Расія цэніць канструктыўны дыялог з Ватыканам і цешыцца тым, што працягваецца міжцаркоўны дыялог. Пра гэта Прэзідэнт Расійскай Федэрацыі Уладзімір Пуцін заявіў 23 жніўня падчас сустрэчы з Дзяржаўным Сакратаром Святога Айца кардыналам П'етро Паралінам.
«Паслядоўна рэалізуюцца і дамоўленасці, дасягнутыя падчас маіх кантактаў з Папам Рымскім», — заўважыў прэзідэнт Расіі.
«Ведаю, што ў Вас адбылася размова з Патрыярхам Кірылам. Мы вітаем дыялог, распачаты непасрэдна паміж Святым Пасадам і РПЦ», — падкрэсліў Уладзімір Пуцін, дадаўшы, што агульначалавечыя і гуманітарныя каштоўнасці, якія абараняюць Святы Пасад і Руская Праваслаўная Царква, ляжаць у аснове адносін паміж дзвюма Цэрквамі і адносін Расіі і Ватыкана.
Кардынал П’етро Паралін падзякаваў прэзідэнту Расіі за магчымасць сустрэцца з ім і перадаў яму сардэчнае прывітанне ад папы Францішка, «які памятае пра вашыя сустрэчы і памятае вельмі добра». Па словах іерарха, сустрэча ў межах візіту праходзіць у вельмі важны момант. Прадстаўнік Папы патлумачыў, што мае на ўвазе і двухбаковыя адносіны на ўзроўні дзяржаў, і адносіны паміж Святым Пасадам і РПЦ.
Кажучы пра міжцаркоўныя адносіны, ватыканскі іерарх выказаў задавальненне ходам іх развіцця і рэалізацыяй розных ініцыятыў, накіраваных на ўмацаванне ўзаемадзеяння. У якасці станоўчага прыкладу ён узгадаў падпісанае напярэдадні пагадненне пра бязвізавы рэжым для дыпламатаў.