У студзені 2018 года кінакампанія Cinecittà Studios распачынае здымкі тэлесерыяла, заснаванага на рамане італьянскага пісьменніка Умбэрта Эка «Імя Розы». Здымкі пройдуць у Рыме. Пра гэта паведамляе Variety.
Галоўную ролю ў фільме сыграе вядомы галівудскі акцёр Джон Туртурра. Ён з’явіцца ў вобразе Уільяма (Вільгельма) Баскервіля, французскага манаха, які прымае ўдзел у расследаванні гібелі нейкага Адэльма Атранцкага, манаха-бэнэдыктына, а таксама ў шэрагу іншых загадкавых забойстваў.
Дзеянне ў фільме адбываецца ў канцы лістапада 1327 года ў Італіі.
Рэжысёрам карціны стане Джакама Баціята. Стваральнікі серыяла падкрэсліваюць, што працу над серыялам ажно да сваёй смерці ў 2016 годзе ўзначальваў сам Умбэрта Эка. Рашэнне пісьменніка кіраваць працай над сцэнарыем тлумачыцца тым, што ён быў незадаволены папярэдняй экранізацыяй свайго рамана. У 1986 годзе быў выпушчаны кінафільм «Імя Розы» з Шонам Конары ў галоўнай ролі.
Нягледзячы на поспех фільма ў пракаце і шматлікія ўзнагароды, Умбэрта Эка застаўся незадаволены экранізацыяй кнігі. На яго думку, сцэнарыст празмерна спрасціў яго твор, зрабіўшы прадуктам масавай культуры.
З таго часу пісьменнік ні разу не даваў дазвол на экранізацыю сваіх твораў. Ён адмовіў у тым ліку і Стэнлі Кубрыку.