Пошук

04.07.2018 11:40   Паводле: Vatican News / Catholic.by

7 ліпеня ў італьянскім горадзе Бары, дзе знаходзяцца рэліквіі святога Мікалая, з удзелам папы Францішка і прадстаўнікоў Усходніх Цэркваў пройдзе сумесная малітва за мір на Блізкім Усходзе.

Як паведаміў старшыня Папскай рады спрыяння хрысціянскаму адзінству кардынал Курт Кох, ідэя такой супольнай малітвы за мір на Блізкім Усходзе была вельмі станоўча ўспрынята Усходнімі Цэрквамі. Многія Патрыярхі пажадалі асабіста прыняць у ёй удзел. Тыя, хто не можа, скіруюць сваіх дэлегатаў.

«Пра экуменічную сустрэчу ў Бары папа Францішак думаў ужо на працягу доўгага часу. Цяпер вырашыў, што настаў час для гэтага», — сказаў ватыканскі іерарх.

Кардынал Кох падкрэсліў, што праз сустрэчу ў Бары кіраўнікі Цэркваў хочуць зрабіць свой унёсак у вырашэнне крызісу на Блізкім Усходзе. Пры гэтым ён адзначыў, што Папу асаблівым чынам непакоіць сыход хрысціянаў з Блізкага Усходу. У многіх месцах ад хрысціянства засталіся толькі камяні. Таму важна забяспечыць вызнаўцам Хрыста ўмовы для далейшага існавання на Блізкім Усходзе, сказаў кардынал Кох.

Каментуючы сумесную малітву Папы з Патрыярхамі Цэркваў Блізкага Усходу за мір у рэгіёне, прэфект Кангрэгацыі па справах Усходніх Касцёлаў кардынал Леанардо Сандры падкрэсліў, што ініцыятыва Святога Айца сведчыць пра вялікую ўвагу, якую папа Францішак па прыкладзе сваіх папярэднікаў надае гэтай праблеме.

«Бары, горад, дзе захоўваюцца рэліквіі св. Мікалая і ўшаноўваецца Маці Божая Адзігітрыя, — гэта сімвалічнае месца: прысутнасць Усходу на Захадзе, месца пілігрымак і прыстанак надзеі», — падкрэсліў кардынал Сандры.

У экуменічнай сустрэчы і малітве аб міры на Блізкім Усходзе ў Бары прымуць удзел: дэлегацыя Праваслаўных Цэркваў (у яе складзе — Патрыярх Канстантынопальскі Барталамей I, Папа і Патрыярх Александрыйскі ўсяе Афрыкі Тэадор II, арцыбіскуп Анфідонскі Няктарый, Мітрапаліт Валакаламскі Іларыён, Мітрапаліт Канстанцыі-Амохастаса Васіль); дэлегацыя Усходніх Праваслаўных Цэркваў (Патрыярх Копцкай Царквы Тавадрас II, Патрыярх Антыёхіі і ўсяго Усходу Ігнацый Эфрэм II, кіраўнік Армянскай епархіі Вялікабрытаніі і Ірландыі епіскап Авакім, Кілікійскі Каталікос Арам I); а таксама дэлегацыя Каталіцкіх Усходніх Цэркваў. На сустрэчы будуць прысутнічаць таксама Патрыярх Асірыйскай Царквы Усходу Мар Гіваргіс ІІI, біскуп Евангелічна-Лютэранскай Царквы ў Іарданіі і Святой Зямлі Сані Ібрагім Азар, а таксама Генеральны сакратар Рады Цэркваў Блізкага Усходу Сурая Бешэлані.

Пасля нядзельнай малітвы «Анёл Панскі» папа Францішак папрасіў аб малітоўнай падтрымцы ўсіх вернікаў:

«У бліжэйшую суботу я разам з многімі кіраўнікамі Цэркваў і хрысціянскіх супольнасцяў, прысутных на Блізкім Усходзе, паеду ў Бары. Мы правядзем дзень малітвы і разважання ў сувязі з драматычнай сітуацыяй у гэтым рэгіёне, дзе працягваюць пакутаваць многія нашыя браты і сёстры ў веры. Мы будзем прасіць Пана адзіным голасам: „Супакой табе“ (Пс 122 (121), 8). Прашу ўсіх малітвай суправаджаць гэтую пілігрымку міру і адзінства», — сказаў Святы Айцец.

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа