Пошук

15.10.2018 11:25   Тэкст і фота: Мікола Гракаў / Catholic.by

12 і 13 кастрычніка больш за сто юнакоў і дзяўчат з розных парафій Беларусі маліліся ў Будславе за Сінод Біскупаў і дзяліліся з аднагодкамі тым, як яны перажываюць сваю веру.

Сваю сустрэчу ў Нацыянальным санктуарыі Маці Божай Будслаўскай моладзь распачала супольнай малітвай на св. Імшы, цэлебрацыю якой узначаліў Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Юрый Касабуцкі. Іерарх распавёў удзельнікам сустрэчы пра адметнасці Сіноду Біскупаў, прысвечанага моладзі, які цяпер праходзіць у Рыме, і пажадаў ім плённа правесці час у малітве і разважанні пра сваё хрысціянскае пакліканне.

Кірунак гэтаму разважанню задаў у прамоўленай канферэнцыі адказны за душпастырства моладзі Fides кс. Павел Трон, пасля чаго юнакі і дзяўчаты засяродзіліся ў малітве падчас адарацыі Найсвяцейшага Сакрамэнту, што да поўначы працягвалася перад цудатворным абразом Маці Божай Будслаўскай. У выніку ўражанняў хапіла настолькі, каб абменьвацца імі амаль да раніцы.

Абмен думкамі працягнуўся на наступны дзень у групах, якія былі сфармаваныя паводле колеру атрыманых удзельнікамі на пачатку сустрэчы бэйджаў. Маладым хрысціянам было прапанавана паразважаць над выказваннямі папы Францішка на тэму моладзі, а таксама адказаць на пытанні пра тое, як яны бачаць сустрэчы моладзі ў сваіх парафіях.

Калі падагульніць выказаныя меркаванні, можна адзначыць пэўнае падабенства ў тым, што жадае моладзь. Перадусім юнакі і дзяўчаты сапраўды хочуць, каб у іх парафіях праходзілі сустрэчы моладзі, бо, як казалі яны самі, для іх важна збірацца разам.

«Мы хочам размаўляць, а часам мы толькі слухачы, — напісалі яны сваім душпастырам. — Мы можам дзяліцца сваім досведам! Мы маем ідэі і гатовыя ісці на кантакт».

Пры гэтым удзельнікі сустрэчы адзначылі, што часам ім бывае складана адкрыцца і падзяліцца чымсьці асабістым, але ў гэтым акурат могуць дапамагчы сустрэчы, размовы, супольныя выезды. На сустрэчах моладзь жадае перадусім маліцца, прычым з розных формаў малітвы маладым вернікам вельмі падабаюцца адарацыя і чуванне. Разам з тым яны хочуць дзяліцца сваёй верай у групах аднагодкаў, у нязмушанай сяброўскай атмасферы.

Менавіта такая атмасфера панавала ў гэтыя незабыўныя два дні, якія юнакі і дзяўчаты правялі ў Будславе. Глыбокая засяроджанасць у малітве, спевы праслаўлення, сур’ёзныя размовы, а таксама пазнавальная экскурсія, праведзеная па святыні будслаўскім пробашчам кс. Дзмітрыем Дубовікам, жарты і смех, гульні і танцы — усё тут спрыяла таму, каб сапраўды адчуць сябе жывой часткай Касцёла: старажытнага і заўсёды маладога. У такой атмасферы таямнічы Сінод Біскупаў, які праходзіць у далёкім Рыме, стаў чымсьці такім, што непасрэдна закранае жыццё маладых хрысціянаў Беларусі.

Абноўлена 15.10.2018 11:53
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця