17 лістапада Польская рэдакцыя Ватыканскага радыё падзялілася выказваннямі арцыбіскупа Андрэ Леанара, былога Прымаса Бельгіі, які пасля выхаду не пенсію ўжо восем гадоў нясе служэнне вікарыя ў парафіі ў невялікім альпійскім паселішчы Савін-лё-Ляк на поўдні Францыі.
83-гадовага іерарха адшукалі журналісты афіцыйнага парталу бельгійскага Касцёла CathoBel. Былы Мтрапаліт Брусэльскі цяпер здзяйсняе сакрамэнты ў пяці філіяльных касцёлах, сам ездзіць за рулём. Арцыбіскуп эмэрыт прызнаўся, што свядома выехаў з Бельгіі — невялікай краіны, — каб праявіць такім чынам пашану да сваіх наступнікаў.
«Я не перажываю за будучыню Касцёла, бо, хоць усё іншае праміне, Касцёл — гэта адзіная рэчаіснасць, адносна якой Хрыстус паабяцаў, што будзе трываць вечна. Затое я перажываю з той прычыны, што ў заходнім Касцёле адбываецца адыход ад таго, што належыць да сутнасці веры і маралі», — сказаў арцыбіскуп Леанар.
Разам з тым ён падкрэсліў, што Касцёл на Захадзе павінен не толькі мець смеласць займаць пазіцыю ў важных справах, але таксама пераконваць у сваіх аргументах.
«Мы павінны браць ініцыятыву ў свае рукі і выходзіць насустрач людзям няверуючым, абыякавым або вызнаўцам іншых рэлігій. Нам патрэбны празелітызм на ўзор святога Паўла», — сцвердзіў арцыбіскуп эмэрыт.
Ён дадаў, што сам паступаў менавіта так падчас свайго біскупскага служэння спачатку ў Намюры, а потым у Брусэлі. І хоць яму давялося сутыкнуцца з вострым супрацьдзеяннем, іерарх не шкадуе пра тое, што займаў адназначнае становішча нават па такіх спрэчных пытаннях, як аборты ці гомасексуалізм.
«Сексуальнасць у самім сваім вызначэнні грунтуецца на розніцы і ўзаемадапаўняльнасці мужчынскасці і жаноцкасці. Зраўноўванне аднаго і другога не мае сэнсу, — кажа былы Прымас Бельгіі. — Трэба з пашанаю ставіцца да людзей, якія жывуць з гэтай схільнасцю і нават практыкуюць гомасексуалізм. Але калі я быў выкладчыкам ва ўніверсітэце, то суправаджаў многіх студэнтаў, радзей студэнтак, якія мелі гомасексуальныя схільнасці, і дапамагаў ім жыць у чыстасці».
Арцыбіскуп Леанар заўважыў, што ёсць нямала прычын, па якіх людзі сёння не жэняцца і не падтрымліваюць палавых зносін: здароўе, сям’я, праца.
«Але благаслаўленне гомасексуалізму і выстаўленне яго як чагосьці цалкам нармальнага — гэта проста ашуканства. Таму ні ў якім выпадку не дазволена зраўноўваць такія саюзы з сужэнскімі, але гэта, відавочна, не азначае, што мы не павінны паважаць такіх людзей», — адзначыў бельгійскі арцыбіскуп эмэрыт.
Перш, чым стаць біскупам, Андрэ Леанар працаваў у Лувэнскім універсітэце і быў адным з вядучых бельгійскіх філосафаў. У гэтай якасці ён таксама займаўся фармацыяй будучых святароў. На думку арцыбіскупа, у семінарыі маладых людзей прыцягне толькі яснае бачанне святарства, а таксама сталасць у веры, асветленай малітвай. Адносна будучых святароў таксама неабходна захаваць яснасць у справе цэлібату, які прымаецца для таго, каб цалкам належаць Богу. На думку іерарха, дыскусіі, якія сёння вядуцца на гэтую тэму, знеахвочваюць.