Пошук

13.02.2018 17:44   Паводле: KAI / Die Tagespost / Catholic.by

Былы прэфект Кангрэгацыі Веравучэння нямецкі кардынал Герхард Мюллер перасцярог ад небяспекі адрыву маральнага вучэння ад веравучэння Касцёла і адвольнай трактоўкі дактрынальных дакументаў.

У лекцыі, якую кардынал Мюллер прачытаў 6 лютага ва ўніверсітэце імя Каменскага ў Братыславе (Славакія) з нагоды 25-годдзя абвяшчэння энцыклікі св. Яна Паўла ІІ Veritatis splendor — найбольш грунтоўнага сучаснага дакумента, прысвечанага маралі, — ён падкрэсліў недапушчальнасць ператварэння Касцёла ў «няўрадавую арганізацыю, мэта якой — паляпшэнне ўмоваў жыцця ў свеце». Такі падыход іерарх назваў «самазабойчай мадэрнізацыяй».

«Гэта — здрада людзей у адносінах да Божай праўды», — сказаў кардынал і ў якасці здаровай альтэрнатывы прапанаваў «тэацэнтрычны гуманізм».

Як падае нямецкая газета Die Tagespost, адказваючы на пытанні слухачоў лекцыі адносна паслясінадальнай Апостальскай адгартацыі Amoris laetitia, былы прэфект Кангрэгацыі Веравучэння адзначыў, што яго непакояць розныя інтэрпрэтацыі гэтага дакумента паасобнымі канферэнцыямі біскупаў. На яго думку, у пытаннях веравучэння не можа быць плюралізму, паколькі існуе адзінае Настаўніцтва Касцёла, а Канферэнцыі Біскупаў могуць толькі даваць адказ на душпастырскія выклікі.

Між іншым, кардынал Мюллер таксама адзначыў, што 8-ы раздзел згаданай адгартацыі, прысвечаны сітуацыі разведзеных асобаў, якія жывуць у новых саюзах, належыць разумець традыцыйна: тыя, хто жыве ў смяротным граху, не могуць прымаць святую Камунію.

Акрамя таго, іерарх катэгарычна выказаўся адносна немагчымасці любых формаў благаслаўлення гомасексуальных пар: «Калі б святар благаславіў гомасексуальную пару, гэта была б агіда ў святым месцы: адабрэнне таго, чаго Бог не дазваляе».

Абноўлена 13.02.2018 20:17
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа