Калі бачыце хмару, якая падымаецца з захаду, адразу кажаце: «Дождж будзе», і так адбываецца. А калі дзьме паўднёвы вецер, кажаце: «Спякота будзе», і так адбываецца. Крывадушныя, аблічча зямлі і неба распазнаваць умееце, як жа часу гэтага не пазнаеце? Чаму ж вы і па саміх сабе не судзіце, што слушнае? (Лк 12, 54–57)
Гэты эпізод з Евангелля паводле святога Лукі — толькі адзін з прыкладаў навучання Хрыста, дзе Ён заклікае сваіх паслядоўнікаў распазнаваць, умець у правільным духоўным святле бачыць, ацэньваць і адпаведна рэагаваць на тое, што адбываецца ўнутры чалавека і ў навакольным свеце.
Такі ж заклік апошнім часам часта кіруе да нас і папа Францішак, а калі казаць больш дакладна, увесь ягоны стыль як пастыра паўсюднага Касцёла прасякнуты стаўленнем, у падмурку якога ляжыць гэты духоўны дар.
Другі Ватыканскі Сабор казаў пра неабходнасць «даследаваць знакі часу і інтэрпрэтаваць іх у святле Евангелля так, каб [Касцёлу] быць здольным кожнаму пакаленню даць зразумелы адказ на вечныя пытанні людзей пра сэнс цяперашняга і будучага жыцця» (GS 4).
Што ж маецца на ўвазе пад «распазнаваннем» («адрозніваннем») і ў чым яго сутнасць, мэта, механізм? Над гэтымі пытаннямі мы і будзем разважаць.
Асновай і натхненнем для нас стануць словы Святога Пісання, духоўная традыцыя, сфармаваная яшчэ ў першыя стагоддзі хрысціянства, а таксама правілы, змешчаныя ў «Духоўных практыкаваннях» святога Ігнацыя Лаёлы, які справядліва лічыцца вялікім знаўцам у гэтай сферы.
«Умілаваныя, не кожнаму духу верце, але правярайце духаў, ці яны ад Бога, бо шмат ілжэпрарокаў з’явілася на свеце», — заахвочвае сваіх адрасатаў святы Ян Евангеліст (1 Ян 4, 1). У жыцці асобнага чалавека, у супольнасцях і ў Касцёле дзейнічаюць розныя «духі». Пытанне наконт таго, што разумеецца пад «духамі», мы разгледзім ніжэй, а пакуль адзначым, што гэтыя разнастайныя ўплывы супрацьлеглыя: адны паходзяць ад Бога, іншыя ж вынікаюць з падману і зводзяць з добрага шляху.
У жыцці айцоў пустэльнікаў, якое пераважна складалася з «духоўнага дзеяння», адной з асноўных мэтаў было «прасейванне» намераў, г.зн. належнае ацэньванне таго ці іншага ўнутранага руху (думкі, эмоцыі, інтэнцыі) як карыснага для душы або варожага. Адпаведна, наступным крокам было іх прыняцце ці адкіданне.
Падобную «духоўную барацьбу» павінен весці кожны вучань Хрыста, у тым ліку ў «свецкім» жыцці. У гэтай цяжкай часамі бітве вельмі прыдасца вопыт нашых папярэднікаў у наследванні Хрыста.
Іх парады засноўваюцца на заўважаных заканамернасцях духоўнага жыцця і, вядома, патрабуюць належнага дастасавання да сучасных абставінаў; тым не менш, большасць настаўленняў не губляюць актуальнасці сёння, калі велізарная колькасць імпульсаў, памкненняў, прапаноў атакуе наш розум і сэрца з усіх бакоў.
Распазнаванне не з’яўляецца мэтай само па сабе. Яно толькі папярэднічае канкрэтным рашэнням і дзеянням тых, хто імкнецца выконваць волю Нябеснага Айца і такім чынам стаць братам, сястрой і маці Хрысту (пар. Мк 3, 35). Мэта распазнавання — не проста застацца «на арбіце» Божых запаведзяў, але імкнуцца ісці «яшчэ лепшым шляхам» (пар. 1 Кар 12, 31), любячы Хрыста ўсё мацней і наследуючы Яго больш дасканала ў канкрэтных умовах нашага жыцця (пар. ДП 104).
Такім чынам, такое духоўнае дзеянне ўплецена ў дынаміку нашых адносінаў з Богам і прадугледжвае актыўнае малітоўнае жыццё, у якім мы не толькі «чытаем малітвы», але адкрываем перад Богам усё, што адбываецца з намі, і імкнемся пачуць Божае слова для нашага жыцця. У такой інтэнсіўнай сувязі з Богам вельмі карысна ведаць некаторыя агульныя правілы, якія дзейнічаюць у сферы духа: у адваротным выпадку мы рызыкуем у духоўным сэнсе «таптацца на адным месцы» доўгія месяцы і нават гады, і толькі таму, што не ведаем законаў жыцця ў Духу або не ўмеем стасаваць іх да сябе.
Нашае ўяўленне пра Бога, пра ўласны стан у Ягоных вачах можа быць моцна скажоным памылковымі стэрэатыпамі ці прадузятасцю, таму перад намі стаіць задача, якую можна параўнаць — карыстаючыся вобразам святога Яна Касіяна (IV–V ст.) — з працай умелага мянялы, калі той павінен быў адрозніць сапраўдную манету ад фальшывай, хоць знешне яны былі вельмі падобныя.
У працэсе распазнавання хрысціянін рана ці позна сутыкаецца з рэальнасцю супраціву з боку «старога чалавека». Так можна акрэсліць усё тое ў самім сабе, што перашкаджае пачуць Божы заклік і прыняць у паўнаце Божае збаўленне ў сваім жыцці.
Святы Ігнацый, ідучы за традыцыяй, гаворыць аб неабходнасці вызвалення ад неўпарадкаваных прыхільнасцяў — тых упадабанняў, звыклых паводзін і рэакцый, спосабу мыслення і ўнутраных установак, якія «стрымліваюць» наш духоўны рост і, у горшым выпадку, могуць адвесці далёка ад Бога і Касцёла.
Яўна ці прыхавана гэтыя хваравітыя прыхільнасці патураюць эгаістычнаму стаўленню да ўласнага жыцця і ўсёй рэчаіснасці і паказваюць неабходнасць нашага няспыннага навяртання да Хрыстовага Евангелля.
У адной са сваіх кніг езуіт Біл Бэры дзеліцца ўласным досведам: на працягу пэўнага часу ён «атрымліваў сігналы» — і знешнія, і ўнутраныя — аб тым, што ўжыванне алкаголю шкодзіць ягонаму фізічнаму і духоўнаму стану.
Ён піша, што спачатку рэзка рэагаваў, калі хтосьці меў адвагу зазначыць гэта, і апраўдваўся перад сабой тым, што меў «права» выпіць — фармальна гэта не забаронена. Аднак, даследуючы свае рэакцыі з дапамогай правіл распазнавання, ён паступова ўсвядоміў, што «добры дух» падштурхоўваў яго да шчырага прызнання рэальнага стану рэчаў, а тым часам яго «стары чалавек», паддаючыся логіцы «злога духа», лічыў за лепшае працягваць шукаць задавальнення і суцяшэння ў нездаровай схільнасці.
Гэты прыклад паказвае, як практыка распазнавання дапамагае ісці шляхам сапраўднай хрысціянскай свабоды — не той свабоды, што насамрэч з’яўляецца свавольствам або, у лепшым выпадку, «дзіцячай непасрэднасцю», але свабоды, якую даў Хрыстус, каб мы маглі «ў любові служыць адно аднаму» (пар. Гал 5, 1.13).
Менавіта ў сэнсе такой свабоды варта ўспрымаць тэрмін «бясстраснасць», які часта ўжываецца духоўнымі аўтарамі, але яшчэ часцей няправільна інтэрпрэтуецца тымі, хто яго чуе: гаворка ідзе не пра эмацыйную халоднасць, адасобленасць ці абыякавасць да навакольнага свету, а пра здольнасць не паддавацца імпульсам і ўпадабанням, якія супярэчаць сапраўднаму дабру і становяцца перашкодай у тым, каб чуць Божы заклік у сваім жыцці.
Згодна з хрысціянскім бачаннем, у чалавечае сэрца ўкладзена жаданне Бога, і нішто створанае не ў стане задаволіць гэтую смагу. Як цудоўна выказаўся святы Аўгустын у вядомых словах: «Ты нас стварыў для сябе, і неспакойнае сэрца нашае, пакуль не знойдзе спакой у Табе».
Практыкаванне распазнавання мае на мэце магчымасць і патрэбу адчуць, спасцігнуць імкненне чалавечага сэрца да Бога, крыніцы вечнага жыцця, за ўсімі іншымі памкненнямі і задумамі, якімі поўніцца наша паўсядзённасць.
Яшчэ раз адзначым, што распазнаванне не абмяжоўваецца дасягненнем гэтай мэты: наступны крок — дазволіць, каб імкненне да Бога ўпарадкавала і ўсе астатнія нашыя намеры. Гэта датычыцца як найбольш важных жыццёвых рашэнняў (выбар паклікання, напрыклад), так і мноства штодзённых драбніц, у якіх і крыецца сутнасць нашай вернасці выбранаму шляху.
Святы Ігнацый пакінуў цэлую методыку, як здзейсніць выбар перад Богам і ўпэўніцца, што прынятае рашэнне да спадобы Богу.
[Працяг будзе].