Пошук

27.10.2017 09:58   blagovest-info.ru / Catholic.by

Працэс беатыфікацыі славутага тэолага ХХ стагоддзя Рамано Гуардзіні распачнецца ў снежні 2017 года. Працы італьянскага святара, які амаль усё жыццё пражыў у Германіі, аказалі вялікі ўплыў на Бэнэдыкта XVI і папу Францішка.

Рамано Гуардзіні (1885-1968) лічыцца адным з самых вялікіх тэолагаў і рэлігійных філосафаў мінулага стагоддзя. Асаблівую ўвагу святар надаваў літургіі. На гэтую тэму ён напісаў кнігу «Дух літургіі» (1930).

Гуардзіні — адзін з самых вядомых прадстаўнікоў літургічнага руху, які зарадзіўся ў Францыі ў сярэдзіне XIX ст. і атрымаў развіццё ў Германіі пасля паражэння ў Першай сусветнай вайне. Адна з задач руху заключалася ў тым, каб паглыбіць разуменне літургіі — у тым ліку свецкімі. Літургічны рух аказаў вялікі ўплыў на літургічныя рэформы Другога Ватыканскага Сабору.

Ураджэнец Вероны Рамано Гуардзіні выкладаў у Берліне, Цюбінгіне і Мюнхене. У баварскай сталіцы адным з яго вучняў быў малады Ёзаф Ратцынгер. Падчас свайго Пантыфікату Бэнэдыкт XVI часта спасылаўся на працы свайго настаўніка і нават назваў адзін са сваіх твораў «Духам літургіі» — у знак блізкасці думак Гуардзіні з яго ўласнымі думкамі.

Хорхе Марыё Бергольё, у сваю чаргу, у 1986 годзе пачаў пісаць доктарскую дысертацыю, прысвечаную Гуардзіні, аднак па шэрагу прычын не змог скончыць гэтую працу. У той жа час некаторыя тэзісы Гуардзіні фігуруюць у наступных працах папы Францішка — у прыватнасці, у яго апостальскім звароце Evangelii Gaudium (2013).

Афіцыйнае адкрыццё працэсу беатыфікацыі тэолага адбудзецца 16 снежня ў Мюнхене.

Абноўлена 27.10.2017 12:51
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа