22 верасня ў 10.35 па мясцовым часе самалёт з папам Францішкам на борце прызямліўся ў аэрапорце літоўскай сталіцы. Прывітаць Пантыфіка прыбыла Прэзідэнт Літвы Даля Грыбаўскайтэ.
Былі выкананыя гімн Святога Пасаду і Літоўскай Рэспублікі. З боку Каталіцкага Касцёла Святога Айца прывітаў старшыня Каталіцкіх Біскупаў у Літве Мітрапаліт Віленскі арцыбіскуп Гінтарас Грушас.
Пасля прывітальнай цырымоніі Папа праехаў вуліцамі літоўскай сталіцы ў Прэзідэнцкі Палац, дзе правядзе сустрэчу з Даляй Грыбаўскайтэ. Тэмамі сустрэчы стануць выклікі ў літоўскім грамадстве: геапалітычная сітуацыя, сацыяльныя пытанні і роля літоўцаў у еўрапейскім грамадстве.
Пасля завяршэння сустрэчы Папа Рымскі сумесна з Прэзідэнтам Літвы звернуцца да літоўскага грамадства ў скверы Сімонаса Даўкантаса. Паслухаць заяву літоўскага прэзідэнта і Пантыфіка прыбудуць нацыянальныя лідары, духавенства, дыпламатычны корпус, прадстаўнікі бізнес-арганізацый, прадстаўнікі культуры, спорту і іншых груп.
У 17.30 папа Францішак завітае на катэдральны пляц, дзе прывітае моладзь з Літвы і прылеглых краін, у тым ліку з Беларусі.