Пошук

04.09.2018 09:27   Паводле: Vatican News / Фота: ofmcap.org / Catholic.by
Рабэрто Джэнуін OFM Cap

Новы Генеральны настаяцель Ордэна Меншых Братоў Капуцынаў быў абраны падчас 85-га Генеральнага капітула гэтай манаскай супольнасці, у якім бярэ ўдзел таксама кіраўнік Беларускай кустодыі Ордэна брат Алег Шэнда OFM Cap.

Новым кіраўніком Ордэна, які налічвае больш за дзесяць тысяч братоў ва ўсім свеце, стаў 57-гадовы італьянец брат Рабэрто Джэнуін.

Ён быў абраны ў першым туры галасавання, якое адбылося 3 верасня 2018 г. За новаабранага настаяцеля аддалі свае галасы 101 са 188 удзельнікаў Генеральнага капітула.

Брат Рабэрто Джэнуін паходзіць з паўночнаітальянскага горада Фалькадэ, які знаходзіцца непадалёк ад Венецыі. Пачас фармацыі ён абараніў доктарскую дысертацыю па кананічным і грамадзянскім праве ў Папскім Латэранскім універсітэце. Займаўся выкладчыцкай дзейнасцю. На працягу дзевяці гадоў быў настаяцелем супольнасці братоў капуцынаў у рэгіёне Трывэнета. Да абрання кіраўніком Ордэна з’яўляўся настаяцелем кляштара ў Ровэрэта.

Генеральны капітул Ордэна Меншых Братоў Капуцынаў праходзіць у Міжнародным калегіуме св. Лаўрэнція з Брындызі ў Рыме з 27 жніўня па 16 верасня. Падобныя сходы, на якія збіраюцца дэлегаты Ордэна з усяго свету, адбываюцца кожныя шэсць гадоў. На іх брат дзеляцца досведам, вырашаюць найбольш актуальныя пытанні Ордэна, выбіраюць новае кіраўніцтва.

Брат Маўро Ёры і брат Рабэрто Джэнуін.

На працягу мінулых шасці гадоў Генеральным настаяцелем Ордэна капуцынаў быў швейцарскі капуцын брат Маўро Ёры.

Абноўлена 04.09.2018 17:22
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа