Біскуп Антоніо Марта заклікаў католікаў рабіць усё дзеля міру. Адна з найважнейшых спраў у гэтым кірунку, на думку іерарха, — ружанцовая малітва. Ардынарый Лейрыя-Фацімскай дыяцэзіі сцвердзіў, што свет сёння стаіць перад абліччам трэцяй сусветнай вайны.
Іерарх падкрэсліў, што праз малітву можна выпрасіць паўсюдны мір, як гаворыцца ў пасланні Маці Божай, якое яна перадала ў 1917 годзе тром пастушкам з Фацімы.
«Пануе напружанасць паміж магутнымі сусветнымі дзяржавамі, трываюць канфлікты, якія пераўтвараюцца ў фрагментарную трэцюю сусветную вайну, пашыраецца тэрарызм і ядзерная пагроза», — прамовіў біскуп Марта да некалькіх тысяч вернікаў, сабраных 13 кастрычніка ў санктуарыі ў Фаціме на святой Імшы з нагоды заканчэння юбілейнага года аб’яўленняў Маці Божай.
Партугальскі іерарх прызнаў, што сучаснасць пазначана секулярызмам і аддаленнем людзей ад Бога: «Гэтая эпоха характарызуецца рэлігійнай абыякавасцю, свайго роду зацьменнем, схаваннем Бога ў культуры. Марыя запрашае нас сёння да адкрыцця хараства Бога і Яго прыгажосці, а таксама да абвяшчэння велічы Бога».
З 12 кастрычніка ў Фаціме трываюць урачыстасці з нагоды афіцыйнага заканчэння святкавання 100-гадовага юбілею марыйных аб’яўленняў. Яны супалі са 100-годдзем апошняга аб’яўлення Маці Божай тром пастушкам у Фаціме, якое прыпадае на 13 кастрычніка.