Міністэрства фінансаў Літвы прапанавала выдзеліць традыцыйным рэлігійным абшчынам краіны ў гэтым годзе значна больш сродкаў, чым звычайна, — 1,2 млн еўра.
Пра гэта са спасылкай на агенцтва ELTA паведамляе rublev.com.
Штогадовая матэрыяльная дапамога, прызначаная на рэлігійныя абшчыны, дзеліцца ў Літве на дзевяць частак — па колькасці дзевяці традыцыйных рэлігій у краіне.
У параўнанні з 2017 годам сродкі, якія выдзяляе ўрад, будуць павялічаны ў два разы. Летась Кабінет міністраў Літвы выдзеліў на патрэбы традыцыйных канфесій, рэлігійных арганізацый, цэнтраў і дамоў малітвы 697 тысяч еўра.
Традыцыйна асноўная частка з гэтай сумы выдзяляецца Каталіцкаму Касцёлу ў Літве, паколькі 80 працэнтаў літоўцаў вызнаюць каталіцтва.
На сёння ў Літве дзейнічаюць 677 зарэгістраваных рыма-каталіцкіх парафій, 52 праваслаўныя прыходы, 61 прыход стараабрадцаў, а таксама прыходы іншых абшчын.
Іншыя рэлігійныя супольнасці таксама могуць быць прызнаны традыцыйнымі для Літвы, калі яны «карыстаюца падтрымкай грамадства, а іх вучэнні і абрады не супярэчаць законам і маралі».
Рэлігійныя абшчыны могуць звяртацца адносна прызнання ў якасці традыцыйных праз 25 гадоў з дня іх першаснай рэгістрацыі ў Літве. Рашэнне аб прызнанні выносіць Сейм Літвы.