«Я бачу Езуса ў кожным чалавеку і кажу сабе: гэта галодны Езус, я павінна Яго насыціць», — пісала святая Маці Тэрэза.
У малітве, якую склала Маці Тэрэза з Калькуты, калі была яшчэ ў Ларэта, яна прасіла Езуса: «Дай мне сілу, каб я заўжды была святлом у іх жыцці і такім чынам вяла іх да Цябе».
Гэта не «маленькая» малітва. Маліцца за сілу быць святлом — гэта прасіць пра такое выкананне Божай волі, каб стаць алеем, што азначае згарэць цалкам; гэта прасіць пра тое, каб сваё жыццё прынесці ў ахвяру іншаму чалавеку.
Гэта нават не пра святасць. Гэта хутчэй малітва, на якую здольны толькі сапраўдны святы.
Ужо пазней, калі Тэрэза распазнала сваё пакліканне ў пакліканні і атрымала дазвол ад сваёй тагачаснай супольнасці служыць «найбяднейшым з бедных» у найбольш безнадзейных частках Індыі і па ўсім свеце, — яна зразумела, пра што па-сапраўднаму прасіла раней у сваіх малітвах.
«Любоў, каб яна была сапраўднай, павінна чагосьці каштаваць, яна павінна балець, павінна спусташаць нас. Плён малітвы — вера. Плён веры — любоў. Плён любові — служэнне. Плён служэння — мір».
Разуменне гэтых слоў прыйшло да нас праз яе мудрасць — яе парады давалі і да гэтай пары даюць нам сілу, таму што заўжды ўказваюць на служэнне.
Вось некалькі парадаў ад Маці Тэрэзы.
Аднойчы яна сказала: «Не чакайце лідараў. Зрабіце гэта самі, кожны індывідуальна». Пераглядаючы фотаздымкі вялікай святой (некаторыя з іх друкуюцца вельмі рэдка), задумайцеся над яе словамі: «Я бачу Езуса ў кожным чалавеку і кажу сабе: гэта галодны Езус, я павінна Яго насыціць. Гэта хворы Езус. У Яго праказа або гангрэна.
Я павінна вымыць Яго і схіліцца над Ім. Я служу, таму што люблю Езуса. Знайсці Калькуту можна ў любым месцы.
Проста трэба расплюшчыць вочы. У свеце існуюць людзі нелюбімыя, адкінутыя, пакінутыя або забытыя. І гэта найбольшая беднасць. Знайдзіце сваю ўласную Калькуту».