27 жніўня ў міжнароднай калегіі братоў капуцынаў у Рыме распачаўся 85-ы чарговы Генеральны капітул Ордэна меншых братоў капуцынаў.
Гэты сход з’яўляецца найвышэйшым органам кіравання ордэнам і сёлета прадстаўлены 188-ю братамі з большасці краін свету і з усіх кантынентаў.
Дэлегатам, які прадстаўляе на Генеральным капітуле супольнасць капуцынаў у нашай краіне, з’яўляецца кіраўнік Беларускай кустодыі брат Алег Шэнда OFMCap.
Генеральны капітул склікаецца кожныя шэсць гадоў і дае магчымасць братам з усяго свету падзяліцца вопытам рэалізацыі капуцынскай харызмы ў разнастайных умовах і акалічнасцях.
Падчас працы ў групах і пленарных пасяджэннях дэлегаты капітулу ў шчырых і адкрытых дыскусіях разважаюць пра плённасць капуцынскага паклікання і вырашаюць пытанні адносна будучыні ордэна.
Істотным заданнем чарговага капітулу з’яўляецца вызначэнне арыенціраў развіцця ордэна і выбар новага генеральнага кіраўніка і ягоных радцаў. Наперадзе тры тыдні цікавай і напружанай працы.