На міжканфесійную малітву за Блізкі Усход і братэрскі дыялог аб вырашэнні сітуацыі ў рэгіёне, якая пройдзе 7 ліпеня ў г. Бары (Італія), папа Францішак запрасіў патрыярхаў Усходніх Цэркваў Блізкага Усходу: Каталіцкіх, Праваслаўных і Дахалкідонскіх, а тасама Халэйскай і Асірыйскай Цэркваў і Апостальскага адміністратара Лацінскага Патрыярхата Ерузалема.
Пасля малітвы пры рэліквіях св. Мікалая ў базыліцы першаіерархі працягнуць малітву з сабранымі вернікамі розных канфесій на беразе Адрыятычнага мора. У гэтай малітве прымае ўдзел таксама Апостальскі візітатар Беларускай Грэка-Каталіцкай Царквы кс. архімандрыт Ян Сяргей Гаек МІС.
Іерархі Усходніх Каталіцкіх Цэркваў Еўропы на сваёй штогадовай канферэнцыі, якая праходзіла 14–17 чэрвеня ў г. Лунгра, запрасілі вернікаў духоўна з’яднацца ў малітве з папам Францішкам. У гэтую малітоўную падтрымку ўключыліся і грэка-католікі Беларусі, пачынаючы ад свята св. Першавярхоўных Апосталаў Пятра і Паўла, якое адзначалася 29 чэрвеня.
На працягу мінулых тыдняў у горадзе Бары і ва ўсёй архідыяцэзіі Бары-Бітонта быў арганізаваны шэраг малітоўных сустрэчаў вернікаў розных канфесій.
Міжканфесійная «Супольнасць Езуса» і платформа міжканфесійнага супрацоўніцтва Synergeia pro Oriente Christiano арганізавала ў горадзе Бары «эстафету малітвы і дыялогу», што праходзіла 5–6 ліпеня, якую ўзначалілі архімандрыт Сяргей Гаек і англіканскі арцыбіскуп Шон Ларкін з Вялікабрытаніі.
«Мы вельмі ўдзячныя беларускім грэка-католікам за іх актыўны ўдзел у розных міжканфесійных ініцыятывах дзеля развіцця дыялогу для дабра Усходніх Цэркваў. Асабліва радуе нас удзел беларускіх грэка-католікаў у малітоўнай сустрэчы папы Францішка і Патрыярхаў Усходніх Цэркваў Блізкага Усходу, якая пройдзе ў горадзе св. Мікалая Бары ў суботу 7 ліпеня. Дзякуй вам за гэты каштоўны знак духоўнай салідарнасці», — сказаў Старшыня «Супольнасці Езуса» прафесар Матэо Калізі.