Пошук

15.05.2018 16:00   а. Віктар Жук SJ / Пераклад: Тэрэса Клімовіч / Catholic.by

[Працяг. Пачатак чытайце ТУТ]

Святы Ігнацый пакінуў цэлую методыку, як здзейсніць выбар перад Богам і ўпэўніцца, што прынятае рашэнне даспадобы Богу.

З пункту гледжання «духоўнай педагогікі» карысна спачатку выпрацаваць навык распазнавання адносна простых сітуацый, каб паступова набыць гатоўнасць правільна рэагаваць і ў больш складаных выпадках, спалучаных, напрыклад, з адказнасцю за іншых людзей.

На першых этапах вельмі важна мець зваротную сувязь дасведчанага дарадчыка ці духоўнага кіраўніка, каб не памыліцца. Не лішне будзе згадаць некаторыя іншыя прыклады таго, што можа стаць прадметам распазнавання: інтэрпрэтацыя Святога Пісання, у якім часам можна знайсці на першы погляд супярэчлівыя тэксты; вобраз Бога, які відавочна ці ўтоена прысутнічае ў разнастайных сцвярджэннях пра веру; маральны выбар, калі два ці больш прынцыпаў уступаюць у канфлікт…

У бясконцым шэрагу такіх сітуацый мы пакліканыя даць той адказ, які найбольш адпавядае нашай сутнасці як дзяцей Божых і вучняў Хрыста, і прынесці плёны, годныя хвалы Божага Валадарства. 

«Шукаць і знаходзіць Бога ва ўсім», — гучыць адзін з дэвізаў святога Ігнацыя. Пошук Бога ў нашай рэчаіснасці азначае, перш за ўсё, веру ў Божую прысутнасць і ўвагу да яе і дзеяння як у знешніх абставінах, так і ва ўнутраных рухах душы.

Такім чынам, неабходнай перадумовай для дзейснага распазнавання з’яўляецца практыка ўсвядомленай увагі — з дапамогай Божай ласкі — да працэсаў і падзей, істотных для нашага жыцця з Богам.

Асноўнай «прасторай» для такога ўсведамлення з’яўляецца малітоўны прагляд дня — практыка, здаўна вядомая як «рахунак сумлення».

У сучасных аўтараў ігнацыянскай традыцыі яна мае назву «малітва любячай увагі», «15 хвілін шчырасці» і інш. Гэтаму духоўнаму інструменту будзе прысвечаны асобны артыкул. Цяпер жа мы звернемся да аднаго вельмі далікатнага пытання.

Распазнаванне… духаў? Вы сур’ёзна?

У хрысціянскай традыцыі слова «распазнаванне» (альбо адрозніванне) часта спалучаецца з іншым словам — «духаў». У нас, людзей XXI стагоддзя, далёкіх ад «прымітыўнага» спосабу тлумачэння падзей уздзеяннем нябачных сіл не з гэтага свету, такое словазлучэнне можа выклікаць іранічную ўсмешку.

З іншага боку, крайняя пазітывісцкая ўстаноўка можа вельмі перашкаджаць цэласнаму ўспрыманню прыроды чалавека, у якой спалучаюцца і сцісла ўзаемадзейнічаюць між сабой цялеснае, псіхічнае і духоўнае.

Галоўнае пытанне наконт сутнасці «злых духаў» зводзіцца да таго, ці мы павінны разумець моц зла ў якасці персаніфікаваных суб’ектаў, ці гаворка пра нейкіх істот усё ж прадугледжвае метафару, якая тлумачыць пэўныя з’явы ў жыцці паасобных людзей, чалавечага грамадства і нават усяго сусвету.

Такая самая фармулёўка датычыцца і вызначэння «добрых духаў»: з’яўляюцца яны «анёламі», разумнымі істотамі, або яны — увасабленне добрага боскага дзеяння.

На падставе Евангелля можна зрабіць выснову, што Пан Езус успрымаў існаванне анёлаў і дэманаў як рэальнасць, і ў гэтым Яго погляды супадалі з верай большасці Ягоных сучаснікаў юдэяў. Нават некаторыя фізічныя захворванні лічыліся ўплывам злых духаў, аднак цяжка вывесці дакладны крытэрый для такой ідэнтыфікацыі з дадзеных, якія мы маем з Новага Запавету.

Пытанне аб рэальным існаванні «духаў» і пераносным значэнні гэтага слова выдатна паказаны К.С. Льюісам у прадмове да ягоных «Лістоў Круцяля».

Сам гэты твор настойліва рэкамендуем пра(пера)чытаць. Цяпер жа звернемся да некаторых яго думак:

«У тым, што датычыцца злых духаў, — піша Льюіс, — чалавечы род можа стаць ахвярай дзвюх раўназначных і супрацьлеглых памылак. Адна з іх — не верыць у існаванне злых духаў. Другая — верыць і адчуваць празмерную і нездаровую цікавасць да іх. Для саміх злых духаў абедзве памылкі аднолькава прыемныя, і яны з задавальненнем вітаюць як матэрыяліста, так і прыхільніка магіі».

Свае развагі на гэтую тэму хрысціянскі апалагет ХХ стагоддзя падсумоўвае наступным чынам: «Пытанне наконт таго, што я думаю пра злых духаў, насамрэч не мае вялікага значэння для чытачоў „Круцяля“. Для тых, хто прымае маё меркаванне, мае злыя духі будуць сімваламі канкрэтнай рэальнасці; для астатніх яны будуць увасабленнямі абстрактных ідэяў, і ўся кніга будзе алегорыяй.

Але для таго, каб прачытаць кнігу, гэта не вельмі істотна. Бо яе мэта, натуральна, не ў тым, каб разважаць пра жыццё злых духаў, а ў тым, каб у новым святле зірнуць на жыццё людзей».

Падобна выказваецца і Кэйс Ваайман у сваёй працы «Духоўнасць»: «Важнае не столькі пытанне аб існаванні д’ябла і злых духаў (іх рэальным існаванні і ацэнках), колькі метады праяўлення іх паводзінаў, іх захады і ўздзеянне на мысленне, волю і ўчынкі людзей». Іншымі словамі, тут — як і ў сферы распазнавання ўвогуле — істотным з’яўляецца прынцып «пладоў»: да чаго вядзе і якія наступствы мае той ці іншы ўплыў у жыцці чалавека (супольнасці), незалежна ад таго, паходзіць ён з патаемных глыбінь падсвядомасці чалавека ці натхнёны звонку.

Святы Ян Касіян піша, што ёсць «тры крыніцы нашых думак: Бог, д’ябал і мы самі». Чалавек як добрае Божае стварэнне, але пашкоджанае грахом, можа прадукаваць думкі альбо нейтральныя з пункту гледжання збаўлення, альбо такія, што вядуць у рэшце рэшт да жыцця ці да смерці.

Разнастайныя імпульсы, жаданні, схільнасці, якія ўзнікаюць унутры нас, часта з’яўляюцца вынікам засвоенага намі ўплыву значных для нашага светапогляду людзей і культуры ў цэлым. Іх неабходна распазнаваць, прасейваць і ачышчаць у Божым святле не менш, чым тое, што паходзіць звонку.

Слова «дух», ужытае для апісання крыніцы ўнутраных рухаў у гэтай карціне, можа быць проста данінай традыцыі, якая заўсёды патрабуе новага пераасэнсавання з боку кожнага пакалення.

Нашыя кароткія ўводзіны ў тэму распазнавання хацелася б скончыць у духу святога Ігнацыя: у духоўным жыцці трэба «практыкавацца» так, як мы гэта робім у іншых сферах.

Чытачоў, якія захочуць прасякнуцца стылем Ігнацыя, запрашаю пастарацца — сёння ці ў бліжэйшыя дні — назваць тых «духаў», уздзеянне якіх вы адчуваеце ў сваім штодзённым жыцці, намагаючыся прасачыць яго напрамак і канчатковы плён.

Можна выконваць гэтае практыкаванне пісьмова, занатоўваючы свае назіранні ў дзённіку. Дастакова выбраць адну ці некалькі значных сітуацый і ўсвядоміць спадарожныя ім рэакцыі, словы, думкі. Што сталася іх перадумовай? Які «ўнутраны прысмак» застаецца пасля? Які іх лагічны працяг і заканчэнне? (Можна звярнуцца ў гэты момант да пераліку «ўчынкаў цела» і «пладоў Духа» ў пасланні апостала Паўла да Галатаў (Гал 5, 19–23). Можна нават змясціць свае назіранні ў табліцу, адпаведна пастаўленым пытанням. Не трэба спяшацца ацэньваць свае паводзіны з маральнага пункту гледжання, а замест гэтага варта звярнуцца з усім, што вы ўсвядомілі, да Бога.

У наступны раз мы разгледзім малітву прагляду дня — штодзённую практыку ўсведамлення Божага дзеяння ў нашым жыцці і магчымасці «акунацца» кожны дзень у Божую міласэрнасць і новую надзею.

Абноўлена 15.05.2018 17:07
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця