Пошук

07.10.2024 13:33   Тэкст: Аляксей Бука / Фота: Аляксей Бука, Вольга Хруль / Catholic.by

У суботні вечар 5 кастрычніка беларусы-католікі Масквы і сталічнага рэгіёна Расіі сабраліся ў капліцы кляштара айцоў францішканаў, каб разам памаліцца на роднай мове.

Пасля адарацыі Найсвяцейшага Сакрамэнту і Ружанца адбылася святая Імша, якую цэлебраваў айцец Пётр Карнелюк OFMConv.

Літургія слова 27-й звычайнай нядзелі ў цэнтр увагі ставіла адносіны паміж сужонкамі.

«У сучасных умовах людзі спрачаюцца, хто галоўны ў сужэнстве, хто мае права вырашаць лёс іншага, хто вызначае будучыню сям’і. Пан Бог вяртае нас да самага пачатку, да стварэння, да задумы Творцы пра чалавека», — адзначыў у гаміліі душпастыр маскоўскіх католікаў беларускага паходжання, дадаўшы, што першапачатковая задума Бога заключалася ў роўнай годнасці і адначасова ўзаемнай неабходнасці мужчыны і жанчыны адно ў адным.

«Стаць адным гэта азначае будаваць разам агульны шлях па жыцці, прымаць сваю пару з усімі слабасцямі і перавагамі. У Божых задумах сужэнства няма перавагі ці авалодвання сваёй жонкай ці мужам. Няма тыранаў і ахвяраў.

Чалавек створаны паводле вобразу і падабенства Бога, які ёсць Любоў. Таму задума Пана ў саюзе мужчыны і жанчыны — захаваць у чалавеку здольнасць да шчырай, самаадданай, пастаяннай любові ў сумесным жыцці», — падкрэсліў айцец Пётр.

Пасля Імшы беларусы каталіцкага веравызнання Масквы зладзілі пастырскую сустрэчу ў культурным цэнтры кляштара. Як сказаў пробашч маскоўскай катэдры, капліца гэтага кляштара — маскоўская Парцыюнкула. Так называецца невялічкі касцёлік, адноўлены святым Францішкам у Асізі. «Тут таксама няшмат месца, але ёсць Францішак і ёсць Езус», — сказаў святар.

Менавіта ўспаміну святога Францішка на наступны дзень пасля яго літургічнага ўспаміну была прысвечана сустрэча беларусаў-каталікоў са сваім душпастырам.

Яна працягнулася пры кубку гарбаты з самаробным печывам. У сяброўскай атмасферы сабраныя падзяліліся уражаннямі і апошнімі навінамі.

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця