Каля 40 навукоўцаў з краін Еўропы і Паўночнай Амерыкі прымаюць удзел у Міжнароднай канферэнцыі «Рымская інквізіцыя і яе архівы».
Форум праходзіць 15-17 мая ў старажытным палацы дамініканскай інсулы Санта-Марыя-Сопра-Мінерва ў Рыме, з нагоды 20-годдзя адкрыцця для даследчыкаў архіваў Кангрэгацыі Веравучэння.
З уступным словам перад удзельнікамі форума выступіў арцыбіскуп Франсіска Луіс Ладарыя Фэрэр, прэфект узгаданай дыкастэрыі Рымскай курыі.
На канферэнцыі абмяркоўваліся наступныя тэмы: межы навуковых даследванняў; месцы і асобы, звязаныя з Рымскай інквізіцыяй; Рымская інквізіцыя ў літаратуры, кіно і публіцыстыцы.
У межах форума ў рымскай базыліцы Санта-Марыя-Сопра-Мінерва адбудзецца канцэрт музычнай капэлы Santa Maria in Portico in Campitelli і ансамбля La Cantoria, якія выканаюць араторыю кс. Франчэска Нікола Дэ Росі «Падзенне анёлаў».
Канферэнцыя стала чацвёртай падзеяй у рамках цыклу Memoria Fidei, які праводзіцца з 2013 г. з мэтай наладжвання супрацоўніцтва паміж касцёльнымі архівамі.
Архівы Кангрэгацыі Веравучэння былі адкрыты для даследчыкаў у студзені 1998 г. Урачыстая інаўгурацыя праекту прайшла ў Нацыянальнай акадэміі дэі-Лінчэі — Акадэміі Навук Італьянскай Рэспублікі.
Узначальваў цырымонію тагачасны прэфект Кангрэгацыі Веравучэння, кардынал Ёзэф Ратцынгер, будучы папа Бэнэдыкт XVI.
Кангрэгацыя Веравучэння (лац. Congregatio pro Doctrina Fidei) – найстарэйшая і галоўная дыкастэрыя Рымскай курыі, заданнем якой з’яўляецца назіранне за чысцінёй дактрыны і маралі Каталіцкага Касцёла, таму ўсё, што любым чынам тычыцца гэтых пытанняў, знаходзіцца ў межах яе кампетэнцыі.