22 сакавіка ў Рыме прайшлі выбары новага кіраўніцтва Камісіі канферэнцый біскупаў Еўрапейскага Саюзу (COMECE).
Як паведаміла Беларуская рэдакцыя парталу Vatican News, новым Старшынёй быў абраны 70-гадовы біскуп Мар’яно Крачата, ардынарый італьянскай дыяцэзіі Лаціна-Тэрачына-Сэццэ-Прывэрна.
Акрамя Старшыні, дэлегаты епіскапатаў краін ЕС абралі таксама чатырох віцэ-старшынь. Імі сталі арцыбіскуп Дыжонскі Антуан Эруар (Францыя), біскуп дыяцэзіі Фуншала Нуну Браш да Сілва Марціньш (Партугалія), біскуп Вілкавішскі Рымантас Норвіла (Літва) і біскуп Капенгагенскі Чэслаў Казон (Данія).
Новы старшыня COMECE нарадзіўся ў 1953 годзе ў Італіі на Сіцыліі. Прэзбітэрскае пасвячэнне атрымаў у 1979 годзе. Займаўся душпастырствам, абараніў доктарскую дысертацыю па тэалогіі ў Папскім Грыгарыянскім універсітэце. У 2007 годзе стаў біскупам дыяцэзіі Нота на Сіцыліі. У 2008 годзе быў абраны сакратаром Канферэнцыі Біскупаў Італіі. У 2013 годзе Папа Францішак прызначыў яго біскупам італьянскай дыяцэзіі Лаціна-Тэрачына-Сэццэ-Прывэрна. З 2017 года іерарх быў дэлегатам італьянскага епіскапату ў COMECE, а з 2018 па 2023 год — віцэ-старшынёй гэтай арганізацыі.
Біскуп Мар’яно Крачата змяніў на пасадзе старшыні Камісіі канферэнцый біскупаў Еўрапейскага Саюзу арцыбіскупа Люксембуржскага кардынала Жана-Клода Ольрыша, які кіраваў гэтай наднацыянальнай структурай на працягу пяцігадовага тэрміну з 2018 года.
Камісія канферэнцый біскупаў Еўрапейскага Саюзу была заснавана 3 сакавіка 1980 года. Асноўнай задачай арганізацыі з’яўляецца спрыянне і вядзенне дыялогу паміж Каталіцкім Касцёлам і еўрапейскімі інстытутамі. У яе ўваходзяць іерархі, дэлегаваныя канферэнцыямі біскупаў 27-і дзяржаў-удзельніц ЕС. Пасля фармальнага выхаду Вялікабрытаніі з Еўрасаюзу, дэлегаты епіскапату Англіі і Уэльса і епіскапату Шатландыі ўдзельнічаюць у працы Камісіі ў якасці назіральнікаў.