У верасні выйшла ў свет кніга «Выбранае» беларускага грэка-каталіцкага святара Льва Гарошкі.
Як паведамляецца на старонцы Беларускага інстытута навукі і мастацтва у сацыяльнай сетцы FB, супрацоўнікі гэтай установы Лявон Юрэвіч і Наталля Гардзіенка ўклалі том «Выбранае», у які ўвайшлі ўспаміны, працы аб рэлігійнай гісторыі Беларусі і разважанні пра беларускую эміграцыю айца Льва Гарошкі, а таксама тэксты пра аўтара.
Кніга выйшла ў межах серыі «Спадчына: агледзіны», заснаванай Беларускім інстытутам навукі і мастацтва.
Айцец Леў Гарошка — святар, інтэлектуал, грамадскі дзеяч і журналіст, шматгадовы кіраўнік Беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё.
Дзейнасць айца Гарошкі застаецца малавядомай у Беларусі, як і дзейнасць многіх іншых беларускіх святароў, якія працавалі на ніве духоўнага і нацыянальнага абуджэння народа. Аднак спадчына, пакінутая гэтым руплівым пастырам, заслугоўвае самай вялікай увагі.
На працягу жыцця айцец Леў Гарошка выдаў дзясяткі кніг па гісторыі, філасофіі, тэалогіі і мовазнаўстве, прапаведаваў, навучаў, спрыяў захаванню цікавасці да ўласных каранёў сярод беларусаў на Радзіме і за мяжой.
Святар прызнаваўся, што «намагаецца рабіць усё магчымае, каб забяспечыць рэлігійныя патрэбы беларускага народа». Яго прыклад працягвае натхняць мноства душпастыраў, а яго дзейнасць з’яўляецца важным этапам у гісторыі каталіцкай журналістыкі ў Беларусі.