
Новаствораная некамерцыйная арганізацыя Amici Vaticani распачала краўдфандынгавую кампанію па зборы ахвяраванняў для вырабу папскай тыяры з каталіцкай і амерыканскай сімволікай. Гэта будзе падарунак ад амерыканскіх католікаў Папу Льву XIV як першаму Пантыфіку са Злучаных Штатаў.
«Гістарычна склалася так, што большасць папскіх тыяраў — гэта падарункі, звычайна ад роднай дыяцэзіі Папы або ад рэлігійных супольнасцяў», — сказаў EWTN News Айзэк Сміт, заснавальнік Amici Vaticani, які нядаўна перайшоў у каталіцызм.
Ён адзначыў, што першы амерыканскі Папа — «гістарычная вяха» для каталіцызму ў Злучаных Штатах.
Гісторыя папскіх карон бярэ свой пачатак з VIII стагоддзя, а слова «тыяра» ўпершыню было выкарыстана ў XII стагоддзі. Другая карона была дададзеная да тыяры ў XIII стагоддзі як сімвал улады Папы як у духоўных, так і ў свецкіх справах.
Трохкаронная тыяра ўпершыню з'явілася ў XIV стагоддзі.
Адно з тлумачэнняў трох карон заключаецца ў тым, што яны сімвалізуюць патройную ролю Хрыста: Святара, Прарока і Караля.
Акрамя гэтага, лічыцца, што яны ўвасабляюць пілігрымуючы, пакутуючы і трыумфуючы Касцёл.
Тыяра, замоўленая Amici Vaticani, захоўвае традыцыю трох карон XIV стагоддзя. Яна будзе выраблена са срэбра, а кароны будуць пазалочаныя.
Паколькі падарунак задуманы як ушанаванне амерыканскага паходжання Папы Льва, тыяра будзе мець чырвоныя, белыя і сінія камяні, якія сімвалізуюць колеры амерыканскага сцяга. Яна будзе ўключаць таксама іншыя амерыканскія сімвалы: дубовае лісце, якое сімвалізуе нацыянальнае дрэва, і кукурузныя сцёблы, якія сімвалізуюць нацыянальную сельскагаспадарчую культуру.
Некаторыя сімвалы, уключаныя ў тыяру, маюць падвойнае значэнне, якое тычыцца як папства, так і Злучаных Штатаў. На тыяры будуць ружы, якія адначасова з'яўляюцца сімвалам Панны Марыі і амерыканскай нацыянальнай кветкай, а таксама аліўкавыя галінкі, якія з'яўляюцца сімвалам прыхільнасці Пантыфіка міру і прысутнічаюць на Вялікай пячатцы Злучаных Штатаў.
На вяршыні кароны будзе размешчаны крыж. Крыж выкарыстоўваецца таксама на гербе Балтыморскай архідыяцэзіі, першай каталіцкай дыяцэзіі краіны, і адлюстраваны на сцягу Мэрылэнда, дзе знаходзіліся першыя англійскія каталіцкія калоніі.
Сміт растлумачыў, што дызайн павінен быць «элегантным і традыцыйным», каб ушанаваць папства, але таксама павінен «уключаць адметныя амерыканскія элементы», каб ушанаваць амерыканскую спадчыну Папы.
Ініцыятар адзначыў, што спадзяецца прафінансаваць праект за кошт невялікіх ахвяраванняў ад амерыканскіх католікаў, каб Пантыфік мог убачыць, што гэта «супольны дар» вернікаў яго радзімы. Гэты праект, паводле яго слоў, уяўляе сабой «адчувальны спосаб для людзей мець сувязь з пераемнікам Пятра».
Ён таксама паведаміў, што плануе сабраць імёны ўсіх людзей, якія ахвяруюць больш за 20 долараў, у кнігу, якую разам з тыярай падораць Святому Айцу і на вокладцы якой будзе напісана: «Святы Айцец, калі ласка, памаліцеся за гэтых людзей».
Падарунак вырабіць мальтыйскі ювелір і мастак па імені Габрыэль Фаруджа, які мае досвед стварэння твораў рэлігійнага мастацтва, у тым ліку кароны Маці Божай Фацімскай, што выкарыстоўвалася на цырымоніі каранацыі ў мальтыйскай Гуардамангіі. Ён таксама атрымліваў замовы ад каталіцкіх касцёлаў на мастацкія праекты.
«Стварэнне сакральнага мастацтва — гэта свайго роду падзяка Таму, хто нас стварыў»,
— сказаў Фаруджа ў інтэрв'ю EWTN News.
«Я думаю, што мы павінны даць нешта Богу, які стварыў нас і даў нам жыццё», — адзначыў ён, дадаўшы, што сакральнае мастацтва — гэта «тое, што застанецца на стагоддзі» і тое, чым «людзі могуць захапляцца, атрымліваць асалоду і разважаць».
Amici Vaticani была створаная ў 2025 годзе з мэтай стварэння тыяры. Паводле інфармацыі на вэб-сайце арганізацыі, яна таксама імкнецца спрыяць «абуджэнню каталіцкага духу ў Злучаных Штатах».
«Наша краіна, якая калісьці вызначалася сваёй пратэстанцкай спадчынай, цяпер перажывае сапраўдны бум навяртанняў у каталіцтва. Мужчыны і жанчыны зноў адкрываюць для сябе глыбіню, прыгажосць і аўтарытэт каталіцкай веры»
— адзначаецца на сайце.







