У Варшаве пад патранатам прэзідэнта Польшчы Анджэя Дуды распачаўся Усенародны кангрэс цвярозасці.
У Варшаве ва ўніверсітэце імя кардынала Стэфана Вышынскага праходзіць Усенародны кангрэс цвярозасці. У форуме прымаюць удзел эксперты, спецыялісты ў пытаннях алкагольнай залежнасці, парламентарыі, духоўныя асобы і прапагандысты ўстрымання ад алкаголю.
21 верасня ўдзельнікі кангрэса разважалі на тэму «Роля дзяржавы і органаў самакіравання ў службе цвярозасці народа».
Кіраўнік Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Польшчы арцыбіскуп Станіслаў Гандэцкі, выступаючы на кангрэсе, сказаў, што Касцёл заклікае спыніць рэкламу алкаголю. Паводле яго слоў, гаворка не ідзе пра тое, каб у людзей сілай адабраць свабоду. «Гаворка ідзе аб тым, каб дапамагчы ім усвядоміць, што тое, што ім паказваюць як дабро, з’яўляецца самым вялікім злом. Калі людзі гэтага не разумеюць, то і законы нічога не зменяць, нават калі будуць дасканалымі».
Арцыбіскуп таксама дадаў, што нідзе так не канцэнтруюцца на леках і алкаголі, як у польскім тэлебачанні. «Гэта паказвае, што, з аднаго боку, за гэтым стаяць вялікія грошы, а з іншага — інэртнасць і бяссілле людзей, якія бесперастанку падвяргаюцца атакам такіх рэклам», — сказаў кіраўнік польскага епіскапату.