У сучасных мужчын разбурана жаданне быць бацькам, таму большасць з іх гатовыя да граху аборту. А многія памылкова лічаць, што адказнасць за аборт нясуць толькі жанчыны. Такія думкі выказаў протаіерэй Фёдар Бародзін з Расіі ў інтэрв’ю для pravmir.ru.
«Я рэдка сутыкаўся з тым, каб мужчыны спавядаліся ў граху аборту»
«За свае 25 гадоў святарства я рэдка сутыкаўся з тым, каб мужчыны спавядаліся ў граху аборту. Адзін з такіх выпадкаў адбыўся не так даўно — мне давялося прымаць споведзь у аднаго мужчыны ў гадах, які вельмі горача каяўся аб забітых дзецях. Гэта было не проста пакаянне ў тым, што ён учыніў грэх, у яго словах гучала горыч ад таго, што цяпер у яго маглі б быць жывыя дзеці, а іх няма...» — адзначыў протаіерэй.
«Большасць мужчын жывуць так, што яны да гэтага граху гатовы. Яны на яго згодныя. І яны пра яго нават не думаюць. Яны лічаць, што адказнасць за ўчыненне гэтага граху на іх не ўскладаецца, — працягваў праваслаўны святар. — На жаль, ...у большасці мужчын разбурана жаданне быць бацькам. У юнацтве гэтае разбурэнне асабліва моцнае».
Як падкрэсліў протаіерэй, «у кожным аборце, у кожным пакінутым з жонкаю дзіцяці кожны мужчына губляе самую вялікую каштоўнасць на зямлі».
Эгаізм заўсёды караецца адзінотай
На думку протаіерэя, часцей за ўсё такіх мужчын чакае самотная старасць або старасць «сярод людзей, для якіх ты будзеш цяжарам». «А гэта ўсё роўна ўнутраная адзінота, — дадаў протаіерэй Фёдар. — Як святар я бачу, што ўсё менш і менш застаецца сем’яў, дзе людзей ва ўзросце любяць, дзе ім рады, нягледзячы на іх немачы і нават старэчую дэменцыю. Дзе іх прысутнасць у доме складае вось гэтую радасць і паўнату жыцця, калі ёсць усе пакаленні. Бо насамрэч стары — гэта чалавек, які павінен валодаць такім досведам жыцця, якім не валодаюць маладыя. Кожны павінен ім дзяліцца, несці мір у сям’ю, таму што ён ужо пераадолеў палкасць. Але гэтага ўсё больш няма. Цяпер усё больш і больш старых, якія вядуць сябе безразважна і становяцца страшным цяжарам для сваіх дзяцей і ўнукаў. І гэта — шмат у чым наступствы зробленых абортаў. Забойства — як кіслата, яно спальвае ўсё. У тым ліку душу самога чалавека».
«Эгаізм амаль заўсёды ўвогуле караецца адзінотай у лёсе чалавека. Чым больш чалавек любіць сябе, чым больш ён эгаістычны, тым цяжэй з ім жыць і тым менш людзей жадаюць з ім жыць», — заключыў святар.
На Страшным Судзе адказнасць за забітых дзяцей аднолькавая для бацькі і маці
«Калі сям’я адважылася на такі страшны грэх, (...) то за гэта таксама давядзецца плаціць», — падкрэсліў протаіерэй і нагадаў, што, калі прыходзяць згрызоты сумлення з прычыны граху аборту, такія сем’і могуць дапамагаць іншым, асабліва шматдзетным.
«Калі б мужчыны ў нашай краіне каяліся ў здзяйсненні абортаў столькі ж, колькі жанчыны, то, напэўна, заўтра мы б ужо жылі ў цалкам іншай краіне, дзе ў такой колькасці не забіваюць дзяцей, якія яшчэ не паспелі нарадзіцца. Але тое, што зараз адбываецца з нашымі мужчынамі, — гэта катастрофа», — заключыў протаіерэй Фёдар Бародзін.