З пачатку новага навучальнага года адбыліся змены ў функцыянаванні супольнасці беларусаў-католікаў у Познані (Польшча): цяпер тут будуць рэгулярна праводзіцца святыя Імшы на беларускай мове.
Гэта стане магчымым дзякуючы новаму душпастыру і новаму месцу правядзення набажэнстваў з больш зручным даездам.
У другой палове верасня Мітрапаліт Познаньскі арцыбіскуп Станіслаў Гандэцкі сваім дакрэтам прызначыў ксяндза Валерыя Даўгуля душпастырам познаньскай супольнасці беларусаў каталіцкага веравызнання.
У сувязі з гэтым у функцыянаванні супольнасці адбыліся значныя змены.
Па-першае, змяняецца расклад святых Імшаў на беларускай мове. Калі раней яны адбываліся прыкладна раз на месяц, то цяпер яны будуць цэлебравацца штонядзелю і ў абавязковыя ўрачыстасці ў 12.00.
Па-другое, змянілася таксама месца правядзення цэлебрацый. Ад кастрычніка познаньскія беларусы будуць збірацца на супольныя малітвы ў дольным касцёле ў парафіі Адведзінаў Найсвяцейшай Панны Марыі ў Познані (адрас: Bohaterów II wojny światowej, 88). Гэта значна бліжэй да цэнтра ў параўнанні са святыняй, дзе раней маліліся беларусы, што значна аблягчае даезд грамадскім транспартам.
Першая святая Імша па-беларуску ў новым месцы адбудзецца ў нядзелю 1 кастрычніка.
Ксёндз Валерый стаў трэцім афіцыйна прызначаным біскупскім дэкрэтам душпастырам беларусаў у Польшчы. Раней падобныя дэкрэты атрымалі святары ў Гданьску і Беластоку.
Супольнасць беларусаў-католікаў у Познані самая маладая. Першая Імша для іх адбылася ў снежані 2022 года. З таго моманту Імшы па-беларуску цэлебраваў ксёндз Адам Врубель MSF у парафіі Найсвяцейшай Панны Марыі з Ля-Салета.
Супольнасць беларусаў вельмі ўдзячная ксяндзу Адаму за ўвесь час і намаганні, якія ён прысвяціў развіццю душпастырства, а таксама за яго прысутнасць разам з імі. Беларусы будуць падтрымліваць з ім сувязь і запрашаць да сябе на сумесную малітву.