Сіра-каталіцкі арцыбіскуп Дамаска Грыгорыяс Эліяс Табэ паведаміў пра бамбардзіроўкі жылых кварталаў у Дамаску, падчас якіх былі пашкоджаны святыні.
Ва Усходняй Гуце, прыгарадзе сірыйскай сталіцы, дзе пражывала каля 400 тыс. жыхароў, працягваюцца баявыя дзеянні паміж урадавымі войскамі і паўстанцамі, у якіх за апошнія два тыдні загінулі больш за 700 мірных жыхароў, сярод якіх па меншай меры 200 дзяцей. Тэрарысты наносяць удары і па цэнтры Дамаска, ахвярамі якіх ужо сталі 32 чалавекі. Была пашкоджана таксама катэдра Сіра-Каталіцкай Царквы.
Арцыбіскуп Грыгорыяс Эліяс Табэ кажа, што бомбы падаюць як на хрысціянскі квартал, так і на мусульманскія кварталы, паўсюль сеючы смерць і разбурэнні. Усе аднолькава церпяць ад гэтага канфлікту, без адрозненняў у веравызнанні.
«У катэдру трапілі тры бомбы. У суседнюю грэка-каталіцкую святыню трапілі дзве… Дзякуй Богу за тое, што пашкоджанні аказаліся нязначнымі. Каб іх ліквідаваць, неабходна па меншай меры 3 тыс. даляраў».
Іерарх лічыць, што канфлікт у Сірыі — гэта каланіялізм у чыстым выглядзе. Тых, хто яго развязалі і працягваюць, цікавяць перадусім нафта і газ.
«Нас суцяшае разуменне Святога Айца, яго міралюбная лінія», — падкрэсліў сіра-каталіцкі арцыбіскуп Дамаска.