Адзін з найвядомейшых артыстаў сучаснасці — італьянскі оперны і эстрадны спявак Андрэа Бачэлі — не толькі спявае прыгожыя песні, але і сам іх піша.
З дзяцінства у Андрэа былі праблемы з вачыма, ён пакутаваў на глаўкому. У 12 гадоў падчас гульні ў футбол, калі яму трапілі мячом у галаву, Бачэлі канчаткова страціў зрок... Аднк гэта не перашкодзіла таленавітаму хлопцу паступіць на юрыдычны факультэт і атрымаць дыплом юрыста.
Сёння ва ўсім свеце ён вядомы найперш як оперны выканаўца. Невідушчы артыст дае сведчанне пра сваё нараджэнне, заклікаючы жанчын не рабіць аборты. Яго маці не пайшла на гэты крок — і цяпер у свеце ёсць гэты цудоўны голас, якога магло б і не быць.
Сярод яго песень ёсць адзін прыгожы твор са словамі «таму што мы верым». Словы да гэтай песні Бачэлі напісаў сам.
Дэвід Фостэр — той, хто «адкрыў» Бачэлі для свету, канадскі клавішнік і прадзюсар — распавёў гісторыю гэтай песні. Гэта было ў 2001 годзе на першым сольным канцэрце Андрэа ў Лос-Анджэлесе.
«Атрымалася так, што Андрэа напісаў цудоўны верш. Мая дачка Эмі пераклала яго на англійскую. І так нарадзілася песня», — расказаў Фостэр.
У творы італьянская версія перасякаецца з англійскай, яшчэ больш падкрэсліваючы ўніверсальнасць думак: устань зранку і вырушвай у жыццёвую дарогу, бо ёсць Той, хто заўжды побач з табой; не здавайся! Мы ўсе тут, бо мы верым. Настане дзень, які прывядзе да смерці. Быццам зоркі па ўсім небе, мы народжаныя, каб ззяць...
Можа, ён пісаў пра сябе. А можа, пра кожнага з нас.