Пошук

29.02.2024 15:29   Паводле: КАІ / Пераклад і адаптацыя: Мікола Гракаў / Catholic.by
Магіла бл. кс. Ежы Папялушкі. Фота: Episkopat.news

28 лютага ў Варшаве распачаўся Год памяці благаслаўлёнага ксяндза Ежы Папялушкі ў 40-ю гадавіну з часу яго мучаніцкай смерці.

Гэты каталіцкі святар, які нарадзіўся на Падляшшы і быў капеланам рабочых, звязаным з незалежным прафсаюзам «Салідарнасць», 29 кастрычніка 1984 года быў забіты супрацоўнікамі службы бяспекі камуністычнай Польшчы. У 2009 годзе Папа Бэнэдыкт XVI абнародаваў дэкрэт аб яго мучаніцтве, а ў чэрвені 2010 года ксёндз Ежы Папялушка быў абвешчаны благаслаўлёным.

«Падумай, які сэнс мае тваё жыццё, твая праца, твае клопаты, твая маёмасць, усё, што ты робіш. Падумай, што з’яўляецца істотнай і непрамінальнай каштоўнасцю ў тваім жыцці», — гэтыя словы ксяндза Ежы Папялушкі, прамоўленыя ім падчас казання ў Першую нядзелю Вялікага посту 1984 года, прагучалі на інаўгурацыі Года памяці з нагоды 40-годдзя з часу выкрадання і мучаніцкай смерці святара. Каля месца яго пахавання на цвінтары пры касцёле святога Станіслава Косткі ў Варшаве адбылася малітва аб вызваленні ад страху і нянавісці праз заступніцтва благаслаўлёнага Ежы Папялушкі, а таксама за Айчыну. Такія малітвы будуць адбывацца штодзённа а 9-й гадзіне ўвечары па мясцовым часе на працягу 37-і тыдняў у памяць пра 37 гадоў зямнога жыцця благаслаўлёнага святара.

Малітоўную сустрэчу правёў пробашч варшаўскай парафіі святога Станіслава Косткі і кусташ санктуарыя благаслаўлёнага ксяндза Ежы Папялушкі ксёндз Марцін Бжэзінскі. Яна распачалася з Марыйнай малітвы — Яснагорскага апэля, пасля чаго была прамоўлена таямніца Ружанца. Потым было дадзена слова сведкам падзей 40-гадовай даўніны.

Ксёндз інфулат Ян Сікорскі, вядомы ў Польшчы капелан інтэрнаваных, падзяліўся сведчаннем свайго ўдзелу ў Імшах за Айчыну, якія цэлебраваў ксёндз Ежы Папялушка.

«Натоўпы людзей, засяроджаных у малітве. Але перадусім твае словы, якія ты казаў без надрыву, вельмі спакойна. Адучвалася, як ты любіш тое, аб чым усе мы марылі, — свабоду, праўду», — казаў святар, сімвалічна звяртаючыся да ксяндза Папялушкі. Ён узгадаў таксама малітвы пасля яго выкрадання і галашэнне ў касцёле пасля атрымання весткі пра смерць святара.

Цёплымі ўспамінамі пра свайго дзядзьку-ксяндза падзяліўся Марэк Папялушка, пляменнік благаслаўлёнага. Ён узгадаў, між іншым, пра праведзеныя ў ксяндза Папялушкі канікулы і пра аўтографы вядомых актораў, якія ўзяў для яго дзядзька.

У малітоўнай сустрэчы ўдзельнічалі некалькі дзясяткаў чалавек, святары і свецкія вернікі, прадстаўнікі касцёльных рухаў і Грамадскага камітэта па адзначэнні 40-й гадавіны выкрадання і мучаніцкай смерці благаслаўлёнага ксяндза Ежы Папялушкі.

Малітоўныя сустрэчы на працягу 37-і тыдняў стануць праграмай «асабістага і грамадскага духоўнага перамянення.

Удзельнікам будуць прапанаваныя кароткія разважанні і фрагменты гамілій ксяндза Папялушкі, а таксама пытанні для ўласнага асэнсавання. Людзей, якія пажадаюць далучыцца да малітвы, заахвочваюць прыняць на сябе пост ад агрэсіўных паводзінаў і словаў, а таксама ад непрыязных адносін да бліжніх і да сябе саміх. Разам з тым іх заклікаюць быць адчувальнымі да патрэбаў іншых людзей.

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.