Упершыню Дзяржаўны Сакратар папы Францішка кардынал П'етро Паралін здзейсніць візіт у Расію па запрашэнні дзяржаўных уладаў. Арцыбіскуп Паоло Пеццы з Масквы патлумачыў, што ватыканскі іерарх прыбудзе перш за ўсё для таго, каб сустрэцца з Прэзідэнтам краіны Уладзімірам Пуціным.
«Таму перш за ўсё дадзены візіт мае значэнне па гэтай прычыне, — падкрэсліў арцыбіскуп Пеццы. — А што датычыць нас, расійскіх католікаў, то мы вельмі рады, што кардынал П’етро Паралін 21 жніўня будзе служыць Імшу ў катэдральным саборы і вечарам таго ж дня сустрэнецца з расійскім каталіцкім духавенствам. Таму што, ведаеце, калі той ці іншы высокі прэлат наведвае нас, а тым больш Дзяжсакратар Ватыкана, для нас гэта насамрэч як візіт Папы. Ён прынясе не толькі слова, але і прысутнасць папы Францішка».
«Магчыма, гэты візіт прынясе нейкія змены. Але змены, як мы ведаем, знаходзяцца ў руках Божых», — дадаў іерарх.