Пошук

27.11.2018 12:28   Catholic.by

З набліжэннем святаў Божага Нараджэння штогод з’яўляецца нямала ролікаў на калядную тэму. Калі большасць з іх маюць рэкламныя мэты і каштуюць вялікіх грошай, то праца 32-гадовага рэжысёра Філа Бістала — зусім іншага кшталту.

Кароткі ролік працягласцю ў дзве з паловай хвіліны быў зняты тры гады таму, але менавіта ў апошнія дні набыў, як кажуць, «вірусную папулярнасць», набраўшы больш за шэсць мільёнаў праглядаў. Аўтар апублікаваў яго ў адказ на рэкламу пэўнай сеткі супермаркетаў з удзелам вядомага спевака Элтана Джона, якая каштавала больш за 7 млн фунтаў стэрлінгаў (каля 8,8 млн даляраў), між тым як ролік Філа Бістала (Phil Beastall) пад назваю «Любоў — гэта падарунак» (Love is a Gift) каштаваў яго стваральніку ўсяго 50 фунтаў (64 даляры).

У роліку мы бачым маладога мужчыну, які лічыць дні да Калядаў. У святочны вечар ён сядае за стол і дастае… старэнькі касетны плэер, які сёння рэдка дзе ўбачыш.

Мужчына ўстаўляе касету і пачынае слухаць запіс. Гэта — не песні Элтана Джона, а жаночы голас, які кажа: «Прывітанне, Крыс, гэта мама…» Яна пяшчотна віншуе свайго сына з Нараджэннем Хрыста і дзякуе за тое, што ён знайшоў час, каб успомніць пра яе.

«Гэта мая апошняя касета, у якой я віншую цябе з Божым Нараджэннем. Прыйшоў час развітацца. Толькі памятай, як моцна я цябе люблю. Ніколі не забывайся пра гэта, добра? Я заўсёды буду тваёй мамай. Перш, чым я адыду, дазволь мне расказаць табе гісторыю пра самы шчаслівы дзень майго жыцця. Пра дзень, калі ты нарадзіўся…»

На твары Крыса, па якім за хвіліну да гэтага скацілася скупая мужчынская сляза, з’яўляецца шчаслівая ўсмешка, і ён слухае далей аповед сваёй матулі, запісаны на касеце…

«Любоў — гэта падарунак, які працягваецца вечна. Шчаслівага Нараджэння Хрыстова», — такімі словамі завяршаецца гэты кароткі ролік, які нагадвае, што святы Божага Нараджэння — гэта перадусім час, калі трэба дарыць адзін аднаму любоў, а не лётаць па крамах у пошуках дарагіх падарункаў.

«Я хацеў перадаць штосьці простае і ўніверсальнае. Памятайма, што хоць жыццё можа быць сапраўды няпростым, мы не абмежаваныя толькі кар’ерай і матэрыяльнымі рэчамі. Сям’я — на першым месцы, і важна, каб мы клапаціліся адзін пра аднаго», — кажа рэжысёр Філ Бістал.

Аўтар роліка кожны дзень атрымлівае сотні паведамленняў ад узрушаных людзей, асабліва ад тых, якія перажылі штосьці падобнае, страціўшы бацькоў, мужа, жонку або дзіця. Яны дзеляцца з Філам, што ролік дапамог ім прыняць гэта і скончыць час жалобы. «Яны адчулі, што ў святы справяцца з гэтым», — кажа рэжысёр.

Абноўлена 18.12.2018 14:40
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа