
20 жніўня ў Іркуцку адбылася каранацыя фігуры Маці Божай Фацімскай. Урачыстую цырымонію ўскладання кароны ўзначаліў біскуп дыяцэзіі Святога Юзафа ў Іркуцку Кірыл Клімовіч.
Сярод прысутных быў таксама беларускі іерарх — біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Аляксандр Кашкевіч, які звярнуўся да прысутных са сваім пастырскім словам.
Фігуру Божай Маці вырабіў скульптар з Кракава, аўтар унутранага інтэр’ера іркуцкай катэдры прафесар Вінцэнт Кучма. Карона да фігуры (таксама праца Вінцэнта Кучмы), выканана з пазалочанага срэбра і ўпрыгожана каштоўнымі і паўкаштоўнымі камянямі — нефрытам, лазурытам, аметыстам, смарагдам і жэмчугам. 15 гадоў таму ў Ватыкане яе асвяціў для іркуцкай святыні св. Ян Павел ІІ.

Польскі біскуп Ежы Мазур, пры якім была пабудавана іркуцкая катэдра, адзначыў, што Божая Маці заўсёды была заступніцай вернікаў сібірскіх каталіцкіх парафій: «Сёння важны дзень для ўсёй Сібіры. Божая Маці клапацілася і працягвае клапаціцца пра ўсіх, хто жыве на гэтай зямлі. Калі яны пакутавалі ў ГУЛАГах, калі іх каралі смерцю, — яна ва ўсе часы была з імі».
Святочная Імша, падчас якой прайшла каранацыя, завяршыла Пастырскую канферэнцыю «Услухоўваючыся ў Беззаганнае Сэрца Багародзіцы», што праходзіла ў дыяцэзіі Святога Юзафа ў Іркуцку 17-20 жніўня.