка будуць прадстаўлены вынікі працы моўных груп, прысвечаных абмеркаванню другой часткі Падрыхтоўчага дакумента. Потым тое самае будзе з трэцяй яго часткай.

24 кастрычніка ўсім удзельнікам Сіноду будзе прадстаўлены праект фінальнага дакумента. Затым распачнецца яго абмеркаванне і ўнясенне паправак. Канчаткова дакумент будзе прадстаўлены для галасавання 27 кастрычніка.

— Вы не ўпершыню ўваходзіце ў лік Айцоў Сіноду. Што новага можаце адзначыць у сваім успрыманні падзей на Сінодзе, яго тэмы і ўдзельнікаў?

— З году ў год удасканальваецца метад правядзення гэтага форуму. Усё часцей у ім прымаюць удзел спецыялісты, свецкія і дэлегаты братніх Касцёлаў і супольнасцяў. Прысвечаны моладзі Сінод з’яўляецца выключным.

Яшчэ ніколі не было падрыхтоўкі да Сіноду з такім актыўным удзелам тых, каго ён датычыцца — моладзі. Падрыхтоўчы дакумент дапоўнены шматлікімі цытатамі з перадсінадальнай сустрэчы моладзі.

Усё гэта разам з актыўным удзелам моладзі ў працы Сіноду з’яўляецца найлепшым доказам сінадальнасці гэтага форуму: ісці разам. Гэты Сінод я акрэсліў бы не як Сінод пра моладзь, але як Сінод з моладдзю.

Цікавай з’яўляецца методыка працы сёлетняга Сіноду. Усім вядома рымская формула: Veni, vidi, vici (прыйшоў, пабачыў, перамог). На Сінодзе дзейнічае формула: «Пазнаць, інтэрпрэтаваць і прыняць рашэнне», што дазваляе ўсім яго ўдзельнікам — біскупам і свецкім — актыўна ўключыцца ў яго працу.

Фінальны дакумент будзе плёнам сумеснай працы як біскупаў, так і моладзі. Відаць, самая вялікая навіна гэтага Сіноду ў тым, што ён зламаў бар’еры паміж біскупамі і моладдзю, аб чым і прасіў папа Францішак на адкрыцці Сіноду 3 кастрычніка.

— Якія высновы для сябе Вы маглі б ужо падвесці датычна тэмы «Моладзь, вера і распазнанне паклікання»? Што карыснага варта ўзяць на ўзбраенне Касцёлу ў Беларусі?

— Сінод завершыцца праз два тыдні. Аднак для сябе я ўжо зрабіў выснову: Касцёл у Беларусі як мага хутчэй павінен зрабіць грунтоўны рахунак сумлення на тэму душпастырства моладзі.

Выклікі часу становяцца ўсё больш небяспечнымі: спазненне пагражае тым, што хвароба секулярызму і маральнага рэлятывізму, якая найбольш успрымальная для моладзі, стане хранічнай.

Карыснай у пастырскай працы з моладдзю можа стаць формула працы Сіноду. Часта мы, біскупы і святары, лічым сябе знаўцамі ва ўсіх тэмах. Насамрэч гэта не так. Праблемы моладзі неабходна вырашаць з яе дапамогай, каб ведаць, што яе турбуе, каб рабіць адпаведныя высновы і ўнёскі ў пастырскую дзейнасць.

Схаваную ў моладзі энергію неабходна вызваліць і аб’яднаць з энергіяй Святога Духа, паддаючыся Яго дзеянню, каб беларуская моладзь магла пакінуць трывалы след на зямлі нашага часу і змяніць яе аблічча.

Хачу падзякаваць усім, хто моліцца ў інтэнцыі Сіноду прыватна, у касцёлах, капліцах і манаскіх супольнасцях. Асабліва дзякую ўдзельнікам малітоўнай сустрэчы моладзі ў Нацыянальным санктуарыі ў Будславе 12–13 кастрычніка і моладзевага душпастырства Fides. У сваіх малітвах пры апостальскіх парогах давяраю вас Божаму Провіду і ад усяго сэрца благаслаўляю.

Абноўлена 15.10.2018 12:32
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа