Пошук

27.12.2023 16:05   Паводле: Vatican News / Пераклад і адаптацыя: Мікола Гракаў / Catholic.by
Фота: Vatican News

З дня Божага Нараджэння да 6 студзеня ў рымскім касцёле Святога Збавіцеля — Сан Сальваторэ ін Лаўро — выстаўлена фігурка Дзіцяткі Езуса, якая калісьці належала святому айцу Піо з П’етрэльчыны.

Далёка не ўсе ведаюць, што ў кляштары капуцынаў у Сан-Джаванні-Ратонда айцец Піо меў у сваёй келлі фігурку Дзіцятка Езуса, да якой адносіўся з вялікай цеплынёй. Кожны раз, праходзячы каля яе, капуцын узносіў кароткую малітву і пасылаў маленькаму Езусу пацалунак.

Пазней гэтую фігурку сталі называць па-італьянску Bambinello dei baci — «Дзіцятка пацалункаў».

Фігурка была ў келлі айца Піо шмат гадоў, ажно да 1966 года, калі святы манах падараваў яе свайму духоўнаму сыну — італьянскаму акцёру Карло Кампаніні, які кожны раз, калі наведваў айца Піо ў кляштары, праяўляў асаблівую пабожнасць да Дзіцятка Езуса ў гэтай невялікай фігурцы.

Ёй да цяперашняга часу валодае сям’я Кампаніні, а ў перыд Божага Нараджэння фігурка выстаўляецца ў санктуарыі Сан Сальваторэ ін Лаўро, што знаходзіцца непадалёк ад п’яцца Навона. Традыцыю падтрымалі і сёлета: фігурка будзе знаходзіцца ў рымскім касцёле з 25 снежня да 6 студзеня.

Айцец Піо з Карло Кампаніні. Фота: Іnterris

Фігурка вышынёй 60 сантыметраў выразана невядомым майстрам з аднаго кавалка дрэва. Дзіцятка ўздымае правую руку, а ў левай трымае палымнеючае залатым агнём сэрца. За галавой малога Езуса знаходзіцца німб з надпісам «Сэрца свету». Пробашч санктуарыя Сан Сальваторэ ін Лаўро ксёндз прэлат П’етро Бонджаванні тлумачыць: «Гэтую фігурку Дзіцяці падаравала айцу Піо сям’я дабрадзеяў, якая набыла яе на поўначы Італіі ў Трэнціна. Яна была ў яго на працягу пяцідзесяці гадоў, практычна ўвесь час яго жыцця ў кляштары ў Сан-Джаванні-Ратонда.

Айцец Піо шмат маліўся перад гэтай фігуркай, просячы ласкаў для ўсіх, каму яны былі патрэбныя, і кожны раз пасылаў ёй пацалункі, адкуль і назва — „Дзіцятка пацалункаў“».

Акцёр Карло Кампаніні, духоўны сын святога айца Піо, быў вельмі прывязаны да гэтай статуэткі Дзіцяці Езуса, таму аднойчы адважыўся папрсіць святога капуцына падараваць яе яму.

Айцец Піо спачатку спытаўся дазволу ў настаяцеля, а потым перадаў фігурку акцёру са словамі: «Гэтае Дзіцятка ўсё жыццё было ў маім доме, але цяпер прыйшоў час развітацца».

Кампаніні трымаў статуэтку ў сябе, а калі яго запрашалі малітоўныя групы айца Піо, якія дзейнічаюць ва ўсіх краінах свету, ён заўсёды браў «Дзіцятка пацалункаў» з сабой.

Пасля смерці акцёра фігуркай апякуецца дачка Кампаніні Марыя Піа, якая працягвае традыцыю свайго бацькі, пастаянна ездзячы па свеце з гэтай асаблівай рэліквіяй святога Піо з П’етрэльчыны. Кожны раз на Божае Нараджэнне яна «пазычае» статуэтку рымскаму санктуарыю, дзе яна выстаўляецца для ўшанавання вернікамі.

 

Абноўлена 27.12.2023 16:05
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа