Пошук

27.06.2023 13:28   Vatican News
Выява: unpasoaldia.com

Нябесных апекуноў Сусветных дзён моладзі, якія ўлетку пройдуць у сталіцы Партугаліі Лісабоне, будзе трынаццаць.

Як адзначае Беларуская рэдакцыя парталу Vatican News, усе яны сведкі таго, што жыццё з Хрыстом напаўняе і збаўляе моладзь ва ўсе часы.

У якасці нябесных апекуноў Сусветных дзён моладзі заўсёды абіраюць тых, хто мае дачыненне да гэтай падзеі або да рэлігійнай і духоўнай спадчыны прымаючай краіны.

Яны з’яўляюцца нібы «сцяганосцамі» СДМ у вачах маладых пілігрымаў з усяго свету.

Як паведамляе Avvenire, калі ў 2016 годзе ў Кракаве іх было два, на СДМ-2019 у Панаме — восем, то ў 2023 годзе ў Лісабоне нябесных апекуноў моладзі будзе трынаццаць, а разам з Найсвяцейшай Паннай Марыяй — чатырнаццаць. «Усе яны сведкі таго, што жыццё з Хрыстом напаўняе і збаўляе моладзь ва ўсе часы, — адзначыў Патрыярх Лісабонскі кардынал Мануэль Клемэнтэ. — Галоўнай заступніцай СДМ з’яўляецца Панна Марыя, якая вучыць моладзь паўсюды і заўсёды несці Езуса тым, хто яго чакае».

Яшчэ адзін галоўны заступнік — заснавальнік СДМ святы Ян Павел II. Акрамя таго, традыцыйным апекуном моладзевага сходу лічыцца святы Ян Боско, «айцец і настаўнік моладзі».

У спіс нябесных апекуноў СДМ-2023 уваходзяць таксама святы Вінцэнт, апекун партугальскай сталіцы, дыякан і мучанік VI стагоддзя, а таксама святыя, якія абвяшчалі Хрыста ў Лісабоне: святы Антоній Падуанскі, святы Барталамэў Фэрнандэш, дамініканін і мучанік, святы Жуан дэ Брыта, езуіт і місіянер у Індыі.

Нарэшце, нябеснымі заступнікамі моладзевага форуму будуць таксама благаслаўлёныя Жанна Партугальская, Жуан Фэрнандэш і Марыя Клара ад Дзіцяткі Езуса, а таксама П’ер-Джорджо Фрасаці, Марсэль Кало, К’яра Бадана і Карло Акуціс.

У штаб-кватэры аргкамітэта СДМ-2023 ёсць капліца, дзе валанцёры і супрацоўнікі сустракаюцца для сумеснай малітвы. Перад алтаром капліцы месцяцца рэліквіі амаль усіх нябесных заступнікаў.

Такім чынам, піша Avvenire, яны фактычна ўжо суправаджаюць дзясяткі тысяч маладых людзей з усяго свету, якія збіраюцца ў Партугалію.

Сусветныя дні моладзі з удзелам Папы Францішка пройдуць у Лісабоне з 1 па 6 жніўня. Іх тэма: «Сабраўшыся, Марыя ў тыя дні паспяшыла ў горную краіну» (Лк 1, 39).

Абноўлена 27.06.2023 14:12
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця