У «Духоўных практыкаваннях» святога Ігнацыя ёсць некалькі збораў правілаў, якія датычацца розных нюансаў духоўнага жыцця хрысціяніна.
Нагадаем, што «Духоўныя практыкаванні» ў сваёй паўнаце прызначаны для выканання іх на працягу прыкладна чатырох тыдняў. Аднак многімі ўказаннямі і парадамі могуць штодня карыстацца на сваім духоўным шляху тыя, хто стараецца сур’ёзна і глыбока жыць сваёй верай (адзін з прыкладаў для такога высілку — ігнацыянскі прагляд дня).
Заслуга Ігнацыя Лаёлы была ў тым, што ён сабраў у адным месцы мудрасць хрысціянскай традыцыі, а таксама ўпарадкаваў правілы духоўнага распазнавання.
Мы звернемся да некаторых з іх, каб убачыць, як яны адлюстроўваюць наш уласны духоўны вопыт. Такім чынам, гаворка зноў пойдзе аб распазнаванні ў святле асабістых адносінаў з Богам (тым не менш будзем памятаць аб узаемасувязі гэтага аспекту з вымярэннем, уласцівым супольнасці і Касцёлу).
Размову пра ігнацыянскія правілы трэба пачаць з фундаментальных заканамернасцяў, прыведзеных у «Правілах першага тыдня».
Яны датычацца «кірунку» дзеяння добрага і злога духаў (тлумачэнні гэтага тэрміна можна знайсці ва ўводзінах да распазнавання) у дзвюх асноўных сітуацыях веруючага чалавека, а таксама дынамікі суцяшэння і пакінутасці як двух галоўных душэўных станаў. Разгледзім гэтыя тэмы па парадку.
Ад дрэннага да горшага або ад добрага да лепшага: кірунак дзеяння добрага і злога духа
У духоўнай рэчаіснасці тых людзей, якія прызвычаіліся патураць сваім неўпарадкаваным прыхільнасцям і якія мяркуюць, што ў жыцці трэба «браць, а не аддаваць», вораг чалавечай натуры дзейнічае, падштурхоўваючы сваіх «адэптаў» ісці гэтай дарогай, «каб мацней утрымаць і глыбей пагрузіць іх у заганы і грахі» (ДП 314). Злы дух выводзіць перад іх уяўленнем пачуццёвыя прыемнасці, якія абяцаюць задавальненне і асалоду.
Для чалавека праблема заключаецца ў тым, што за гэтыя кароткачасовыя ўцехі даводзіцца плаціць высокі кошт.
Адбываецца ў такіх выпадках тое, аб чым гаворыцца ў трэцім раздзеле Кнігі Быцця: «І ўбачыла жанчына, што гэта дрэва добрае для ежы, што яно прывабнае для вачэй і пажаданае дрэва для набыцця пазнання», але вынікам спажывання плода становіцца толькі ўсведамленне ўласнай галізны і адчужэння — ад Бога, ад іншага чалавека і ад стварэння.
Калі хрысціянін апынаецца ў падобнай сітуацыі, абяцанае спакушальнікам задавальненне замяняецца шкадаваннем і праклёнам і адначасова робіць чалавека залежным ад самога задавальнення, у чым бы яно ні было.
Гаворка ідзе не толькі аб асалодах, звязаных з цялеснымі ўцехамі — сексуальнымі ці гурманскімі, — якія становяцца скажэннем натуральных інстынктаў.
Святы Ігнацый у сваёй аўтабіяграфіі, напрыклад, распавядае, як у перыяд яго навяртання яму прыходзілі ў галаву славалюбныя вобразы службы пры двары і ваеннай кар’еры, але яны вельмі хутка змяняліся пачуццём расчаравання і смутку, тым часам як думкі аб наследаванні святых пакідалі ў душы радасць, якая яшчэ доўга была з ім і мела смак праўдзівасці.
Важна разумець, што Бог, наш Стварыцель, не з’яўляецца ворагам задавальнення самога па сабе і жадае радасці сваім стварэнням, але і задавальненне, і радасць існуюць дзеля таго, каб прывесці чалавека да сапраўдных адносінаў і еднасці — з іншым чалавекам і з Богам, а не да атрымання эгаістычнай асалоды.
Нават у тых, хто імкнецца жыць сапраўды па-хрысціянску, гэткая дынаміка можа прысутнічаць не паўсюдна, але ў якой-небудзь адной сферы, дзе яны яшчэ перажываюць несвабоду. Добры прыклад — святы Аўгустын, які ў перыяд свайго навяртання доўга не мог прыняць цнатлівасць як уласцівасць яго новага жыцця.
Усю супярэчлівасць свайго і нашага стаўлення адносна некаторых пытанняў духоўнай сферы ўвасабляе фраза святога Аўгустына: «Пане, дай мне цнатлівасць і ўстрыманне — але толькі не цяпер» («Споведзь» VIII, 7, 17).
У такой сітуацыі чалавека «добры дух дзейнічае процілеглым чынам, выклікаючы дакоры і згрызоты сумлення праз перасцярогі розуму» (ДП 314).
Мэта — спыніць чалавека, прымусіць яго паглядзець на наступствы, усвядоміць падманнасць і ілюзорнасць прапанаваных прыемнасцяў.
Узгадаем, што сінонімам «добрага духа» (або, прынамсі, яго прыладай) можа выступаць усё, што ў такіх выпадках прыносіць падобны эфект і заахвочвае чалавека спыніцца і пачаць рухацца ў адваротным кірунку. Найлепшы выбар чалавека — пачуць «голас розуму» і пастарацца актыўна супрацоўнічаць з ім.
Тут маецца на ўвазе не пэўны валюнтарызм, спадзяванне толькі на сябе, але неабходнасць даверыцца Божай ласцы і настойліва шукаць яе дзейснай моцы — адзінай, здольнай загаіць глыбокія супярэчнасці чалавечага сэрца.
Супрацьлеглая сітуацыя — калі хрысціянін «ідзе ад добрага да лепшага», пазбягае граху і імкнецца да цнатлівага жыцця, да добрых спраў, да выканання Божай волі ў сваім жыцці.
Тады «стратэгія» і нашага ворага, і саюзніка змяняецца на супрацьлеглую: добры дух патрымлівае выбар чалавека і заахвочвае працягваць шлях; «злому духу ўласціва выклікаць згрызоты, журбу і ставіць перашкоды, усяляючы неспакой хлуслівымі доказамі» (ДП 315).
Ці бывае так, што вы бярэцеся за якую-небудзь добрую справу і раптам немаведама адкуль з’яўляюцца самыя разнастайныя перашкоды: і знешнія ў выглядзе неспрыяльных абставін, і ўнутраныя ў форме ўсялякіх сумневаў, ваганняў, пачуцця бессэнсоўнасці пачатых высілкаў?
Менавіта пра гэта ідзе цяпер гаворка. Вораг чалавечай натуры не здаецца лёгка. У Святым Пісанні гэтую праўду выказвае Езус, сын Сіраха: «Сыне, калі збіраешся служыць Пану, падрыхтуй сваю душу да выпрабавання» (пар. Сір 2, 1).
Адзін з улюбёных прыёмаў спакушальніка — хваравітае пачуццё віны, удар па нашай духоўнай самаацэнцы ў форме думак: «Ды хто ты такі, каб брацца за такое? У цябе нічога не атрымаецца!»
Як гэта ні дзіўна прагучыць, менавіта такі супраціў — добры знак, які паказвае, што мы знаходзімся на правільным шляху. Святы Ігнацый неаднойчы гаворыць пра гэта ў сваіх лістах духоўным сынам. Важна называць спакусу па імені, умець усталяваць дыстанцыю, усведамляючы, што мы не абавязаныя атаясамліваць сябе з ёй.
Спакушальнік намагаецца выклікаць уражанне, што ўсе гэтыя спакусы паходзяць не ад яго, а з’яўляюцца нашымі ўласнымі думкамі і жаданнямі, таму мэта распазнавання — унесці яснасць адносна таго, «хто кім ёсць», і вярнуць нашую свабоду ў супрацьстаянні намовам, якія адводзяць нас ад ажыццяўлення добрых намераў.
Такім чынам, гэтае духоўнае змаганне ў рэшце рэшт прыносіць карысць душы, бо гартуе нас рашуча ісці за Панам і ачышчае інтэнцыі, вучыць з пакорай разлічваць на Божую дапамогу. Святы Якуб гаворыць у сваім лісце: «Браты мае, калі трапляеце ў разнастайныя выпрабаванні, з вялікай радасцю прымайце гэта. Бо ведаеце, што выпрабаванне веры вашай нараджае цярплівасць» (пар. Як 1, 2–3).
У жыцці тых, хто мае намер ісці «ад добрага да лепшага», добраму духу «ўласціва абуджаць адвагу, сілу, суцяшэнне, натхненне і супакой, ва ўсім несці палёгку і прыбіраць перашкоды» (ДП 315), г.зн. усяляк падтрымліваць імкненне да дабра, да Божага абяцання.
Узгадаем біблійны прыклад з Кнігі Зыходу (пар. Зых 14, 10–14). Габрэйскі народ ахоплены страхам ад набліжэння калясніц фараона, але Майсей падтрымлівае іх дух, кажучы: «Не бойцеся, стойце — і ўбачыце выратаванне ад Пана».
Хрыстус звяртаецца да бацькі, якому паведамілі пра смерць хворай дачкі: «Не бойся, толькі вер» (пар. Лк 8, 50). Можам зараз успомніць асаблівыя выпадкі, калі Пан і да нас кіраваў словы падтрымкі. Тут, аднак, часта ўзнікае пэўная цяжкасць: у моманты спакусы мы не адчуваем дзейснай падтрымкі, не ўсведамляем Божай дапамогі.
Рэч у тым, што, калі надыходзіць хвіліна выпрабавання, нам трэба навучыцца свядома звяртацца да нашага саюзніка, умець пераключыць увагу на ўспамін тых слоў, якія Пан пакінуў нам у Святым Пісанні і ў нашай асабістай гісторыі як крыніцу жыцця і духоўнай сілы.
Адным з найважнейшых практыкаванняў айцоў пустыні было запамінанне біблійных цытат, да якіх можна было звярнуцца, калі ў душы ўзнікалі спакуслівыя думкі. Варта нагадаць, што менавіта з дапамогай слоў Пісання Езус адкінуў усе спакусы д’ябла ў пустыні (гл. Лк 4, 1–13).
Святы Ігнацый разгортвае тэму нашай размовы ў асобным правіле: злы дух «уваходзіць з грукатам» у добрую душу, стараючыся ўнесці замяшанне, тым часам як наш памочнік «дакранаецца да душы ціха, лёгка і лагодна, як кропля вады, што прасочваецца ў губку» (ДП 335). Таму неабходны асаблівы высілак, каб, перафразуючы кітайскую прымаўку, за шумам падзення аднаго дрэва пачуць гук леса, які расце.
Маркотны песімізм пазбаўляе матывацыі да дзеяння і з’яўляецца найбольш упадабанай прыладай спакушальніка.
Калі абмежавацца абывацельскім светапоглядам, то лягчэй паддацца гэтаму ўплыву і апусціць рукі, чым з надзеяй і пакорай прызнаць, што любая сітуацыя можа стаць праявай Божай сілы і збаўлення, і менавіта так мы задзейнічаем веру ў Бога, які не застаецца абыякавым да нягодаў нашага шляху, якімі б дробнымі яны ні здаваліся нам самім.
Як вынік усяго, што было сказана дагэтуль, трэба адзначыць: закон, які тлумачыць «стратэгію» добрага і злога духаў, нескладаны. Яны дзейнічаюць у тым ці адваротным напрамку адпаведна сваёй мэце — добрай ці дрэннай — у залежнасці ад схільнасці душы ў дадзены момант: імкнецца тая да лепшага ці рызыкуе заблукаць, збочыўшы з добрай дарогі.
[Працяг будзе]