6 жніўня на тэрыторыі Парка Тэжу, што на ўскраіне сталіцы Партугаліі, адбылася святая Імша на заканчэнне Сусветных дзён моладзі ў Лісабоне.
Ва ўрачыстай цэлебрацыі ўдзельнічалі больш за паўтара мільёны чалавек з усяго свету, у тым ліку і моладзь з Беларусі.
Эўхарыстыю з удзелам Святога Айца Папы Францішка канцэлебраваў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі, які ў Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі з’яўляецца адказным за моладзь.
Арцыпастыр асабіста суправаджаў юнакоў і дзяўчат з нашай краіны на сусветным моладзевым форуме, актыўна беручы ўдзел у праграме СДМ.
Падчас Імшы да сабраных з гаміліяй звярнуўся Святы Айцец, які заклікаў моладзь ззяць святлом Хрыста, слухаць Пана і не баяцца.
Наступныя Сусветныя дні моладзі пройдуць у 2027 годзе ў сталіцы Паўднёвай Карэі Сеуле.
Папа Францішак заклікаў маладых людзей з усяго свету прыехаць таксама ў Рым у 2025 годзе, каб узяць удзел у Юбілеі моладзі.