Пошук

25.05.2018 13:58   Паводле: Луіза Урбані – Vatican News / Пераклад і адаптацыя: Мікола Гракаў / Catholic.by

25 мая выйшла ў свет кніга, напісаная італьянскімі журналістамі Нэллё Скава і Рабэрто Бэрэттай, у якой сабраныя ўсе фэйкі — фальшывыя звесткі пра асобу папы Францішка і яго выказванні, якія з’яўляліся ў СМІ.

Пра фальшывыя навіны ўжо напісаны цэлыя тамы, у якіх — безліч парадаў адносна таго, як распазнаць і выкрыць «качак», што рэгулярна з’яўляюцца ў інфармацыйнай прасторы. Але да гэтага часу яшчэ ніхто не пісаў пра фальшывыя навіны, якія датычацца асобы і выказванняў Святога Айца. У апошні час такіх «навінаў» з’яўляецца даволі шмат, і яны часта выклікаюць шырокі рэзананс і абмеркаванне ва ўсім свеце. Гэтаму спрыяюць сацыяльныя сеткі і сусветнае павуцінне, якія ствараюць беспрэцэдэнтныя магчымасці для іх распаўсюду.

Нэллё Скава, адзін з суаўтараў кнігі, кажа:

«Такая ідэя з’явілася пару гадоў таму, пасля таго, як у свет выйшла кніга „Ворагі Францішка“, дзе расследавалася, з якім супрацівам і з якімі перашкодамі сутыкаецца Папа.

У цяперашняй працы мы, наадварот, хацелі выявіць і выкрыць хлусню, якая непасрэдна датычыцца папы Бэргольё і напаўняе сеціва і іншыя сродкі камунікацыі».

Журналіст тлумачыць, што кніга прызначана не толькі для інсайдэраў, а даступная ўсім. Аўтары кнігі выбралі каля 80 асноўных абвінавачванняў у адрас папы Францішка і правялі сур’ёзную працу па іх развянчанні.

«Мы выбралі навіны, якія нам здаваліся найбольш цікавымі, пачынаючы з часу аргентынскай дыктатуры і да нашых дзён. Мы бралі іх адну за адной і правяралі, прыводзячы абвяржэнне і выкрыццё.

Нарэшце, мы шукалі лагічную сувязь паміж звесткамі, і выявілі, што некаторыя „качкі“ з’яўляюцца спантанна, а некаторыя, наадварот, з’яўляюцца плёнам добра спланаваных намераў дыскрэдытаваць Пантыфіка», — падкрэсліў адзін з суаўтараў кнігі Нэллё Скава.

Абноўлена 25.05.2018 15:02
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа