Пошук

06.07.2018 17:00   Паводле: Vatican News / Catholic.by

5 ліпеня ва ўзросце 75 гадоў адышоў у вечнасць кардынал Жан-Луі Таран, Старшыня Папскай рады па міжрэлігійным дыялогу, які абвясціў свету аб выбары папы Францішка, а ў 2013 г. як прадстаўнік Святога Айца ўзначаліў юбілейныя ўрачыстасці ў Будславе ў 400-ю гадавіну з’яўлення там цудатворнага абраза Маці Божай.

Іерарх, які працяглы час пакутаваў ад хваробы Паркінсона, памёр у ЗША, дзе праходзіў лячэнне.

У спачувальнай тэлеграме папа Францішак запэўніў у сваёй духоўнай блізкасці і малітве «родных памерлага кардынала і ўсіх людзей, каго кранула вестка аб яго смерці». Папа даручыў душу памерлага Божай міласэрнасці, адзначыўшы вялікі след, які кардынал Таран пакінуў у паўсюдным Каталіцкім Касцёле.

«Ён быў дарадчыкам, да якога прыслухоўваліся і якога цанілі, дзякуючы стасункам даверу і павагі, якія ён будаваў з мусульманскім светам», — так згадвае Папа яго асобу і працу на пасадзе Старшыні Папскай рады па міжрэлігійным дыялогу. «Няхай Бог адорыць яго душу вечным супакоем і радасцю», — дадаў папа Францішак.

Жан-Луі Таран нарадзіўся ў французскім Бардо 5 красавіка 1943 г. Скончыў Папскі Грыгарыянскі ўніверсітэт у Рыме, атрымаўшы ступень магістра філасофскіх і багаслоўскіх навук. 20 верасня 1969 г. атрымаў прэзбітэрскае пасвячэнне і распачаў душпастырскае служэнне ў родным Бардо.

У 1973 г. быў накіраваны на вучобу ў Папскую дыпламатычную акадэмію ў Рыме. У 1975 г., абараніўшы доктарскую дысертацыю ў галіне кананічнага права, Жан-Луі Таран распачаў дыпламатычную службу ў Апостальскай нунцыятуры ў Дамініканскай Рэспубліцы. Праз чатыры гады быў пераведзены на працу ў Апостальскую нунцыятуру ў Ліване, дзе заставаўся да 1983 г.

У ліпені 1983 г. кардынал Таран быў запрошаны на працу ў Раду па грамадскіх справах Каталіцкага Касцёла, а ў 1990 г. стаў яе старшынёй. З 1984 г. па 1988 г. прымаў удзел у працы тагачаснай Рады па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе.

6 студзеня 1991 г. папа Ян Павел II удзяліў яму біскупскае пасвячэнне, а 21 кастрычніка 2003 г. падчас Кансісторыя ўзвысіў яго да годнасці кардынала-дыякана. Кардыналам-протадыяканам Жан-Луі Таран стаў у лютым 2011 г.

24 лістапада 2003 г. кардынал Таран быў прызначаны Архіварыусам Ватыканскага сакрэтнага архіва і Бібліятэкарам Святога Рымскага Касцёла. 25 студзеня 2007 г. заняў пасаду старшыні Папскай рады па міжрэлігійным дыялогу. З 2014 г. з’яўляўся камерлінга Святога Рымскага Касцёла.

У якасці кардынала-выбаршчыка памерлы іерарх прымаў удзел у двух канклавах — у 2005 г., падчас абрання Бэнэдыкта XVI, і ў 2013 г., калі на Пасад св. Пятра ўзышоў папа Францішак. Тады менавіта кардынал Жан-Луі Таран агучыў традыцыйную формулу Habemus Papam, якая паведамляе вернікам аб абранні новага наступніка св. Пятра.

Пасля смерці Жана-Луі Тарана Калегія налічвае 225 кардыналаў, 124 з якіх маюць права голасу на магчымым канклаве.

Абноўлена 07.07.2018 11:49
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа