Пошук

30.04.2019 07:07   Catholic.by
Фота: news.ugcc.ua

Як 28 красавіка паведаміў дэпартамент інфармацыі Украінскай Грэка-Каталіцкай Царквы, папа Францішак падрыхтаваў для яе сюрпрыз. Пра тое, у чым ён заключаецца, неўзабаве афіцыйна абвесціць Святы Пасад.

Вестку пра сюрпрыз ад Святога Айца, які чакае ўкраінскіх грэка-католікаў, перадаў прадстаўнік папы Францішка ва Украіне Апостальскі нунцый арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці падчас урачыстай Пасхальнай Літургіі ў патрыяршым саборы Уваскрасення Хрыстова ў Кіеве. Ён таксама ўдзяліў вернікам благаслаўленне Святога Айца з нагоды ўрачыстасці Пасхі, якую католікі ўсходняга абраду ва Украіне адзначылі разам з праваслаўнымі ў нядзелю 28 красавіка.

Пры гэтым прадстаўнік Папы адзначыў:

«Благаслаўленне Святога Айца — гэта не проста нейкая малітва над вамі. Гэта — даручанае яму заданне, якое заключаецца ў тым, каб зберагчы веру братоў. І сёння гэта адбываецца асаблівым чынам».

Апостальскі нунцый нагадаў, што і ў той дзень, калі ўрачыстасць Змёртвыхпаўстання Пана адзначалі вернікі заходняй традыцыі, Папа таксама памятаў пра Украіну.

«Вы ведаеце, што Папа праяўляе яшчэ большую блізкасць, яшчэ большую падтрымку ў адносінах да УГКЦ. І мае ў сэрцы пэўны знак. Я кажу вам гэта спецыяльна, каб абудзіць у вас зацікаўленасць.

Пакуль не магу сказаць больш. Думаю, што неўзабаве будзе абнародавана тое, што Папа хоча зрабіць. Гэта перадусім датычыцца такой падтрымкі», — сцвердзіў арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці.

«Будзем спадзявацца, што папская таямніца хутка выявіцца», — сказаў са свайго боку кіраўнік УГКЦ Першавярхоўны арцыбіскуп Святаслаў Шаўчук.

Пры гэтым іерарх зазначыў, што сёлета Украінская Грэка-Каталіцкая Царква будзе адзначаць гадавіну свайго ўваскрашэння — трыццацігоддзе выхаду з падполля пасля часоў пераследу і ўціску.

«Гэтую Царкву не змог знішчыць ніхто: ані Сталін з яго катаваннямі, ані камуністычная ідэалогія. Крывёю мучанікаў нашая Царква засведчыла — Хрыстос уваскрос.

І ўсе мы — сведкі ўваскрослай Царквы, сведкі ўваскрашэння», — сказаў духоўны лідар украінскіх грэка-католікаў.

Абноўлена 30.04.2019 12:37
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.