Патрыярх Маскоўскі і ўсяе Русі Кірыл заклікаў маладых архірэяў Рускай Праваслаўнай Царквы ўсведамляць адказнасць за сваё служэнне ў няпросты гістарычны перыяд развіцця краіны і спрыяць умацаванню веры ў народзе.
Глава РПЦ сустрэўся 19 кастрычніка са слухачамі курсаў для новапрызначаных архірэяў у сваёй рэзідэнцыі ў Данілавым манастыры.
«Нашае пакаленне сыйдзе, а на вашыя плечы будзе ўскладзена ўся адказнасць за Царкву і за духоўнае жыццё нашага народа. Час, у які мы жывём, няпросты, але простых часоў увогуле ў гісторыі не бывае», — сказаў патрыярх, звяртаючыся да іерархаў.
Патрыярх Кірыл адзначыў, што акрамя розных палітычных, эканамічных, сацыяльных зрухаў і катаклізмаў, якія адбываюцца ў гісторыі чалавецтва, «у аснове ўсяго ляжыць метагістарычная барацьба дабра са злом, а ўсё астатняе — другаснае»:
«Уся гісторыя менавіта вакол гэтай тэмы: святло і цемра, дабро і зло, Бог і д’ябал — і гэтае проціборства аднаго з іншым уплятаецца ва ўсю тканку чалавечага жыцця... І Царква павінна стаяць на варце дабра і святла, але гэта прад’яўляе да служыцеляў Царквы вельмі і вельмі сур’ёзныя патрабаванні».Па словах главы РПЦ, каб справіцца з гістарычнымі задачамі, якія стаяць перад епіскапатам Рускай Царквы, у самым пачатку архірэйскага шляху маладым іерархам трэба пазбягаць памылак, якія маглі б потым ускладніць іх служэнне.
«Трэба памятаць, што ўсё тое, ... што захоўваецца ў Царкве, у яе традыцыі, павінна пастаянна актуалізавацца такім чынам, каб людзі, нашыя сучаснікі, выразна разумелі, што такое Евангелле, хрысціянства і Царква, і каб ніякія ўмоўнасці, ніякія слабасці, прымхі, стэрэатыпы не перашкаджалі ў першую чаргу нам, епіскапату, дастаткова аддана Госпаду несці сваё служэнне — так, каб народ наш не страціў веры, а толькі ўмацаваўся ў ёй», — адзначыў Патрыярх.
За апошнія гады ў Расіі значна ўзрасла колькасць епіскапаў, што звязана з павелічэннем колькасці новаствораных епархій РПЦ. Толькі ў Расіі знаходзіцца каля 200 епархій.